«Апавесці пра векавечную плынь Хронаса». Архіўны дэтэктыў. Як Генадзь Кісялёў бараніў раман Караткевіча
«Гісторыкі — не садоўнікі і не батанікі. Расліннае царства (скажам так — па-старадаўняму) звычайна цікавіць іх толькі як фон, на якім адбываюцца гістарычныя падзеі. Але і ў іх ёсць дрэва, якому яны аддаюць многа ўвагі, каля якога ім даводзіцца шмат хадзіць і завіхацца. Гэта дрэва радаводнае».
Такімі словамі гісторык Генадзь Кісялёў пачаў адну са сваіх кніг… Дакладней, чарговы архіўны дэтэктыў — бо валодаў талентам ператвараць навуковыя манаграфіі ў захапляльныя творы, дзякуючы якім многія далучаліся да беларушчыны.
«Кротус Генус»
«Калі расказваю пра перыпетыі пошукаў, пра шлях да знаходкі, адчуваю, як мае ветразі напаўняюцца спрыяльным спадарожным ветрам».