Людміла Рублеўская Дагератып раман

Людміла Рублеўская

 

ДАГЕРАТЫП

 

Дэкадансны раман

КНІГА ЗНЕШНЯГА КОЛА

 

Раздзел першы. Пад’езд з шахматнай падлогай.

 

Гэта было ў той год, калі ўсе пачалі насіць кашулі ў краткі.

Быццам вуліцы запоўніліся каўбоямі.

Але пазнаваўся толькі статак.

Яшчэ ў той час у горадзе паўсюль замест асфальту клалі новую плітку. Дакладней, здзеклівае падабенства брукаванкі. Шэрыя ці ружаватыя бетонныя брускі мясцовай вытворчасці вельмі хутка трэскаліся, а паколькі зазвычай іх укладвалі ў вільготную зямлю — а халера яго чакаць, пакуль высахне, распаўзаліся ў бакі, як гнілое сукно, дыбіліся неахайнымі хвалямі, па якіх было нават весела скакаць. Тым больш у маіх Чаравіках. Менавіта так, з вялікай літары. Суперскія Чаравікі, якія ўдалося набыць хаця б ужыванымі, праз інтэрнэт, затое – чорна-бліскучыя, з цяжкой «жаўнерскай» скуры, прашытыя суворымі ніткамі… Хех! Навюткія такія ж за маю журналісцкую паўстаўку не купіш.

Дарэчы, яшчэ пашанцавала на гэтую паўстаўку, мне ж засталося апошні курс давучыцца, а ўжо цяпер не баліць галава пра размеркаванне.

Затое баліць – пра жытло. Праўда, якраз з’явіўся шанец гэтую праблему бліскуча вырашыць. Знаёмы хлопец з’язджае па нейкім гранце займацца сваёй біялогіяй-заалогіяй-пацукалогіяй, а паколькі акрамя тае пацукалогіі (ці прусакалогіі) нічога яго, падобна, па жыцці не цікавіць, прапанаваў сваю кватэру, у самым цэнтры места, абсалютова бясплатна ў карыстанне двум правінцыяльным студэнтачкам. На шчасце, Наста, мая сяброўка і суседка па здымным жытле, з’ехала на тыдзень да бацькоў, і ўсе ўражанні візіту – мне, мне адной!

Машыны ляцелі па праспекце так мэтанакіравана, быццам кожная везла сэнс жыцця, але мяркуючы па смуродзе, які пасля іх заставаўся, гэта быў не вельмі добры сэнс. Я дастала смартфон і патыцкала пальцам у экран, павялічваючы фрагмент карты з патрэбным мне домам. Ого, гэта той самы, з дзьвюма скульптурамі перадавых калгасніц на карнізе і кніжнай крамай на першым паверсе! Крутая кватэрка…

Чытаць далей

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Раман.

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Раман-інструкцыя

Мы прыйшлі ў гэты свет не для таго, каб праклінаць цемру, а для таго, каб запаліць у ім святло.

Уводзіны
Альбарутэнія для нас пачыналася як Гульня.
Мы напачатку не ведалі, што той, хто ўвайшоў у гэтую Гульню, ніколі ад яе не адмовіцца, як не можа крыж пазбавіцца ад адной з перакладзін і застацца крыжам.
У горадзе нас пяцёра.
На два мільёны — пяцёра…
Кожны прыйшоў у Гульню сваім шляхам. Якім? А хіба вы можаце пралічыць шлях кропель дажджу, якія сцякаюць па шыбе і ўрэшце зліваюцца ў адну ручаінку?
Неяк дажджлівым травеньскім вечарам мы сядзелі ў нашай улюбёнай кавярні, сцены якой завешаныя чорна-белымі сямейнымі фотаздымкамі і калекцыямі манетаў і савецкіх марак у зялёных драўляных рамачках, і спрабавалі паводле дзядулі Фрэйда згадаць свае першыя дзіцячыя ўспаміны… Таму я, карыстаючыся пачутым тады, проста абмалюю для вас нашыя партрэты — так бы мовіць, у сямейных інтэр’ерах…
Гэта гульня…
Усяго толькі — наша гульня.
Што нам да тых,
Хто спрабуе зямлю перайначыць?
Альбарутэніі позірк, як рана, гарачы.
Сонца маё… Ты забіла мяне, як ягня
На ахвярніку белым…
І кроў — паласою — на белым…
Ваўкалакі правылі маю пахавальную ноч.
Час, як рана, загоіцца.
Лёс разаб’юць, як акно.
Гэта толькі гульня…
І ўсяго толькі — мёртвае цела.

Чытаць далей