Рэцэнзія на раман “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію”

 І.Шаўлякова-Барзенка.                                    

Адказы

(для абiтурыентаў “Альбарутэнii”)

У той час, як усё прагрэсіўнае чалавецтва з энтузіязмам вітае эру інфарматызацыі, прадстаўнікі гуманітарных ведаў змагаюцца са змрочнымі прадчуваннямі. Сутнаснай прыметай інфармацыйнага грамадства паўстае вызначальная роля інфармацыі / ведаў, якія з’яўляюцца ў дадзеным выпадку галоўнымі прадуктамі вытворчасці. У сваю чаргу, сутнасць інфарматызацыі ў найбольш агульным выглядзе можна акрэсліць як глабальную рацыяналізацыю ўсіх відаў чалавечай дзейнасці. Можна зразумець, чаму найноўшая рацыянальнасць, якая сёння пазіцыянуецца як прынцып і адначасова мэта развіцця соцыуму, пераважнай большасці літаратараў падаецца выключна неспрыяльным асяроддзем для развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства. Цікава, аднак, што ў межах айчыннай літаратурнай прасторы першага дзесяцігоддзя ХХі ці не самую эфектыўную “рэакцыю” на выклікі інфармацыйнага грамадства прадэманстравал гістарычная проза.

Асэнсаванне функцыянальнай вагі гістарычнага рамана ў сучаснай літаратурнай сітуацыі, вывучэнне шляхоў яго абнаўлення дае падставы сербскаму даследчыку П. Палавестры звязваць рэнесанс гістарычнага рамана ў пэўных культурах і літаратурах са станам гістарычнай самасвядомасці, якая адчувае моцны ўціск альбо ўвогуле гвалтоўна выцясняецца. Падобнае меркаванне Д. Пяшорда лічыць слушным і ў дачыненні да ўкраінскай ды харвацкай літаратур, дзе гістарычны раман на сучасным этапе не толькі прадстаўлены значна шырэй, чым у заходнееўрапейскіх, але працягвае выконваць функцыі, якія там даўно страціў, “насамперед функцію зміцнення національно-історичної свідомості і осмислення історичної долі народу”.

У дачыненні да найноўшай беларускай літаратуры гаварыць пра паўнавартасны “рэнесанс” уласна гістарычнай прозы было б перабольшваннем. Аднак у параўнанні з другой паловай 1990-х адметнасцю літаратурнага працэсу 2000-х стаўся пэўны ўздым прозы “гісторыяцэнтрычнай”, якая цягам апошняга дзесяцігоддзя набыла абрысы актуальнага мастацкага феномена, не ў апошнюю чаргу – дзякуючы творам Людмілы Рублеўскай. Проза гэтага аўтара ў нашым крытычным дыскурсе, як правіла, суадносіцца з “меладраматычнай інтэрпрэтацыяй” ідэй У. Караткевіча, што тычыліся неарамантычнай па сваёй сутнасці рэміфалагізацыі беларускай нацыянальнай гісторыі. Пры гэтым на ўзбочыне крытычных разваг застаецца відавочная рэч: да ўласна гістарычнай прозы можна залічыць (і тое з пэўнымі агаворкамі) хіба цыкл “Шляхецкія апавяданні”. Тымчасам пераважная большасць празаічных твораў Л. Рублеўскай: аповесці “Сэрца мармуровага анёла” (2000), “Дзеці гамункулуса” (2000), “Пярсцёнак апошняга імператара” (2001), “Ночы на Плябанскіх млынах” (2006); “паралельны раман” “Золата забытых магіл” (2003), “гатычны раман” “Скокі смерці” (2005), “раман-інструкцыя” “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” (2007), раман “Сутарэнні Ромула” (2009-2010), – нясуць выразныя адзнакі так званай новагістарычнай прозы.

