- 22.09.2023 16:13
- Аўтар:
- Людміла Рублеўская
- Культура
«Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,
З гэткай ласкай глядзеў у яе сумныя вочы, —
Як і сонца не туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!…
Столькі песень над песнямі ёй я напеў,
Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных, —
Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў,
Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!
…Утварыў з яе шчасце з-пад шчасцяў сваё —
Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,
І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё….
А яна?.. А яна была толькі… дзяўчына!..»
Гэты горкі верш Янка Купала напісаў пра сваё палкае і нешчаслівае каханне — прыгажуню Паўліну Мядзёлку, першую выканаўцу ролі Паўлінкі. Так яна найперш і ўвайшла ў гісторыю — пакутлівай Музай вялікага нацыянальнага паэта.
Прайшло 130 гадоў ад таго дня, як у Будславе, у сям’і настройшчыка раяляў і арганаў, нарадзілася чароўная дзяўчынка Паўлінка. Давайце ўспомнім незвычайныя факты з яе біяграфіі, у чым дапаможа і яе «легальная» аўтабіяграфія, выдадзены ў 1974 годзе зборнік «Сцежкамі жыцця», і перавыдадзены поўны варыянт, і тыя запісы, якія яна не прызначала да друку.
Са словамі Мацея Бурачка
Першае публічнае выступленне Паўлінкі адбылося ў Глыбокім, дзе тады жыла сям’я. Дзяўчынка марыла вучыцца, і ёй дапамагла мясцовая жыхарка, панна Юлія — але вучыла на польскай мове і ў духу польскага патрыятызму.
А потым у рукі Паўлінцы трапіла газета «Наша доля» і «Дудка беларуская» Мацея Бурачка. Асабліва моцна запала ў душу прадмова да «Дудкі беларускай»: «Я сам калісь думаў, што мова наша — „мужыцкая“ мова і толькі таго… пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, або нямецкая, або іншая якая».
Напярэдадні 1907 года панна Юлія прапанавала Паўлінцы выступіць з дэкламацыяй вершаў на навагодняй ёлцы, прачытаць Адама Міцкевіча. А бацька Паўлінкі — агучыць верш Мацея Бурачка толькі нічога не гаварыць загадзя настаўніцы.
І вось пазбіраліся жыхары Глыбокага на навагоднюю ёлку, дзівяцца, як прыгожа ўсё ўбрана, як пекна выступаюць дзеткі. Надышла чарга Паўлінкі… І яна чытае верш Мацея Бурачка, ён жа Францішак Багушэвіч.
«У публіцы падняўся шум, гоман:
— Па-просту гаворыць! Слухайце, слухайце, па-просту, па-нашаму гаворыць!
— Цішэй вы там!
— Не пхніцеся! Дайце паслухаць!
Усе, хто стаяў на вуліцы, пачуўшы, што гавораць вершы на простай, тутэйшай мове, рынуліся ў залу і так стоўпіліся, што бліжэйшым прыйшлося стрымліваць напор.
Аднекуль з’явіўся стол, мяне паставілі на яго і сказалі: «Гавары зноў!»
У польскага панства, між тым, быў шок — яны сабраліся гуртам, шапталіся, потым параілі дзёрзкай дзяўчынцы больш ніколі не выбіраць творы для выступлення, не параіўшыся з паннай Юліяй.
А Купала выбраў Уладку….
«Я адчула, што ім не да спадобы прыйшліся вершы Мацея Бурачка. Але ўсё ж маё першае публічнае выступленне было на роднай мове».
Перабежкі з місай у руках
Увосень 1912 года Паўлінка паехала ў Пецярбург, на Вышэйшыя камерцыйныя курсы. Грошай было няшмат, і ёй параілі харчавацца ў студэнцкай сталоўцы, арганізаванай студэнцкай касай узаемадапамогі. Там было танна, і можна было падтрымліваць патрэбныя сувязі. Але Паўлінка не чакала, які ў той сталоўцы ў яе атрымаецца канфуз.
«У першыя дні я са сваёй міскай садзілася за стол, за якім бачыла сваіх сяброў з нелегальнага гуртка ў Вільні ці студэнтаў-беларусаў. Але аднаго разу, не пабачыўшы нікога з іх, я села на першае вольнае месца, якое трапілася на вока. Праз хвіліну падыходзіць да мяне нейкі хлопец і кажа:
— Чаму вы селі за гэты стол?
— Як гэта — чаму? — здзіўлена адказваю. — Вольнае месца, я і села.
— Вы, наколькі я заўважыў, — не належыце да нарадовай дэмакратыі?
