- 08.03.2024 09:38
- Аўтар:
- Людміла Рублеўская
- Культура
«Мы ў дні вайны
Бывалі ўсюды разам.
Артыст ў баю суправаджаў байца
Да Брэста і да сініх гор Каўказа
І дальш — да пераможнага канца!
І не састараць ні гады, ні раны
Сяброўства, гартаванае ў баю.
Прывет вам, баявыя ветэраны,
І тым, што ў воінскім цяпер страю!»
Уверсе гэтага аркушыка, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, значыцца: «Тэкст Л. П. Александроўскай».
Легендарная спявачка відавочна складала тэкст для песні.
Што ж, тэма вайны была для яе балючай — актрыса цудам выбралася пад бамбёжкамі з Мінска, з сынам, які некалькі дзён таму перанёс аперацыю пасля апендыцыту… Была ў франтавой брыгадзе…
А адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыехала ў Мінск, каб прадставіць напісаную ў эвакуацыі оперу пра беларускіх партызан…
У гэтым годзе мы адзначаем юбілей Ларысы Александроўскай — 120 гадоў… Хоць з датай блытаніна, як яна сама пазначыла ў сваіх успамінах — «День своего рождения, год, число, месяц — назову в конце, в самом конце. Когда уже будет все равно».
А гэта да таго, што два гады жыцця Ларысы Пампееўны ў дакументах «згубіліся», нібыта калі выпісвала сабе новыя ў эвакуацыі і «падмаладзілася».
Даследаванняў пра «беларускага салаўя», Ларысу Пампееўну Александроўскую, вельмі і вельмі шмат. Яе пляменніца Арыядна Ладыгіна выдала пра яе цэлую кнігу. Таму давайце проста пагартаем некаторыя дакументы з фонду Ларысы Александроўскай, што захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, і паспрабуем знайсці нейкія новыя штрыхі да партрэта вядомай спявачкі.
Заір Азгур зрабіў яе партрэт у мармуры. «Натура актрисы подвижная, динамичная, неуемная. А материалом я выбрал мрамор… Думаю, что не ошибся. Ведь кристаллы мрамора иногда — как зерна — таят в себе силы жизни. Если стучать кияжкой по мрамору, то это все равно что прибегать к камертону: сразу обнаружишь фальшь, а она засвидетельствует трещину в камне. Александровская не фальшивила в искусстве».
Для Заіра Азгура Ларыса Пампееўна была ўвасабленнем ідэалу жаночай прыгажосці. Я сама ў юнацтве ад яго гэта чула, калі давялося патрапіць у ягоную майстэрню — на скульптурным партрэце Александроўскай ён тлумачыў, якія прапорцыі мусяць быць у ідэальнага жаночага цела.
Барабаншчыца тэрытарыяльнага палка
Перабіраю ўліковыя карткі і анкеты Ларысы Пампееўны. Вось ва ўліковай картцы, заведзенай на яе, як на старшыню прэзідыума Беларускага тэатральнага таварыства, у 1946 годзе, яна пазначае веданне замежных моў — французская, нямецкая, украінская, вось у асабістым лістку дэпутата Вярхоўнага Савета БССР пазначае ў графе аб адукацыі — сярэднія школы ў Мінску, Ленінградзе, Архангельску… За ўдакладненнямі звернемся да ўспамінаў Ларысы Александроўскай — рукапіс іх захоўваецца таксама ў БДАМЛІМ. Школьны сшытак у лінейку, напісана ў Кіславодску, дата — 6 ліпеня 1947 года. «Детство: веселая, шумная, поющая, танцующая, играющая, спорящая молодежь — сверстники и сверстницы моих старших сестер и братьев и, вместе с ними, мама, не уступающая ни в песнях, ни в играх, ни в спорах. Балалайка, гитара, мандолина, — много позже — граммофон… Жили почти на окраине города, деревянный домик в три комнаты с кухней, поэтому летом совершались прогулки на линию железной дороги встречать вечерний поезд. Пикники. Иногда поездка на месяц-два в Архангельск к отцу». Як бачыце, апісаны побыт інтэлігентнай мінскай дарэвалюцыйнай сям’і, і вучыліся дзеці з такой сям’і не ў сярэдніх школах, а ў гімназіях, дзе і засвойвалі добрае веданне некалькіх замежных моў. Бацька Ларысы працаваў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункай. Ларыса, пятае дзіця ў сям’і, вучылася ў Мінскай гімназіі, а калі пачалася Першая сусветная вайна і сям’я пераехала ў Пецярбург, давучвалася ў гімназіі тамтэйшай.