У даследаваннях, прысвечаных тыпалогіі сучаснага гістарычнага рамана, адрозненні паміж класічным (“сапраўдным”) гістарычным, новагістарычным і постмадэрнісцкім гістарычным раманам асэнсоўваюцца праз крытэрыі канцэпцыі гісторыі, статусу гістарычнай прасторы, спецыфікі ўспрымання часу, спосабаў арганізацыі хранатопу і інш. У выніку як новагістарычныя атрыбутуюцца творы, аўтары якіх адпрэчваюць манументалісцкую канцэпцыю гісторыі, ахвотна выкарыстоўваюць прыёмы з рэпертуару постмадэрнісцкай прозы; разам з тым, “певна “обмеженість” історією, відсутність ігрових компонентів та вибудова трансісторичних цінностей етичного або естетичного характеру як важливих чинників романної структури не дозволяють ототожнювати новоісторичний роман із постмодерністським історичним романом” (Д. Пяшорда). інакш кажучы, новагістарычная проза, найбольш яркімі ўзорамі якой у беларускай літаратуры пачатку ХХі стагоддзя, на наш погляд, з’яўляюцца раманы Л. Рублеўскай “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” і “Сутарэнні Ромула”, сёння паўстае адкрытай “нераўнавеснай” сістэмай. Самаразвіццё яе забяспечваецца перадусім за кошт актыўнай асіміляцыі элементаў іншых сістэм – мастацкіх (постсентыменталізму, неабарока, постмадэрнізму і інш.) і “псеўдамастацкіх” (масліту), жанравых (авантурна-прыгодніцкай, дэтэктыўнай, фантастычнай літаратуры, фэнтэзі і інш.), – на трывалай каштоўнаснай аснове. Такім аксіялагічным грунтам у прозе Л. Рублеўскай з’яўляецца нацыянальны Міф, у прыватнасці, ідэя рэміфалагізацыі годных, а таму непазбежна трагічных старонак (перыядаў, падзей, асоб і да т.п.) гісторыі беларушчыны.

У апошніх па часе раманах Л. Рублеўскай аб’ектам такой рэміфалагізацыі становіцца гісторыя выжывання беларушчыны падчас рэпрэсій 1920-х – 1930-х гадоў. Дзеля дасягнення гэтай нежартоўнай мэты аўтар звяртаецца да “гульнёвага” арсеналу постмадэрнісцкай літаратуры, актуалізуе асобныя матывы і вобразы “гатычнага” рамана, скарыстоўвае некаторыя прыёмы з рэпертуару фэнтэзі, дэтэктыва, меладрамы… Так, “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” – насамрэч “раман-інструкцыя”, кампазіцыйна выбудаваны як своеасаблівы “квест”, што складаецца з набораў нумараваных элементаў “Удзельнік…” (іх 5), “Абсталяванне для гульні”, “Гульня” (6 “версій”), “Па-за гульнёй” (8 “фрагментаў”), “Фінальная гульня” (2 “варыянты”), “Эпілог” (5 “камбінацый”); размешчаны ў інтэрнэце (на сайце “Родныя вобразы”: http://rv-blr.com/litaratura/view/2143), твор набывае ўласцівасці сапраўднага гіпертэксту, у межах якога карыстальнік можа абіраць сваю таекторыю “Гульні ў Альбарутэнію”, канструяваць сюжэт з розных камбінацый фрагментаў, вызначаць фінал і г.д. Разам з тым, выкарыстанне асобных элементаў “гульнёвай паэтыкі” не ёсць падставай для атрыбутавання твора Л. Рублеўскай як постмадэрнісцкага, бо ў працэсе фармулявання “новага значэння гісторыі” (З. Шаўчук) аўтар рашуча адпрэчвае саму магчымасць гульні з канцэптамі, у прыватнасці, з канцэптам між-быцця. У “гісторыяцэнтрычных” раманах Л. Рублеўскай ён рэалізуецца на розных узроўнях мастацкай структуры твораў, абумоўліваючы не толькі спецыфіку (сюжэтна-кампазіцыйную і вобразна-выяўленчую) уласна тэксту, але і веер інтэрпрэтацый падтэксту, а таксама вектар “выхаду” мастацкіх ідэй у сённяшні сацыякультурны кантэкст.

