Выйшаў №7 часопіса “Полымя”, дзе надрукаваная першая частка новых прыгод Пранціша Вырвіча і Баўтрамея Лёдніка.
Урывак з новага раману Людмілы Рублеўскай “Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара”
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. АШМЯНСКІЯ НЯВЕСТА, АПТЭКАР І КАТ
У “Кнізе пра звяроў ды пачвараў”, напісанай сярэднявечным мніхам, згадваецца пра племя з вострава ў Чырвоным моры, што гаворыць на ўсіх мовах свету. Калі трапляе на востраў госць, тубыльцы пачынаюць пералічваць яму ўсю ягоную радню да дванаццатага калена. А як глузды ў небаракі пад цяжарам генеалогіі паедуць, тут яго на кавалачкі раздзяруць і сырым з’ядуць. Без солі. Затое з радаводам.
Шляхта, што з’ехалася ў Ашмяны, гатовая была адзін аднаго, не падсмажваючы, з’есці, бо радаводамі мерыліся ўсе. Хто паперадзе каго мусіць на імшы стаяць, у дзверы прайсці, да княжацкіх мосцяў бліжэй пасунуцца…
Людцы ля францысканскага касцёлу Найсвяцейшай Дзевы Марыі, на які яшчэ Аляксандр Ягелончык фундуш запісваў, выцягвалі шыі то ў адзін бок, то ў другі, не раўнуючы гусіны статак у чаканні кармёжкі.
–Едуць, едуць!
Твары павярнуліся ў адзін бок. Зашаргаталі аксамітныя дылеі з сабаліным футрам і простыя сукманы, ускалыхнуліся фальбоны і пёры на шапках, затупалі ўсхвалявана па бруку чырвоныя боты з бліскучымі падкоўкамі і стаптаныя кабці… Задудзеў, забразгаў прывітальна аркестр, быццам лісліва загаўкалі, падвываючы, мядзяныя сабачкі…
–Не прыехаў вялікі гетман… Прадстаўніка прыслаў… Вунь, у кармазінавым жупане… І пасла, пасла няма…
Шэпат быў расчараваны. Чым болей нобіляў – тым болей выкаціцца бочак віна дзеля свята.
–Жаніха і нявесту вязуць! Віват!