Стары вой. Верш.

СТАРЫ ВОЙ

Лёс для таго, хто вярнуўся з прайгранай вайны –
Толькі забыцца, як сталі з муроў – валуны.

Воя старога баяцца, бы смерць за плячмі
Носіць, як горб… Цені смерці ў яго пад вачмі.
Кажуць, ён доўга занадта па костках хадзіў,
Піў з чарапоў, і на споведзі неяк схлусіў,
Воя старога не любяць пускаць у дамы.
Ён не ўсміхаецца, вечна маўчыць, як нямы.
Колькі ні просяць расповедаў з дзён баявых –
Вечна ў адказ толькі сумны, як могілкі, ўздых.
Гэткі сусед нам дастаўся… Маёнтак ачах.
Лётаюць чорныя цмокі туды па начах.
Белыя вершнікі носяць туды туманы.
Кажуць суседзі: няхай не прыйшоў бы з вайны.
А па начах над стамлёным схіляецца Бог:
“Ты перамог… Ты вярнуўся, і ты перамог”.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.