Першае, з чаго яна пачынае аўтабіяграфію — з палёту. На дзявяты дзень жыцця Ларыса ўпала з ложка на падлогу. Маці перапалохалася страшэнна… А дзяўчынка нават не заплакала: «Только поднятая девочка кулачками тёрла свой носик, форма которого так и осталась своеобразно-кокетливо искривленной на всю жизнь. Никто не представлял, что на этот нос не раз будет досадовать Народная артистка СССР, гримируясь в своей уборной перед спектаклем».
Яшчэ цікавы штрых: калі юная Ларыса кудысьці адпраўлялася, «личный багаж составляли: гитара и кошка, с которыми я не разлучалась».
Давялося Ларысе, калі насталі суровыя паслярэвалюцыйныя гады, спяваць у царкве — у рукапісе Ларыса Пампееўна старанна пазначае ў дужках, што пайшла ў царкоўны хор, бо нічога болей не ўмела. Галасістую спявачку там запрыкмецілі і запрасілі ў тэатр, які потым стаў трупай Галоўлітасветы пры ваенкамаце Заходняга фронту. «Работала на „марках“ и получала пайки при воинских частях, где числились музыкантами, барабанщиками и т. д. Я была зачислена в территориальный полк барабанщиком, выступала как певица в их клубе на концертах и за это получала паёк. Годы были голодные — ничего купить было нельзя, хлеба не хватало, жиров не было, в пайке — подсолнечное масло и мороженая картошка, селедка, вобла — вот я еще и поступила на Подготовительные курсы комсостава переписчицей. Днём в канцелярии, в обед прибежишь домой, чего-то себе сошьешь, туфли подобъешь (на веревочной подошве) и в театр — на спектакль, на концерты».
Там пачаўся творчы шлях легендарнай спявачкі…
«Это всё апофеоз»
Энергіі ў яе сапраўды нямерана… Пра што сведчаць нататнікі і штодзённікі, якія захоўваюцца ў БДАМЛІМ. У іх — чарнавікі дакладаў, якія ёй даводзілася часам прыдумляць проста на хаду. Тэзісы таго, што гаварылі іншыя на ўсялякіх з’ездах, пасяджэннях, канферэнцыях, мастацкіх радах. Уласныя заўвагі і ацэнкі. Напрыклад, Ларыса Пампееўна занатоўвае на нейкай канферэнцыі: «По сути имена театров Я. Купалы и Я. Коласа, а где их произведения? „Паўлінка“?» Відавочна, гэта заўвага, што ў тэатрах, якія носяць імёны беларускіх класікаў, не хапае пастановак па іх творах.
«Театр(альные) программки — визитные карточки: более содержательные, культурные, определяющие смысл спектакля — лицо театра».
«Как можно мириться с тем, что не поймешь — на каком языке актер говорит…»
Нечаканым сталася сустрэць на палях нататнікаў малюнкі. Як многія з нас, Ларыса Пампееўна падчас доўгіх пасяджэнняў нешта крамзоліла. Часцей за ўсё сустракаюцца партрэты — прычым відавочна, што некаторыя намаляваныя з натуры. Ведаць бы яшчэ, хто менавіта намаляваны? Адзін партрэт, напрыклад, самавітай жанчыны ў профіль, нагадвае Уладзіславу Францаўну Луцэвіч, Купаліху… Але гэта толькі домыслы. Ёсць таксама замалёўкі сцэнічных касцюмаў — па стылі яны нагадваюць тыя, у якіх мы звыклі бачыць спявачку, напэўна, для сваіх жа вобразаў і прыдумляла.
