Калегі-навукоўцы восем гадоў не ведалі, што паважаны прафесар, хімік-інфарматык — аўтар рамана-бестселера пра каханне.
Больш за тое, згаданы аўтар дасюль не лічыць сябе пісьменнікам, хоць на яго рахунку тры дзясяткі мастацкіх кніг, што разыходзяцца мільёнамі асобнікаў па ўсім свеце.
Біяхімік, які дакладна ведае ўсё пра гармоны-ферамоны, хімічнае «закуліссе» эмоцый, у 44 гады напісаў адзін з самых эмацыянальных раманаў пра «нелагічнае» каханне — «Адзінота ў сеціве». За тры гады пасля гэтага дэбютант атрымаў 18 055 лістоў ад чытачоў.
У рамана з’явілася польская экранізацыя, якую Януш Лявон Вішнеўскі характарызуе «вельмі кепска», і сцэнічная адаптацыя ў Санкт-Пецярбургу — «вельмі добрая».
Нядаўна ў рамана з’явіўся працяг, і вось ужо сіквэл перакладзены на беларускую мову пад назвай «Канец адзіноты» — цудоўная нагода сустрэцца з нашымі чытачамі.
З Янушам Вішнеўскім мы гутарылі ў мінскай краме «Акадэмкніга», якраз напярэдадні яго выступлення перад узрадаванымі беларускімі прыхільнікамі, якія ўсё падыходзілі і падыходзілі, і зацікаўлена прыслухоўваліся да нашай размовы. Я паабяцала, што «пра каханне» пытацца не буду — бо гэта тое, пра што ў пана Януша пытаюцца ўвесь час. Але іншую «адзнаку» яго творчасці абмінуць не ўдалося…
Раман як лячэнне ў псіхатэрапеўта