Хранатоп “рамана-інструкцыі” “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” арганізаваны па прынцыпе “двухсусветавасці”, толькі не рамантычнай – фэнтэзійнай. Героі-гульцы “фізічна” перамяшчаюцца з Мінску 2000-х у Менск 1933 года праз своеасаблівы “прагал” у часапрасторы, які месціцца ў хатцы старой Разаліі іванаўны. Сучасныя маладзёны (Дар’я-“Даліла”, Генусь-“Тэрмінатар”, Макс, Эдзік-“Едрусь”, Руслана Палынская), апынуўшыся ў эпіцэнтры сталінскага “палявання на беларушчыну”, не маюць шанцаў застацца “назіральнікамі”. Дасканаласць тэхналогіі духоўна-маральнага “аўтадафэ” напоўніцу выпрабоўвае на сабе ў сваёй эпосе хімік Валяр’ян Скаловіч. Але і Даліла, што закахалася ў Скаловіча, і яе сябры пасля вяртання ў свой час пачынаюць разумець, што “сімвалічнае” (ментальнае, эмацыйнае, пачуццёвае і да т.п.) пражыванне чужых пакутаў для чальцоў “таемнага ордэну” Альбарутэніі мае надзвычай рэчыўныя, асабістыя наступствы.

Калі твор “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” суадносіўся ў крытычных водгуках адначасова з “кінараманам”, “альтэрнатыўнай гісторыяй”, “раманам-крыкам” (Д. Жукоўскі), дык “Сутарэнні Ромула” чамусьці ідэнтыфікуюцца як твор, напісаны ў “стылі фэнтэзі” (ЛеГАЛ). Між тым, сама назва апошняга рамана расчытваецца як “сімвалічная метафара”, што не толькі ўтрымлівае код да разумення ідэйна-мастацкай структуры твора, але і ў формульным выглядзе прэзентуе аўтарскае бачанне сутнасці беларушчыны як квінтэсенцыі нацыянальнага Міфа.

“Сутарэнні Ромула” – раман-лабірынт, тэкст-сутарэнні, адметнасць жанравай структуры якога не вытлумачаецца праз “калажавае” счапленне разнастайных элементаў. У дадзеным выпадку мы маем справу з міжжанравай раманнай поліформай. У адрозненні ад “паралельных” хранатопаў папярэдніх твораў Л. Рублеўскай, у “Сутарэннях Ромула” розныя часавыя пласты (XV і XVI стагоддзі, пачатак XIX-га, першая палова ХХ-га (1919 год, канец 1920-х – 1930-я гады, другая палова 1940-х), пачатак XXI стагоддзя) не чаргуюцца па прынцыпе “чарапіцы”, а як бы зрошчваюцца ў нераўнавеснае цэлае, прарастаюць адно ў адным – і “высвечваюцца” адно праз аднаго. Пры гэтым сучаснасць паўстае прасторай, што складаецца са своеасаблівых “локусаў”, скрозь якія да сённяшніх палоннікаў Шэрых Будынін (у адной з іх знаходзіцца выдавецтва “Сокал-прынт”, дзе пакутліва адбывае рэдактарскую “правіну” Арсенія (Ася) Вяжэвіч) і Шэрых Гмахаў (у падобным месціцца кабінет гісторыка Данілы Корб-Варановіча) “прарываюцца” адмысловыя “пасланні”. іх “дэшыфроўка” (і самімі героямі, і чытачом) ад пачатку наўмысна ўскладняецца. “Шматслойная” рэальнасць, у якой існуюць героі рамана, аказваецца толькі адной з сюжэтных калізій Кнігі, якую піша-пражывае “вядомы аўтар беларускага фэнтэзі” Вячка Скрыніч (калісьці – Славік Скрынкін) і дзейнымі асобамі якой становяцца Ася і Даніла. Дэміургічныя захады Вячкі (сам сябе ён атэстуе ўсемагутным “богам з машыны”, які не аддзяляе рэальнасці ад уяўлення, жыве за герояў і прагне Вялікай Гульні) па першым часе не толькі ператвараюць для ягоных “персанажаў” у сімулякр іх прыватныя, “маленькія” гісторыі, але і прымушаюць усумніцца ў сапраўднасці гісторый “вялікіх” (роду, народа). Паступова, аднак, высвятляецца, што ў рамане-сутарэнні нават сімулякры выконваюць надзвычай спецыфічную ролю: скарыстоўваюцца ў якасці “масак”, якімі да часу прыкрываюцца… рэчы-сутнасці. Партрэт графіні Марыі Корб-Варановіч, напісаны невядомым мастаком у пачатку XIX стагоддзя; кубак XV стагоддзя; “запавет” іосіфа Варановіча, што распачынаецца аповедам пра “злашчасную бітву на рацэ Вядроша” (1508 г.); “тастамент” Алехны Корб-Варановіча, складзены ў час княжэння Жыгімонта Аўгуста, які захаваўся ў канфіскаваным архіве філолага Апанаса Корб-Варановіча, расстралянага ў 1938-ым, – гэтыя і іншыя “артэфакты” ў канцэптасферы рамана выконваюць функцыю “іншаўказанняў”, знакаў-сімвалаў, закліканых, у рэшце рэшт, не толькі засведчыць існаванне сапраўднай гісторыі Беларусі-Альбарутэніі, але і стацца для нашчадкаў ключом да “кода беларушчыны”.