— Не. А чаму вас гэта цікавіць? — падазрона пытаю.
— Бо я вас бачыў перш за сталом сацыялістаў, пасля сярод хрысціянскіх дэмакратаў, а цяпер за сталом эндэкаў. Ці вы так часта мяняеце свае погляды, ці наогул беспрынцыповы чалавек?
— Я мяняю не свае погляды, а стол, за якім ёсць вольнае месца, адказваю ўжо злосна».
На абурэнне Паўлінкі хлопец патлумачыў, што кожная палітычная групоўка студэнтаў мае тут свой стол і ніхто за чужы не сядае.
Прыйшлося Паўлінцы даядаць свой суп стоячы.
Нагадаю, што менавіта там, у Санкт-Пецярбургу, Паўлінка стала легендай, калі сыграла галоўную ролю ў прэм’еры п’есы Янкі Купалы «Паўлінка» на сцэне рабочага клуба «Пальма».
Прыўлашчаны верш
Паўліна Мядзёлка моцна перажывала, як выдаўцы пакрэслілі яе мемуары, хоць сама разумела: не ўсё магло прагучаць у савецкія часы. У Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва захоўваецца яе сшытак, на першай старонцы якога значыцца: «Беглыя нататкі для памяці (Факты, якія ніколі не могуць і не павінны быць апублікаваны)». «А памяць затухае… Калісь вострая памяць катастрафічна затухае. І не дзіва — праз 3 месяцы мне стукне 75 гадоў. Трэба спяшацца, каб хоць паасобныя ўрыўкі, што ўсплывуць на памяць, запісаць».
Зразумела, мы павінны ўлічваць, што аўтар патаемных запісаў думала і пра тое, як будзе выглядаць для нашчадкаў, таму не ўсё ў іх варта прымаць на веру.
2 мая 1970 г. Паўліна Мядзёлка занатоўвае чарговы ўспамін:
«Быў гэта быццам мілы сон…» Толькі што пачула гэтыя словы па радыё ў кампазіцыі з твораў Я. Купалы «Яна і ён». І ўспомнілася тое, пра што нікому сказаць, ні ў сваіх «Сцежках жыцця», напісаць не магу, не хачу. А вось сама сабе… Не магу ўстрымаць успамінаў.
…Вільня. 1914 год. Седзячы ўдваіх з Янкам за столікам цукерні «Зялёнага Штраля», дзе кожны вечар сустракаліся нашаніўцы, акторы, мастакі, Янка сказаў:
— Паўлінка, давай мы з табой пажэнімся, раздзялі ты са мною долю і нядолю.
Хоць гэта было вымаўлена зусім сур’ёзна, але я не паверыла ў гэту сур’ёзнасць, бо ні разу з яго боку не чула слоў кахання. Нават тады, калі ў Пецярбурзе ў 1913 г. палез да мяне цалавацца пасля няўдалай сцэны на рэпетыцыі «Паўлінкі» («Ты прыйшоў вучыць мяне, як цалавацца з Якімам? Пайшоў прэч! Без тваёй навукі абыдуся!», — так тады адказала яму).
А ў той вечар у Штраля —
— Яначка, я цябе люблю, як нашага паэта, як харошага сябра і не больш. А гэтага мала, каб быць тваёй жонкай».
Да таго ж патлумачыла, што яе сэрцам уладарыць іншы.
На наступны вечар Янка Купала прыйшоў у тую ж цукерню маўклівы, змрочны, прызнаўся, што ўсю ноч не спаў і напісаў верш, які і даў Паўлінцы прачытаць:
«Быў гэта толькі сумны сон
Душы расплаканай маёй,
Што сярод будніх цяжкіх дзён
Я свята меў, глядзеў ясней…
Быў гэта толькі сумны сон,
Што развяду я з ёй бяду…»
Паўліна піша, што пазней часта спявала гэтыя словы на матыў Глінкі «Не искушай меня без нужды». Вядома, яе самалюбства цешыла, што яе адмова гэтак узрушыла паэта і вылілася ў цудоўны верш. І да канца жыцця яе вярэдзіла, што Купала ўрэшце ажаніўся з яе сяброўкай, Уладзіславай Станкевіч, якую Паўліна відавочна лічыла куды менш прывабнай за сябе. У патаемных нататках вельмі шмат прысвечана абгрунтаванню думкі, што Купала Уладзіславу не кахаў, жыццё з ёю было нешчаслівым, увогуле з Паўлінкай яму было б куды шчасней. Часам яна нават сцвярджала ў гутарках, што таксама кахала Купалу. Але хацела «праверыць пачуцці».
