Таямніцы біяграфіі Уладзіміра Уладамірскага

«У людзей майго пакалення сталеюць ужо ўнукі, маладыя людзі, для якіх дзіўна бывае, калі яны даведваюцца, што чагосьці некалі не было. Ды і не так ужо даўно. Напрыклад, у беларусаў не было сталага тэатра, не было ўніверсітэта, не было… Яны, нашы нашчадкі, шчаслівыя, бо ў іх ёсць, дзе праявіць свой талент і што развіваць далей. Майму ж пакаленню выпала шмат што рабіць упершыню».


Так пачынае свае ўспаміны «З бурлівых крыніц жыцця» легендарны артыст Уладзімір Уладамірскі. «Стары Улад» — паважліва называлі яго калегі, калі ён быў ужо народным, заснавальнікам цэлай творчай дынастыі.

Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня яго нараджэння. У Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва адкрылася выстава ўнікальных дакументаў, якая распавядае пра легендарнага артыста і пра яго сына і ўнука, таксама тэатральных зорак… Давайце зазірнём у фонды музея.

Над плывучым мостам

І пачнём з аўтабіяграфіі, якая на стэндзе выставы. Уражвае ўжо почырк, буйны, імклівы…

«Владомирский-Малейко Владимир Иосифович родился 6 октября ст.ст. 1893 года в гор. Ковно. Отец — Иосиф Фёдорович Малейко из крестьян, бывшей Минской губ, Новогрудского уезда, дер. Лысица». Вычеркнуто — «служил десятником плавающего моста на реке Неман в городе Ковно».

Сын селяніна з Навагрудчыны атрымаў добрую адукацыю: скончыў народную вучэльню, потым — Ковенскую мужчынскую гімназію. Можна пабачыць фотаздымак гімназіста Малейкі (яго сапраўднае прозвішча): тонкі інтэлігентны твар, годная выпраўка… Позірк, які праз гады назавуць «арліным». Пра ўласцівасці характару выкажацца ў сяброўскім шаржы артыст БДТ-1 Барыс Аляксеенка:

«Он с первых дней

счастливого рождения

Доставил маме много огорчения.

В забавах детских был неумолим.

Игрушкой лучшей —

было зеркало и грим».

Тэатр вабіў з дзяцінства. Але ў лёс умяшалася Першая сусветная вайна. У 1913-м Малейка паступіў вольнаабавязаным у 17-ы стралковы полк горада Сувалкі, такім чынам, з першых дзён вайны — фронт. У баях ва Усходняй Прусіі быў кантужаны, узяты ў палон і адпраўлены ў лагер ваеннапалонных у горад Стэндаль. Прабыў там ажно да 1919-га. Як ратаваў сябе ў палоне? Гэта ўдакладніць вось гэты ліст да артыста Уладамірскага: «Мы, бывшие военнопленные в Германии, члены драматического кружка в лагере гор. Стендаль провинции Саксонии, ныне проживающие в Москве, горячо поздравляем с шестидесятилетием твоего жизненного пути и тридцатипятилетием артистической деятельности на сцене Государственного драматического театра родной Белоруссии».

Так што і ў палоне Малейка працягваў жыць тэатрам. Тры разы спрабаваў збегчы, на трэці раз — паспяхова.

Джыгітоўка з кавалерыстамі

Далей чытаем аўтабіяграфію: «Возвратившись из плена, прибыл в Бобруйск, где в то время проживали мои родители — беженцы из г. Ковно… Поступил добровольцем в Конармию в отдельный запасной батальон… В 1920-м году при организации гарнизонного театра я был зачислен в состав труппы актером театра, который в 1921-м году был переформирован во 2-й Красноармейский показательный театр Политуправления реввоенсовета Западного фронта с базой в городе Бобруйске…».

