Загадка паэта, пісьменніка і літаратуразнаўцы Міхася Стральцова

Жыццё, жыццё… He першы, не апошні…

Вось і разваж, дзе блазен, дзе герой,

Калі з гары ўпрагаўся ў воз парожні

І пеклаваўся з грузам пад гарой.

Так калісьці напісаў Міхась Стральцоў, які дасюль застаецца адной з самых прыцягальных і загадкавых постацяў беларускае культуры… Сярод напісанага ім — неверагодна шчымлівае і захапляльнае эсэ «Загадка Максіма Багдановіча». І цяпер, калі Міхасю Стральцову споўнілася б 85 гадоў, самы час паспрабаваць разгадаць загадку яго самога. У гэтым нам дапамогуць намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» -галоўны рэдактар часопіса «Полымя» паэт Віктар Шніп, намеснік дырэктара канала «Культура» Беларускага радыё паэт Навум Гальпяровіч, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Яўген Гарадніцкі, пісьменнік, перакладчык, краязнаўца Анатоль Бутэвіч, паэт Леанід Дранько-Майсюк, пісьменніца Ксенія Шталянкова.


«Нават на фоне свайго пакалення, якое называлі філалагічным, Міхась Стральцоў вылучаўся…» — сцвярджаў Пятро Васючэнка. Чым менавіта вылучаўся?

В. Шніп: Міхась Стральцоў сярод свайго пакалення вылучаўся тым, што не імкнуўся да высокіх пасад. І, нават працуючы загадчыкам аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Нёман», ён заставаўся Чалавекам і Паэтам, які задавальняўся цыгарэтным дымам, а не фіміямам.

А. Бутэвіч: Вызначаўся своеасаблівым, толькі яму ўласцівым, стылем, манерай пісьма, якой валодалі нямногія, надзвычайнай чуйнасцю да слова. А таксама пастаяннымі пошукамі. Нездарма ён часта быў і першапраходцам, і першаадкрывальнікам. Захаплялі яго інтэлектуальныя здольнасці, увага да душэўнага і духоўнага стану герояў, здольнасць перадаць гэта самым звычайна-натуральным чынам. Хіба не пра гэта яго радкі:

Яно, канечне, слова — лекі:

Дык што ж — узяў і прапісаў?

А што, як скажуць чалавекі:

Мой лекар, вылечыся сам.

Я. Гарадніцкі: Як быццам, найперш відавочнай адметнасцю ягоа мастацкага стылю ці не аднадушна прызнаецца «лірызм», а сам ён залічваецца да самых яскравых прадстаўнікоў так званай лірычнай прозы. Аднак такое вызначэнне занадта шырокае. Лірызм у прозе і эпічнасць у паэзіі могуць выяўляцца ў розных формах. У выпадку Стральцова лірызм як аўтарскае самавыяўленне дапаўняецца тонкім псіхалагізмам, самараскрыццём асобы, выказаным сродкамі апавядальніцкага майстэрства. Адчувальная ў кожным сказе і кожным слове стылёвая паўната і завершанасць, глыбінная сувязь стылю з рэальнасцю герояў — тое, чым пазначаны талент Стральцова, ягоная «пячатка майстра».

Н. Гальпяровіч: Нейкім надзвычай тонкім лірызмам, прыхаваным гумарам, паглыбленасцю ва ўнутраны свет герояў, бо пачынаў з прозы, глыбокай інтэлігентнасцю, за якой бачылася высокая адукаванасць і эрудыцыя. Ён пазбег традыцыйнай тады для многіх яго равеснікаў узнёсласці і пафасу.

К. Шталянкова: На маю думку, як прадстаўніцы пакалення 1990-х, ужо зусім далёкага ад Міхася Стральцова, ён вылучаўся і вылучаецца па сёння вельмі сучасным, актуальным пісьмом. Падаецца, ну вось жа ён пісаў столькі дзесяцігоддзяў таму, але ж нейкім чынам яго словы пранізваюць час, і я разумею, што вось зараз адчуваю тое самае, пра што пісаў ён. Гэта нейкае дзіўнае ўменне зафіксаваць шчырасць моманту. Мне хочацца думаць, што такая ўдача даступная тым, хто не хлусіць у творчасці, бо на такое здатныя тыя, хто не хлусіць сабе. Хаця гэта, натуральна, толькі маё ўяўнае, магчыма, Стральцоў быў проста геніем.

Л. Дранько-Майсюк: Не рабіў кар’еру і ўмеў двума-трыма словамі (скупа, але шчыра!) пахваліць іншага пісьменніка. Сапраўды, хваліў скупа, але запамінальна. У якасці прыкладу згадаю запіс са сваёй «Памятнай кніжкі»:

«Міхась Стральцоў заходзіць у рэдакцыю, і я, бліснуўшы каляровай вокладкай, разгортваю перад ім сігнальны экзэмпляр штогодніка «Дзень паэзіі — 84», — там вельмі цікавы артыкул Алеся Разанава пра творчасць Францішка Багушэвіча.

Закурыўшы, Стральцоў чытае, глыбока зацягваецца дымам, левай далонню міжвольна пагладжвае разгорнуты штогоднік; артыкул Стральцову падабаецца, ад непрытушанага недакурка ён прыкурвае новую цыгарэту, зноў паглыбляецца ў чытанне, у ягоную рэшту, а тады пачынае хадзіць па рэдакцыйным пакоі і ў цыгарэтным дыме з нейкай мілай дзіцячай невыразнасцю ў голасе двойчы, нібыта самому сабе, гаворыць пра Алеся Разанава:


Чытаць далей