Дзеянне гэтага раздзелу з раману “Сутарэнні Ромула” адбываецца ў 1937-м годзе.
Раздзел 10. Закон Януса
Захопнікі-рымляне старанна пераймалі ўсіх багоў зваяваных грэкаў, уладальнікаў вытанчанай культуры, толькі імёны ім свае давалі… Замест Арэса – Марс, замест Зеўса – Юпітэр… А вось адзін бог быў фірменна рымскі, непаўторны… Двухаблічны бог Янус. Гэты бог, акрамя іншых важлівых справаў, ахоўваў ганак дому і выпраўляў у шлях. І кожны жыхар магутнай імперыі, асабліва ў часы, калі штодзень ён мог па загадзе імператара апынуцца ва ўласнай лазенцы з перарэзанымі на руках і пад каленьмі венамі, ведаў, што мудры бог Янус дае яму слушны прыклад: мець адзін твар – для дому, другі – для грамадства, дакладней, поліса. І той твар, з якім высоўваешся за ўласны парог вонкі, мусіць быць такі самы, як ва ўсіх добранадзейных грамадзянаў імперыі, спалучаючы гонар за прыналежнасць да магутнага Рыму і адданасць вялікаму імператару, роўнаму ўсім багам…
Алесь, пераступаючы парог аўдыторыі, у чарговы раз уявіў, як у яго з’яўляецца іншы твар… Сур’ёзны, добранадзейны твар савецкага выкладчыка педагагічнага тэхнікуму… Ці мог ён яшчэ нядаўна ўявіць, што пачне прыходзіць да сваіх вучняў уласным двайніком, пачувацца з імі не так, як у размовах з сябрамі? Ён калісьці і ўзяўся за выкладанне з устаноўкай – быць заўсёды шчырым і навучаць не літаратуры, а любові да літаратуры… Якія дыскусіі ўзнікалі на ягоных лекцыях! Вочы юнакоў і дзяўчатак, у большасці з вёскі, палалі такім энтузіязмам, што верылася – справа Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага, Гаўрылы Гарэцкага, пазбаўленых звання акадэмікаў, арыштаваных, сасланых, і, падобна, зніклых назаўсёды, не знікне… Калісьці, калі народны ўрад пастанавіў, што навучанне мусіць быць на беларускай мове, хапіла тых, хто гэтаму супрацівіўся. “Кому нужны вместо аттестатов ваши “посьведчаньни”? Как можно преподавать “арыхметыку” на неразработанном, насильственно навязываемом населению белорусском языке”?