Пра гэты перыяд распавядуць успаміны палкоўніка запасу Уладзіміра Глазырына «Артыст, выхаваны Чырвонай Арміяй»:

«1919 год. Фронт 16-й Красной армии… Деревни и местечки вдоль реки Березины. Здесь находился Второй показательный театр Красной армии, закрепивший свою базу в городе Бобруйске после занятия его Красной армией. Вспоминается актер этого славного театра — молодой, подвижный блондин, в серой студенческой куртке, с залихватски зачесанными волосами. Энергия и подвижность выделяли его из общей среды, кроме того, он был очень остроумен…

Однажды шел спектакль в расположении кавалеристов. Актер Владомирский, сыграв свою роль, был уже среди бойцов. Сбросив студенческий пиджак, он показывал бойцам-кавалеристам свое мастерство джигитовки, прибавляя к «ножницам» чисто акробатические номера. Бойцы смотрели и удивлялись: «Ишь ты, актер, а ездит не хуже нас».

Пабываў Уладамірскі тады і ў складзе перасоўных франтавых тэатраў:

«Из старых досок сбили эстраду на скорую руку, зажгли керосиновые лампы… Владомирский читал стихи «Павшим в боях с белопольскими оккупантами». Этот торжественный момент прервали звуки сигнальной трубы — труба объявила тревогу и повелительно звала в строй, к бою!.. Артисты на равных участвовали в боях с врагом в рядах бойцов пулеметного эскадрона».

Сцэна пачалася з… малпы

А потым новая эпоха ў жыцці Уладамірскага — ён увайшоў у трупу БДТ-1, будучага Купалаўскага тэатра. Прыехаў у Мінск, угаварыў рэжысёра Еўсцігнея Міровіча даць яму спробу ў спектаклі, уразіў…

Праўда, чытала і іншую версію. Працуючы ў гарнізонным тэатры, Малейка пазнаёміўся з будучай жонкай, Кацярынай Замешынай, актрысай, танцоўшчыцай, з дваранскай сям’і Азбукіных. Да рэвалюцыі яна выкладала ў адной з бабруйскіх жаночых гімназій. Яе першы муж Замешын знік падчас Грамадзянскай вайны. У 1921-м Уладзімір і Кацярына ўжо як сямейная пара ігралі ў Смольным тэатры ў Петраградзе. Але праз год, калі Кацярына зацяжарала, вярнуліся ў Бабруйск. У 1924-м пасля гастроляў Бабруйскага тэатра ў Мінску Кацярыну Васільеўну запрасілі ў трупу БДТ-1. Але яна паставіла ўмову — разам з ёй прымуць і яе мужа. Мужчынскіх вакансій не было, Уладамірскага, які выдатна валодаў пластыкай, узялі ў балетную трупу. Але ў спектаклі пра стралка Тыля ён так выдатна сыграў… малпу, што глядач ішоў адмыслова на яго. А праз год Міровіч спецыяльна для Уладамірскага падбіраў ролі.

Гэты тэатр стаў лёсам. «Па праўдзе, ні адзін дзень у нас не быў змарнаваны, мы тады не ведалі стомы і вучыліся, здаецца, усюды і ў кожнага. Маладыя — у старэйшых таварышаў, на ўроках па фехтаванні, «па голасе», чыталі пра тэатр усё, што было толькі ў бібліятэках Мінска; слухалі і глядзелі ўсіх гастралёраў. На кірмашах і ў касцёлах, на вакзале і ў сяброўскай гутарцы мы ўглядаліся ў «тыпы» і ў «твары», прыслухоўваліся да гаворкі дзядзькі са Слуцка і чыгуначніка з Серабранкі, рамізніка з Залатой горкі і харыста царкоўнага хору…»

Уладзімір Уладамірскі з бацькамі і сваякамі.

Уладзімір Уладамірскі з бацькамі і сваякамі.