А вось чарнавік ліста да спявачкі Соф’і Друкер: «Сучасны стан майго здароўя, на жаль, не дазваляе мне асабіста прысутнічаць і прыняць удзел у Вашым юбілейным свяце, каб павіншаваць Вас, Соф’я Юр’еўна, Вас, што валодае найлепшым у рэспубліцы голасам сапраўднага драматычнага сапрана з поўным оперным дыяпазонам, багатага па красаце, чароўнага па тэмбру. Жадаю добрага здароўя, бадзёрасці, творчых радасцей і асабістага шчасця».
На аркушы з заканчэннем віншавальнага ліста — жаночы партрэт алоўкам: вялізныя вочы, характарны нос, шмат эмоцый… Знаходзім фотаздымкі Соф’і Друкер, параўноўваем… Так, падобна! Вочы, форма носа… Так што заслугоўвае ўвагі гіпотэза, што перад намі — выкананы Ларысай Александроўскай партрэт Соф’і Друкер!
А вось цікавая замалёўка, якая датычыцца канцэрта пад назвай «Мы — беларусы», які, магчыма, адбыўся ў Маскве. У правым верхнім куце жаночы твар у вяночку, аркуш запаўняюць шматлікія рысачкі-хвалі: ці гэта галовы публікі ў зале, убачаныя з ложы, ці так перадаецца творчы імпэт дзеяння? Угадваецца маленькая постаць жанчыны з крыламі і надпіс: «Это всё апофеоз».
А вось запісы, якія сведчаць пра клопат Александроўскай, дырэктара тэатра оперы і балета і старшыні Беларускага тэатральнага таварыства, пра сваіх артыстаў. Нататкі, якія датычацца вылучэння жылплошчы: «13 м — сыновья на кухне, мать. За стенкой — освободилась квартира Рощиной… Мать-пенсионерка, живут с 3-мя детьми».
А вось «Дзелавы каляндар» 1969 года. Тут і накіды чарговага даклада пра тэатр, і рэцэпты на лекі — спявачка ўжо ва ўзросце, здароўе здае. І ледзь не штодня — нейкія мерапрыемствы, на якіх трэба прысутнічаць. Красавік, 21-га, а 17.00 — «ЦДРИ. Встреча кавалеров ордена Ленина». 23-га — «Выехалі на ІІІ з’езд эстонскага тэатральнага мастацтва». А назаўтра пазнака: 11.40 — «Оперный Михеева худсовет». 29-га красавіка — «адкрыццё музея ў тэатры оперы і балета». Запісы пра канцэрт у Ленінградзе: «Самолет Ту-124 в 10.30. 16 часов. Дом ветеранов сцены. Концерт — хорошо как всегда — трогательно, приятно, трепетно (выступала я)». Гартаем далей… Старонка за суботу 17 мая: «На кладбище — цветы Григонасу, Глебову, Крыловичу, Платонову, Мировичу, маме, Васе, Лиде, Ф. В., Кларе». Наступны дзень — «В Доме искусств вечер памяти Г. П. Глебова. Фестиваль музыки Монюшко — 150-летие со дня рождения. Закрытие — во Дворце спорта. Выступила».
Ларыса Александроўская была адной з нешматлікіх абраных, хто прадстаўляў мастацтва Савецкага Саюза за мяжой, удзельнічаў у рабоце міжнародных арганізацый. Яшчэ ў 1920-х Александроўская з калегамі ездзіла на Міжнародную музычную выставу ў Германію і Швецыю, у 1945-м была дэлегаткай 1-га Нацыянальнага кангрэса французскіх жанчын, стала сябрам Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын… Пра міжнародныя стасункі сведчаць і нататнікі, дзе Александроўская накідвае тэзісы сваіх выступленняў: «От народов Советского Союза — народу Австрии в нашем общем деле, борьбе за мир — дружеский братский привет! Мы рады, что приехали в Вену…» «Мир может быть спасён, мир должен быть спасён». «Зал Моцарта — встреча женщин-делегаток с женщинами Австрии — подарки».