Згаданы код амаль ва ўсіх “гісторыяцэнтрычных” творах Л. Рублеўскай расчытваецца з дапамогай інструментарыю інтэртэкстуальнасці. Раманная проза спн. Рублеўскай апошніх гадоў – інтэнсіўна інтэртэкстуальная, тут аднолькава актуальнымі паўстаюць айчынныя і замежныя літаратурныя крыніцы (летапісы, дыярыушы, мастацкія творы, мемуары, дакументы розных эпох), з’явы розных відаў мастацтва (выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, музычнага, тэатральнага), аб’екты побытавай культуры… Галоўны крытэрый іх адбору – важкасць унёску ў справу рэміфалагізацыі аўтэнтычнай беларушчыны. Мастацкая персаніфікацыя інтэртэкстуальнасці ў “Сутарэннях Ромула”, Кніга Вячкі Скрыніча разгортваецца як вандроўка па Тэксце беларускай культуры – неад’емнай часткі еўрапейскага гісторыка-культурнага ландшафту. Нездарма ўдзельнікі рэканструкцыі-расследавання гісторыі дзіўнага “антаганізму” Корб-Варановічаў і Вяжэвічаў адказы на “спрадвечна беларускія” пытанні шукаюць у антычнай міфалогіі: “…усё пачынаецца з двух братоў… Юрыя і Язэпа Варановічаў. <…> Два браты, дзве царквы… Пад зямлёю і на зямлі. Класічная падвойная беларуская існасць. Паводле легенды, малодшы брат, Язэп, забіў старэйшага. Потым пабудаваў царкву святога Язэпа. Пра царкву святога Юрыя згадваецца ў тастаменце аднаго з Корб-Варановічаў… Там жа гаворыцца пра таямніцу, якая перадаецца старэйшаму ў родзе… <…> У аснове – пазнавальны міф пра Ромула і Рэма. Успомніце: два браты нешта будуюць, спрачаюцца з-за таго, чыё імя яно будзе насіць. Адзін брат насміхаецца над другім, што сцены, якія той узводзіць, рушацца, абражаны забівае насмешніка. Збудаванню застаецца імя забойцы”.