Уладзімір Уладамірскі славіўся надзвычай пільнай працай над ролямі. Цэлы сшытак ён прысвяціў працы над роллю Леапольда Гушкі з п’есы Кузьмы Чорнага «Бацькаўшчына». «Зноў — да люстэрка. Думаю, думаю пра Леапольда, а сам прымяраю вусы розныя, бровы, з гумоза насы раблю. Сам не ведаю — чаму, але аднойчы, прамовіўшы ўголас рэпліку Гушкі: «Хоць у вір галавой кідайся! А чалавек хіба на тое родзіцца на свет, каб у вір галавой кідацца? Чалавек родзіцца, каб жыць…» — я сам адчуў, што ў яго павінны быць густыя бровы над самымі вачыма, у якіх гарыць вось гэтая думка («Каб жыць!»), і што нібы хавае ён свой позірк «пад брывямі».

«Разыскиваю свою семью из г. Минска…»

Прыйшло прызнанне. Уладзімір Уладамірскі ў 1938-м стаў народным артыстам БССР. Здавалася, усё спрыяльна. Але ў 1930-м арыштоўваюць брата Кацярыны Васільеўны, Мікалая Азбукіна, вядомага беларускага дзеяча і навукоўца. Арыштавалі і яе бацьку. Абодва з высылкі не вярнуліся. Магчыма, пасля гэтага Кацярына Васільеўна сышла з БДТ-1. Вядома, што ў 1936-м яна кіравала самадзейным лялечным тэатрам пры Палацы піянераў і школьнікаў у Мінску.

А потым пачалася вайна.

Беларускі дзяржаўны тэатр вайна застала на гастролях у Адэсе. Тагачасная дырэктарка Фані Алер дамаглася дазволу на ад’езд трупы ў Маскву, адтуль тэатр эвакуіравалі спачатку ў Новасібірск, затым — у Томск. Людзі былі апранутыя лёгка, па-летняму, не мелі з сабой рэчаў… Не кажучы пра тое, што давялося пакінуць дэкарацыі, касцюмы.

Але самае страшнае — разлука з сем’ямі. Уладамірскі нічога не ведаў пра лёс сваёй Каці і сына Барыса. У асабістым фондзе спявачкі Ларысы Александроўскай захоўваецца некалькі лістоў Уладамірскага, у тым ліку паштоўка, адпраўленая 23.07.1941 года ў Алма-Ату, у Камітэт садзейнічання бежанцам:

«Дорогие товарищи! Разыскиваю свою семью из г. Минска. Сын — Борис Владимирович Владомирский-Малейко, студент театрального уч-ща, и мою жену арт-ку Екатерину Васильевну Замешину-Малейко. Я здоров. Выезжаю коллективом 1-го Белгосдрамтеатра в гор. Новосибирск. Куда и прошу сообщить до востребования на имя народного артиста БССР-орденоносца Владимира Иосифовича Владомирского или родным».

Тое ж ён піша і Александроўскай:

«Здравствуйте, дорогая Лариса Помпеевна!

Узнав, что Вы в Алма-Ате, спешу сказать Вам пару слов о себе и нашем коллективе… Устроились в актерских общежитиях неплохо, но у меня горе — потерял семью. Прошу Вас, дорогая Лариса Помпеевна, если вы что-либо знаете или узнаете о моих близких и дорогих мне, напишите мне по адресу: гор. Томск, Гортеатр… Пишу запросы во многие пункты и пока безрезультатно. Тяжело одному.»

29 верасня ён зноў піша Александроўскай: «Дорогая Лариса Помпеевна! Сегодня я получил открытку от одной минчанки, проживающей в Чкаловской обл., которая пишет мне о том, что как будто Вы и моя жена Екатерина Васильевна Замешина, находитесь в г. Куйбышеве, и работаете на радиокомитете. Я очень удивлен этому извещению, т.к. знаю точно, что вы в Алма-Ате, а не в Куйбышеве. Меня интересует, Лариса Помпеевна, были ли вы сейчас, во время войны, в Куйбышеве? Я уверен, что вы мою жену помните и лично ее знаете и если бы Вы с ней действительно где-либо сейчас встретились, это я уверен, сообщили бы мне об этом. Не так ли?»