«Ніякае гэта не прыкрашальніцтва!»
Так, характар у яе быў моцны… Заір Азгур успамінае, як у 1939 годзе, калі рыхтаваліся да Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве, параіў спявачцы выступаць у цёмнай канцэртнай сукенцы з аксаміту — бо этнаграфічна-музейны ўбор перашкаджаў скульптару засяродзіцца на спевах. «Я тады быў перакананы, што песня не мае патрэбы ў арнаменталістыцы, ва ўпрыгожванні і ілюстрацыі». Александроўская, ні на імгненне не засумняваўшыся, адказала даволі рэзка:
«—Я павязу ў Маскву вялікую канцэртную праграму. Я хачу паказаць песню такой, якой яна жыве ў народзе. У яе ёсць свой убор. Не прыдуманы, не прадыктаваны модай, шаноўны Заір, а самой прыродай, самой гісторыяй усталяваны. Так, з вышыўкамі! З арнаментам.
З узорам. Ніякае гэта не прыкрашальніцтва! Мой убор — гэта працяг песні… Разумееце! Іначай цяжка растлумачыць, але гэта менавіта так: працяг песні… „Палыночак“ без гэтага рукава — іншы, у яго няма тады, калі хочаце ведаць, першароднасці…»
Азгур лічыць паказчыкам свабодалюбства і моцы характару Александроўскай, што яна са сваім сапрана дамаглася права выконваць партыю Кармэн, якую звычайна аддаюць меца-сапрана. Тады ўвесь тэатральны свет падзяліўся на прыхільнікаў і зайздроснікаў спявачкі…
Шмат хто з беларускай творчай інтэлігенцыі быў зачараваны асобай і талентам Ларысы Пампееўны. У яе архіве — шмат лістоў ад вядомых асоб. Напрыклад, ліст 1941 года ад Якуба Коласа, адпраўлены ў эвакуацыі. Колас знаходзіўся ў Ташкенце, Александроўская — у Алма-Аце.
«Милая Лариса Помпеевна! Очень обрадовали Вы меня весточкой о себе. Рад за вас, что Вы не без дела, что можете работать. К сожалению, о себе этого сказать не могу. Сейчас я занимаюсь делом, очень далеким от искусства. Впрочем, быть может, это и не совсем верно, так как и кулинария тоже требует и мастерства и таланта… Нет, я не шучу. Жена заболела воспалением легких, лежала в больнице, а затем ее преждевременно выписали, она снова заболела, а мне пришлось заменить ее. Живу в маленькой комнате на окраине, но на днях переезжаю ближе к центру. Заработки мои очень скромны, кое-что пишу, в местной прессе помещаю. Персональной пенсии, депутатского жалованья и проч. не получаю. Здесь из числа моих коллег одна лишь Эди Огнецвет. Письма идут долго, и мало кто отвечает на них, как, например, Янка.» (Напэўна, маецца на ўвазе Янка Купала).
Па гэтым лісце адчуваецца, як раскіданыя па краіне навалай вайны беларусы цягнуліся адзін да аднаго, спрабавалі нешта даведацца пра сваіх… І яшчэ адзін цікавы артэфакт, які сведчыць пра эпоху: тэлеграма-віншаванне з новым 1942 годам. Адпраўленая зноў з Ташкента ў Алма-Ату, Якубам Коласам — Александроўскай. Тэкст звычайны: «Поздравляю с новым годом, желаю здоровья». Незвычайная сама тэлеграма: стужкі з тэкстам наклееныя на старонкі жывёлагадоўчай справаздачы, дзе расказваецца пра ўтрыманне кароў. Папера была дэфіцытам… Пра што сведчыць і тое, што аркушык з тэлеграмай выкарыстоўвалі для нейкіх разлікаў: у правым ніжнім куце алоўкам напісаныя лічбы, магчыма, лічыліся грошы.