«І якое ж было маё здзіўленне, калі Владка ўжо ў гады вайны ў Маскве паказала мне выразку з „Нашай нівы“ з гэтым вершам з надрукаваным прысвячэннем Уладзіславе Станкевічанцы».
Зразумела, Мядзёлку гэта закранула, тым болей давесці сваё права на верш народнага паэта, якога ўжо не было ў жывых, — як? Яе ўзрадвала, што ў поўным зборы твораў Янкі Купалы верш быў надрукаваны ўвогуле без прысвячэння. Яна нават удакладніла ў вучонага сакратара музея Янкі Купалы, і той патлумачыў, што прысвячэння не ставілі, бо ў рукапісе, які захаваўся ў архіве, яго няма. Мядзёлка зрабіла выснову, што прысвячэнне ў «Нашай ніве» з’явілася пасля таго, як Уладзіслава стала жонкай Купалы — натуральна, паэт хацеў зрабіць падарунак маладой жонцы.
«Калі так, дык якая ж сувязь гэтага верша з Владкай?» — крыўдуе Паўліна Мядзёлка. Але зрабіць, каб верш друкаваўся з прысвячэннем ёй самой, было не ў яе ўладзе.
Містычны покліч праз завіруху
Шмат давялося перажыць Паўлінцы… Прайшла і польскія турмы, і сталінскія… Заўсёды заставалася беларускай патрыёткай — паводле слоў Уладзіміра Калесніка, у Гародні польская клерыкальная газета назвала Мядзёлку Мяцёлкай, якая вымятае польскі дух і насаджвае беларускі. Апісваючы, як яны з мужам чакалі расстрэлу ў Мінску, акупаваным белапольскімі войскамі, яна перадае свае думкі: «Так, жыццё я складаю на алтары Бацькаўшчыны. Ах, вянкоў ніякіх не патрэбна! Жыццём і смерцю сваёй я хацела б збудзіць да чыну тых, якія дрэмлюць яшчэ, хацела б вочы іх звярнуць да сонца праўды, у душах іх распаліць агонь гарачага кахання да Бацькаўшчыны…» Вось калі яе арыштавалі ў 1930-м, ужо ў савецкай турме, рамантычны пафас знік. Пасля дзесяці дзён канвеернага допыту падпісала ўсё… Высылка ў Казань, дзе працавала, паводле некаторых крыніц, у Наркамасвеце. Потым нейкі час настаўнічала ў Маскве. Потым вярнулася на Беларусь, у родны Будслаў. Таксама настаўнічала.
Неадназначнымі выглядаюць і яе адносіны з сям’ёй Купалы — а яна была частай госцяй у іх доме па сваім прыездзе ў БССР. Колішні бялявы хлопец з несур’ёзнымі размовамі цяпер быў гонарам народа, жывым класікам, уганараваным усемагчымымі прывілеямі — але ж і знаходзіўся пад увесьчасным наглядам.
Уладзіслава Францаўна заўсёды ветла прымала сяброўку, а ў апошнія гады часта нагадвала, што яны амаль апошнія засталіся са свайго былога кола і трэба трымацца адна адной.
«25 лютага 1960 г. вечарам я за сваім сталом — чытала ўголас маме якуюсь кнігу. А ў галаве мільгала думка, што мне сёння трэба выехаць у Менск. Чаго? Каму я там патрэбна? Праганяю гэту думку і прадаўжаю чытаць. І зноў: як жа мне дабрацца да станцыі? На дварэ сільная вея, гурбы снегу… Ну, што за ліха! Нашто мне здаўся той Менск, чытаю далей. А што мне сядзець? Што з сабой узяць? І да таго гэтыя назойлівыя думкі надакучылі, што не змагла далей чытаць. Каля 10 гадзін вечара заходзіць суседка, у якой дома ёсць тэлефон.
— Паўліна Вікенцьеўна, званілі з пошты, прыйшла вам тэлеграма з Мінска.
— Як жа я пайду на пошту ў такую завіруху? А не перадалі тэксту тэлеграмы?
— Памерла Брані… Брані… вось забылася…
— Уладыслава Францаўна? — ускрычала я.
— Ага!
Дык вось чаму мне трэба зараз жа сабірацца ў Менск!»
Паўліна Мядзёлка паехала ў Мінск і прысутнічала на пахаванні Уладкі. Гэтак жа, як гадамі раней на пахаванні Янкі Купалы. Калі ён загінуў, яна якраз была ў Маскве. Менавіта нататкі Мядзёлкі аб тых падзеях у яе патаемных запісах сталі важнай крыніцай для многіх, хто спрабаваў разгадаць таямніцу гібелі паэта.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