Штрыхі да партрэта старшыні Саюза мастакоў БССР Аляксандра Грубэ

«З пачуццём лютасці да ворага, які спаганіў нашу зямлю, зруйнаваў наша шчасце, я пакінуў горад, у якім прайшлі лепшыя гады жыцця. Я замкнуў сваю майстэрню і свята берагу ключ ад яе. Там засталіся апошнія мае працы і яшчэ не кранутыя разцом вялікія абрубкі дрэва — беларускага дуба і ліпы — каштоўны матэрыял для скульптуры. Я заканчваў тады скульптурную групу „Грабары“…»


Гэта радкі з артыкула «Беларусь будзе свабоднай», надрукаванага 13 студзеня 1942 года ў газеце «Літаратура і мастацтва». Аўтар артыкула — выконваючы абавязкі старшыні Саюза савецкіх мастакоў БССР скульптар Аляксандр Грубэ. Вось і пасведчанне яго пасады, якое захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва, — надрукаванае на папяровым бланку ЦК КП(б)Б за подпісам сакратара па прапагандзе Т. Гарбунова. А вось пасведчанне аб тым жа і звыклай нам формы: кардонная кніжачка, выдадзеная кіраўніцтвам спраў Саўнаркама БССР 1943 г., якая сведчыць, што прад’яўнік Грубэ Аляксандр Васільевіч з’яўляецца старшынёй Саюза савецкіх мастакоў Беларусі.

Сёлета Беларускі саюз мастакоў адзначае 85 гадоў. Добрая падстава ўспомніць пра чалавека, які ачоліў яго ў трагічныя ваенныя гады, з пачатку Вялікай Айчыннай і да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Краснапольскія геніі

У архіве захоўваецца напісаная Грубэ аўтабіяграфія, з якой даведваемся, што нарадзіўся ён у 1894 годзе, 19 жніўня, у сям’і агранома з Уфімскай губерні. «Великую Октябрьскую революцию встретил в окопах на фронте войны с Германией. По демобилизации из армии учительствовал на Могилевщине в м-ке Краснополье. За активную общественную работу 1918-1923 годов на конкурсе лучшего учителя Гомельщины был занесен на Красную доску… В те же года в порядке общественной работы были созданы для клуба и школы в м-ке Краснополье скульптурные портреты К. Маркса, В. И. Ленина и Пирогова».

У БДАМЛМ захоўваюцца і дакументы, якія адлюстроўваюць тую старонку ягонага жыцця. Пасведчанне ўпраўлення партыйна-савецкім друкам і дзяржаўнай друкарняй г. Гомеля «Полесская печать» ад 26 кастрычніка 1923 г. школьнаму работніку Краснапольскай школы Чэрыкаўскага павета А. В. Грубэ «в том, что он на конкурсе „Новая деревня“ занесен на красную доску», публікацыя з газеты «Новая деревня» «Лучшие учителя Гомеля» з прозвішчам Грубэ.

Краснаполле — вельмі важны перыяд для маладога чалавека, які марыў стаць скульптарам. Менавіта ў Краснаполлі ён пазнаёміўся з сям’ёй Шашалевічаў. Пачытаем пра гэта ва ўспамінах Сяргея Грахоўскага: «Уся сям’я Шашалевічаў была вельмі таленавітая. 3 1918 года браты Андрэй і Васіль, іх сёстры Аксіння і Настасся настаўнічалі ў Краснапольскай школе другой ступені. Васіль выкладаў літаратуру, Андрэй — гісторыю і французскую мову. Настасся Антонаўна была таленавітым мастаком, яе муж, потым народны мастак Беларусі, скульптар А. В. Грубэ пачынаў свой працоўны шлях у Краснаполлі. Шашалевічы стварылі першы ў раёне народны тэатр, у школе арганізавалі драматычны і літаратурны гурткі, выдавалі рукапісны часопіс „Пралеска“. Яны ставілі спектаклі па п’есах Астроўскага, Горкага, Чэхава, для школьнай самадзейнасці пісалі аднаактоўкі, там жа Васіль Антонавіч пачаў пісаць сваю славутую „Апраметную“… Разам з сёстрамі і мастаком Грубэ самі рабілі дэкарацыі, касцюмы і бутафорыю, стварылі хор і аркестр народных інструментаў, збіралі фальклор і ўключалі лепшыя ўзоры ў канцэрты. Чыталі лекцыі: „Навука і рэлігія“, „Атэізм у рускім жывапісе XІX стагоддзя“, „Паходжанне жыцця на Зямлі“, „Становішча на франтах грамадзянскай вайны“, наладжвалі дыспуты па самых надзённых пытаннях, дэкламавалі са сцэны вершы Блока, Беднага, Маякоўскага…».