Трывогу ўзмацняе, што адзін знаёмы напісаў Уладамірскаму: «Уходя с своего края был у твоего дома и видел, как он пылал в огне».

Тады і з’яўляецца ў ягоным дзённіку, куды ён перапісваў улюбёныя вершы, «Ліст з палону» Аркадзя Куляшова.

Франтавыя брыгады

А пакуль артысты БДТ-1 выступаюць перад параненымі байцамі і ў вайсковых часцях. Ствараюцца дзве франтавыя брыгады пад кіраўніцтвам народных артыстаў Глебава і Уладамірскага. На заробленыя ад спектакляў грошы куплены баявы самалёт. У БДАМЛІМ захоўваецца загад ад 21 студзеня 1944 г.:

«На основании вызова секретаря ЦК КП(б)Б командировать для художественного обслуживания освобожденных районов БССР бригаду артистов… Художественным руководителем бригады назначить Народного артиста БССР Владомирского В.И.».

Жонка і сын Уладамірскага заставаліся на Беларусі і перажылі жахі акупацыі. Нарэшце родныя знайшлі адзін аднаго… Але вайна пераламала лёсы і характары. Вось ліст Кацярыны Замешынай, напісаны яшчэ да таго, як яны з мужам сустрэліся ўпершыню за тры гады. Кацярына дзякуе за дасланыя падарункі, ласкава звяртаецца да мужа, клапоціцца аб ім, але — тры гады страшных выпрабаванняў… Гордая жанчына баіцца — ці засталіся ў мужа пачуцці, ці не расчаруецца ён, яе пабачыўшы? Тым больш яна на пяць гадоў старэйшая…

«Дорогой Володенька!… Всю войну пользовалась твоими часами «Павел Бурэ», и только недавно окончательно лопнула пружина. Они были потеряны, когда Боря рыл яму около кладбища, где мы сидели четыре дня под бомбами. Нашла их соседка по яме, без стрелок, залепленные повидлом с песком. Тогда ничего не было жалко, — ни минуты не горевали ни об вещах, ни о квартире — одно было в мыслях не погибнуть… Все жались к Бореньке, и мы с Ниночкой и Галя. Так и теперь при налетах мы держимся вместе. Последние недели почти месяц мы хоть и ждем еще и всегда наготове, но уже неделю не уходим из дому вечером до рассвета, как раньше. Все это так трепало нервы и сушило нас, что меня не узнать. Вообще, Володенька, я стала старой совсем и часто думаю, что нам с тобой не стоит опять начинать жизнь совместную — я устала от жизни, труда и вечного напряжения нервов, и вряд ли смогу я быть такой, как до войны».

Кранальная дэталь таго часу: «Теперь, Володенька, задание: не пренебрегай жирами. Чем везти деньги, привези жиров. Без них трудно».

Гэта мы адрозніваем каўбасу, сала, вяндліну, масла, тушонку… Для людзей тае галоднае пары было адно найменне — «жиры». Тлушч.

Вядома, Кацярына і Уладзімір сустрэліся і пражылі разам яшчэ доўгае жыццё, у якім хапала ўсялякага. У 1950-м быў арыштаваны сын Барыс, які таксама іграў у Купалаўскім тэатры. Арыштаваны за антысавецкую агітацыю — відаць, быў данос… Зняволенне доўжылася тры гады, потым Барыса Уладамірскага рэабілітавалі… Дынастыю падоўжыў унук Аляксандр Уладамірскі, які рана памёр.

Уладзімір Уладамірскі сышоў з жыцця ў 1971-м, праз год пасля смерці сваёй Каці. Ён пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках, пад адным надмагіллем з жонкай.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.