Азгур успамінае незабыўны вечар: калі ў час вайны беларуская інтэлігенцыя сабралася ў Маскве, у нумары гасцініцы «Якар», Александроўская ўвесь вечар спявала для сваіх гасцей тое, што выконвала для байцоў на фронце. Напрыклад, песню на верш Васіля Віткі з цыкла «Горкі вырай», на верш Анатоля Астрэйкі «На скрыжаванні». Расчульваліся, плакалі…
Гераічная «Алеся»
Асобная адзінка захавання ў фондзе прысвечана рукапісам Александроўскай з нагоды юбілеяў оперы «Дзяўчына з Палесся». Рукапісаў некалькі — да 10-годдзя, да 20-годдзя, напісаныя для розных выданняў… Опера незвычайная, бо нарадзілася ў часы вайны. Давайце ўчытаемся ў адзін з рукапісаў… Радкі алоўкам у школьным сшытку ў лінейку…
«Коллектив нашего театра нашел братский приют и дружбу советских людей, находясь далеко от своих родных мест, своих близких, своей работы. Вся наша жизнь была посвящена общему делу разгрома врага. В тесной дружбе с писателями, поэтами, композиторами создавались новые песни на тему дня. Бригады артистов исполняли их на передовых, в госпиталях, на заводах, фабриках. Родилась мысль — создать оперу о героических буднях простых советских людей, их самоотверженной борьбе в тылу врага. Партизанское движение росло — газеты приносили факты славных подвигов верных дочерей и сыновей белорусского народа. В горячих творческих спорах родилось либретто оперы, музыку к ней взялся писать народный артист БССР Тикоцкий. Помню день, когда враг ожесточенно бомбил г. Горький, где работал в то время наш коллектив. В течение 20 дней регулярно мы уходили в бомбоубежище. И вот там, в углу, глубоко под землей, при тусклом свете, примостившись на скамейке с кипой нотной бумаги — Тикоцкий в то время, как наверху рвались фашистские бомбы — писал музыку о победе советских людей, о разгроме фашистов, героике партизан и партизанок Белоруссии. Это был 1942 год».
Калі ў ліпені 1944 года быў вызвалены Мінск, тэатр вярнуўся на радзіму. Александроўская ўспамінае: «Здание театра было разбито, город был сожжен, не было жилья, не было воды, не было света, не было дров… Театральный коллектив дружно включился в работу по восстановлению города, театра.
И вот через два с половиной месяца на сцене Дома Красной армии — изголодавшийся, истосковавшийся белорусский зритель услышал вновь своих певцов, танцоров, музыкантов: была показана опера Е. К. Тикоцкого „Дзяўчына з Палесся“… Трудно передать восторженный прием, искреннее чувство наших слушателей, переполнивших зрительный зал».
Урывак з другога рукапісу: «Не вся Белоруссия еще была свободна, еще рядом шли бои, а в столице — Минске уже шла опера о победе советского народа».
Опера гэтая нам больш вядомая пад назвай «Алеся». «Дзяўчынай з Палесся» яна стала на пачатку 1950-х, калі ў мастацтве паўсюль вышуквалі ідэалагічныя хібы, і нават опера Цікоцкага была названая антынароднай. Гэта не перашкодзіла «Алесі» — «Дзяўчыне з Палесся» працягнуць творчую біяграфію. Дарэчы, аўтар лібрэта — Пятрусь Броўка. Опера шмат разоў дапрацоўвалася, было пяць рэдакцый.
Першай выканаўцай ролі Алесі была Ларыса Александроўская.
«Так, яна заслужана была любімая народам, — сцвярджае Заір Азгур. — І мы, мастакі, увекавечваючы яе аблічча ў мармуры ці бронзе, на жывапісным палатне ці ў графічным выяўленні, павінны памятаць, што праз гэтае аблічча выяўляем і нашу Беларусь».
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