З сям’ёй Шашалевічаў быў звязаны і Заір Азгур, які ажаніўся з траюраднай сястрой Андрэя, Васіля, Ксеніі і Настассі — Маргарытай Шашалевіч, актрысай БДТ-1. Вось што ўспамінаў Заір Азгур:

«Мне было шестнадцать, когда наш замечательный скульптор Александр Васильевич Грубе сказал мне, что и его жена Анастасия занимается ваянием. Анастасия Шашалевич — скульптор. Работы ее выставлялись, и я знал некоторые из них. Когда я увидел скульптурные портреты Василя и Андрея, выполненные Анастасией Шашалевич, стало ясно, что их автор — скульптор реалистического направления, обладающий навыком, и, возможно, не самоучка: чувствовалось в ее почерке известная школа, я сказал бы, та грамотность, которой нам, молодым художникам той поры, недоставало… В портретных работах А. Шашалевич угадывалась манера Трубецкого, что соответствовало тогдашним увлечениям. Вспомнив работы А. В. Грубе, я догадался, что он в значительной мере находится под влиянием (или под очарованием) Анастасии Шашалевич, хотя это был талантливо самобытный художник…»

«Не имея специального образования»

Вядомасць Грубэ прынёс помнік Леніну, зроблены ім у Краснаполлі з уласнаручна прывезенага з Масквы гіпсу. Скульптуру адправілі ў Мінск і паставілі на скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Энгельса, дзе цяпер уваход на станцыю метро «Купалаўская». Гэта быў першы помнік Леніну ў СССР, яшчэ прыжыццёвы. Але ў савецкіх энцыклапедыях пра Грубэ можна знайсці азначэнне «самоучка». Сапраўды, у Петраградзе ён паспеў скончыць толькі два курсы прыродазнаўчага аддзялення ўніверсітэта, калі яго арыштавалі за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях. Ёсць звесткі, што ў 1914-м паступіў у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, але ж павучыцца толкам не паспеў — арышт, потым фронт. Недарэмна Азгур адзначае, што работы ягонай жонкі выглядалі больш прафесійнымі, і яе манера ўплывала на яго. Ужо калі Грубэ зрабіў некалькі папулярных скульптур, з’яўляецца дакумент за подпісам старшыні Саюза савецкіх мастакоў БССР Гаўрыленкі ад 21 сакавіка 1934 г. — характарыстыка на скульптара Грубэ А. В.:

«Не имея специального художественного образования, тов. Грубэ, благодаря своей талантливости, сумел выдвинуться в ряды советских художников. Каждая новая работа тов. Грубэ свидетельствует о беспрерывном росте этого художника. В одной из своих последних, монументальных работ, в памятнике тов. Дзержинскому, тов. Грубэ сумел скупыми художественными средствами показать демократический образ вождя-большевика, с большой внутренней динамикой и выявил мастерское овладение техникой своего дела. Наряду с художественной практикой тов. Грубэ является активным общественником и организатором, Союз советских художников БССР поддерживает желание тов. Грубэ завершить свое мастерство скульптора-монументалиста на высших курсах повышения квалификации».

«Як дзяцел, дзяўбу гэтую махіну»

Каб уявіць творчую манеру Грубэ, варта ўспомніць скульптуру з дрэва, якую вы абавязкова запомнілі, калі наведвалі Нацыянальны мастацкі музей Беларусі: «Раб», нескароная магутная постаць, якая напінае свае аковы. Аўтар выразаў яе з камля таполі, спілаванай у мінскім Тэатральным скверы.

«Захапленне дрэвам мяне не пакідала ніколі. Я хадзіў на базар, любаваўся драўлянымі вырабамі сялян-саматужнікаў. Аднойчы ўбачыў вялізныя начоўкі, выразаныя з асіны. Дзядзька, які іх прадаваў, сказаў, што ў іхнім краі пастаянна трапляюцца асіны, прыдатныя нават для вырабу чоўнаў. Я папрасіў прывезці мне гэткі камель. Так з’явілася скульптура з асіны «Тачачнік». А ў Маскве для выстаўкі «Індустрыя сацыялізму» Грубэ выразаў скульптуру «Трактарыстка», купіўшы за 500 рублёў на мінскай сельгасвыстаўцы 500-гадовы дуб. «Цэлы год, як дзяцел, дзяўбу гэтую махіну. Першыя тыдні галава балела ад грукату і напружання», — успамінаў скульптар.

«Трактарыстку» ўхваліла сама Вера Мухіна, аўтар культавай скульптуры «Рабочы і калгасніца». Але нядобразычліўцы вінавацілі Грубэ ў фармалізме. Што за прапорцыі — шчыкалаткі ў «Трактарысткі» таўшчынёй з яе ж шыю!