На думку Д. Жукоўскага, “міф моцны тым, што дае менавіта сістэмныя адказы”. Але ў адрозненне ад архаічнага ды класічнага міфаў сёння нацыянальны Міф (прынамсі, беларускі) не столькі сістэмна дае адказы, колькі сістэмна прадукуе пытанні. У айчыннай “гісторыяцэнтрычнай” прозе асэнсаванне шырокага спектру “нацыятворчых” праблем найчасцей звязанае з інтэрпрэтацыяй феномена беларускага Шляху, што па выраку Долі пралягае строга па “ўзмежку” (геапалітычным, гістарычным, культурным, etc.). У літаратурнай класіцы ХХ стагоддзя спецыфіка рэалізацыі вобразаў-канцэптаў “тутэйшасці” (Янка Купала), “дваення душы” (М. Гарэцкі), “балота” (і.Мележ) вынікала з тэндэнцый дэміфалагізацыі тагачаснага сацыякультурнага дыскурсу. Аднак ужо ў яго нетрах пачалі выспяваць ідэі рэміфалагізацыі як канцэптуальнага грунту “нацыятворчасці”, што адыгралі вызначальную ролю ў фарміраванні аксіялагічнага ландшафту найноўшай беларускай літаратуры. “Тытульныя” героі раманаў Л. Рублеўскай – хімік Валяр’ян Скаловіч, гісторык Даніла Корб-Варановіч, калі справа тычыцца Альбарутэніі-Беларусі, аддаюць перавагу не “мове паняццяў”, але “мове вобразаў”: “Я за гістарычную справядлівасць, але еднасць нацыі ўсё-ткі важней за палітычныя, рэлігійныя і якія б там ні было расколіны…”. Законы фармальнай логікі ў сутарэннях беларушчыны аказваюцца нават не дарэмнымі, але контрпрадуктыўнымі. У 1920-я дэкан філалагічнага факультэта даводзіць мовазнаўцу Апанасу Корб-Варановічу: “- Зразумейце, калега, сёння лінгвістычная спрэчка ў “чыстым выглядзе” немагчымая. Пад усё падкладаецца палітычная “падбіўка”. Адны – “вялікадзяржаўныя шавіністы”, другія – “буржуазныя нацыяналісты”… і нехта нацкоўвае нас адно на аднаго, каб знішчыць усіх разам. Падумайце над гэтым…”. Праз шмат дзесяцігоддзяў Вячка Скрыніч з іншай нагоды наступным чынам вызначае стасункі Корб-Варановічаў і Вяжэвічаў: “…Вечныя антаганісты. Глядзець спакойна адзін на аднаго не можаце. Паны і прыслуга. Законныя нашчадкі і бастарды. Каталікі і праваслаўныя. Заходнікі і ўсходнікі. Каты і ахвяры, якія мяняюцца ролямі. Але ў вас, вы самі гэта прызналі, адна кроў”.

У дадзеным выпадку выйсце (ці хаця б надзею на яго) можа прапанаваць толькі логіка міфа, прычым Міфа беларускага, у прасторы якога рэчы, здавалася б, несумяшчальныя, нават узаемавыключальныя, утвараюць адмысловае суладдзе. Так, у раманах Л. Рублеўскай аднолькава важкую эстэтычную ролю выконваюць розныя віды пафасу (трагедыйны, гераічны, рамантычны, асветніцкі, сентыментальны). У структуры вобразаў-персанажаў па прынцыпе “дапаўняльнасці” задзейнічаны разнастайныя прыёмы рэалістычнай тыпізацыі і псіхалагізацыі, элементы рамантычнай паэтыкі і нават меладраматычныя (“маслітавыя” па сваёй сутнасці) канструкты. Цікава, але terror (“страх-прыцягненне”) і horror (“страх-агіда”, што з “шокавай дакладнасцю ўказвае, чаго варта баяцца чытачам і героям: пакутаў, катаванняў, фізічнай гібелі і г.д.” (К. Скобелева)), якія ў тэорыі і практыцы класічнага “гатычнага” рамана супрацьпастаўляюцца, у раманах Л. Рублеўскай “рэзаніруюць”, шматкроць узмацняючы сугестыўны эфект… Пры гэтым толькі ў беларускай “гісторыяцэнтрычнай” прозе пачатку ХХі стагоддзя нацыянальны аптымізм паслядоўна бярэ верх над песімізмам. Л. Рублеўская свядома завяршае свае творы прэцэдэнтнымі формуламі, якія нават “адкрыты” фінал размыкаюць у пэўным (дакладна акрэсленым) кірунку: “Гульня працягваецца. Альбарутэнія жыве”.

Відавочна, такім чынам, што ў “гісторыяцэнтрычных” творах Л. Рублеўскай “паэтыка тэксту” ўзнаўляе “паэтыку” міфа пра Беларусь-Альбарутэнію. Міфалагема Беларускага Шляху ў яе раманах увасабляецца ў ідэі рэміфалагізацыі сапраўднай беларушчыны як “альфы і амегі” нацыянальнай самасці. А ўнікальнасць “гісторыяцэнтрычнай” прозы ў абсягах беларускай літаратуры першага дзесяцігоддзя ХХі стагоддзя звязана, бадай, з тым, што яна не толькі ставіць сістэмныя пытанні, але і не саромеецца адказаў.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.