Людміла Рублеўская
АЛІГ’ЕРЫ Ў ЛУЖЫНЕ
Адно пафаснае падарожжа
Пабачыць Венецыю і памерці…
Не тое, каб я была настроеная настолькі радыкальна.
Хаця адна мая сяброўка і сцвярджае мройна – ах, якая была б рамантычная смерць! – але смерць прыгожай не бывае. Дый Іван Бунін, чый аповед нарадзіў рамантычны вобраз “смерці ў Венецыі”, апісаў даволі прыкрае здарэнне і даволі гідкага героя…
У нас, кніжных, свая пыха – мы, маўляў, і так усё ўявім. Вунь адлюстроўваў Пушкін італійскія ды гішпанскія ночы, хаця вальнадумны мулат быў невыязным з імперыі, і нам даволі ўяўнага. Але…