Людміла Рублеўская Янук, рыцар Мятлушкі П’еса-казка ў 3-х дзеях
Дзейныя асобы
Мятлушка.
Янук Шукайла-Залескі.
Князёўна Даратэя.
Кадук.
Лесавічок.
Жытнічак.
Начніцы.
Страхі.
Дзея першая
Ясная летняя ноч. На галінах дрэў гушкаюцца Мятлушка — танклявая дзяўчына ў лёгкай шэрай сукенцы, з пушыстымі попельнымі валасамі і празрыстымі крыламі за спіной, і яе сябры — Лесавічок і Жытнічак.
Мятлушка. Як хораша сёння ў лесе! Як ласкава свеціць Маці-Поўня!
Лесавічок. А на ялінах ужо выраслі зялёныя свечкі-пупышкі, духмяныя-духмяныя!
Жытнічак. І жыта ўжо зарунела… Калі яно вырасце вышэй за мяне, пойдзем зноў гуляць у хованкі!
Мятлушка (мройна). Як мне хочацца, каб здарылася нешта незвычайнае! Можа, збегаем да русалак, паслухаем іх песні?
Лесавічок. Не, лепей падыдзем да Чорнага балота, паглядзім, як з дрыгвы ўсплываюць срэбныя лілеі!
Жытнічак. Ціха, сябры, нехта ідзе!
Мятлушка. Гэта чалавек!
Лесавічок. Давайце павесялімся!
Жытнічак. Ён зусім малады — і адзін! Зараз настрашым!
Хаваюцца за ствалы дрэў. На паляну выходзіць малады хлапец у шляхецкай, але вельмі падранай вопратцы, з рыцарскім мячом. Гэта Янук.