Анастасія Шашалевіч, з якой у Грубэ атрымаўся такі цудоўны сямейна-творчы тандэм, рана памерла ад спадчынных сухотаў. Няшчасці накрылі ўсю сям’ю: падчас рэпрэсій былі арыштаваныя і Андрэй Шашалевіч, вядомы нам як пісьменнік Андрэй Мрый, і яго брат драматург Васіль Шашалевіч. Абодва загінулі. Дачка Андрэя Мрыя Аксана, якую ўсынавіла яе цётка Ксенія, успамінае: «я частенько видела слезы и на глазах мамы. Однажды я спросила, почему она плачет, и сама попыталась ответить: наверное, потому, что она вспоминает тетю Настеньку? И продолжаю: она умерла, наверно, потому, что ела спички? Вероятно, когда я вертела спички в руках и, может быть, брала их в рот, то мне было сказано, что на спичках яд и от него можно умереть».

У Анастасіі і Аляксандра Грубэ была дачка Нона. Яшчэ ўрывак з успамінаў дачкі Андрэя Мрыя Аксаны Рухінай:

«Однажды мама сказала, что мы пойдем навестить отдыхавшую в Сестрорецке семью Грубе (это муж ее покойной сестры Настеньки); мама хотела повидать Нонночку, их дочку, но вместо нее мы увидели ее мачеху Марину, которая в резиновых перчатках чистила картошку. Потом мы много раз бывали в Сестрорецке и до, и после войны».

Аксана Рухіна, займаючыся спадчынай бацькі, перапісвалася з ягоным сябрам Сяргеем Грахоўскім, які прайшоў сталінскія лагеры. У лісце ад 26 студзеня 1988 года сустракаем згадку пра Аляксандра Грубэ. Аксана Андрэеўна піша, што хоча «разыскать Нонну Грубе, которую мы в последние годы потеряли из виду. Ее отец Александр Васильевич Грубе говорил моей сестре Наташе, что и после ХХ съезда в белорусской критике роман „Записки С. С. (Самсона Самосуя — Л. Р.)“ считают вредным, а писателя чуть ли не основоположником белорусского буржуазного национализма. Сестра обратилась к критике и нашла нечто подобное. И, конечно, мы рады, что дожили до таких дней, когда честное имя отца восстановлено».

Экспрэсія скаванага, але не скоранага чалавека

У 1944-м Аляксандр Грубэ стаў Народным мастаком БССР. Падчас вайны ён шмат працуе дзеля Перамогі. Вось, напрыклад, пасведчанне ад 28 студзеня 1942 года, што ён камандзіруецца Камітэтам па справах мастацтваў пры СНК СССР у г. Маскву для выканання спецыяльнага задання па абслугоўванні часцей Чырвонай Арміі. 21 лютага 1942 года з ЦК КП(б)Б БССР пішуць у пашпартны аддзел Масквы, просячы дазволу на пражыванне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР тав. Грубэ на жылплошчы скульптара Мяркулава Сяргея Дзмітрыевіча. Вось камандзіровачнае прадпісанне за подпісам контр-адмірала Кулакова ад 24 лістапада 1944 года народнаму мастаку БССР А. Грубэ ў г. Севастопаль «для разработки плана установки памятников Отечественной войны». Вось загад ад 24 верасня 1943 года аб стварэнні камісіі для адбору твораў на Усесаюзную выставу «Гераічны фронт і тыл», секцыя па адборы скульптуры — Мяркулаў, Мухіна і Грубэ.

Артыкул «Беларусь будзе свабоднай» Грубэ завершыў так: «Я ведаю — Беларусь не скароная! Рукі беларуса звязаныя, я так і выявіў яго ў эскізе, які на днях закончыў.

Беларус п’е зараз поўны кубак гора. Але ён дыхае прагай помсты. Не скаваць ворагу дух нашага працалюбнага вольнага народу, які пратэстуе, які сваймі рукамі, асушваючы векавыя багны, будаваў свет — светлы, цудоўны! У эскізе я імкнуся паказаць экспрэсію скаванага, але не скоранага чалавека.

Я ведаю — недалёка той час, калі немцы будуць выгнаныя за межы Беларусі. Я адчыню сваю майстэрню, аблюбую, як раней, стары дуб, што вырас у пушчах Палесся, і ўбачу маю мару ўвасобленай».

Грубэ ніколі не вярнуўся ў сваю майстэрню. Яе проста не стала — пасля вайны скульптар на тым месцы знайшоў толькі пустыр. Зніклі з Мінску і амаль усе яго скульптуры. Гіпсавы бюст Максіма Багдановіча, які Грубэ зляпіў, уразіўшыся творчасцю паэта, аказаўся вывезены ў Германію — і слядоў не знайшлі. Перасяліўся з Беларусі і скульптар, жыў у Маскве. Памёр Аляксандр Грубэ ў 1980 годзе.

P. S.: Знайшла ў сеціве на расійскім сайте «Сергиевские ведомости» навіну ад 2 лістапада 2023 года: хтосьці набыў у сяле Абрамцава ў Сергіева-Пасадскай акрузе лецішча, якое раней належала Аляксандру Грубэ. У адной з гаспадарчых прыбудоў новыя гаспадары знайшлі мноства скульптур — і напісалі ў сацыяльных сетках, што выкідваць рука не паднімаецца, гатовыя аддаць за бутэльку каньяку.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.