«Глыбока ў званочку краскі пчала ўздыхае сасмаглая»


Дзіўныя мы, людзі, нам не дагодзіш… Халоднае лета — скардзімся, гарачае — зноў скардзімся, наракаем на спёку… Каб потым, дажджлівымі восеньскімі вечарамі, з настальгіяй яе ўспамінаць. Спякотныя дні кожны перажывае па-свойму… У кожнага свае спосабы ратунку. А мы давайце перагартаем самыя сонечныя старонкі беларускай літаратуры і пабачым, што рабілі ў гарачыню героі.


«Сярпок скрыгоча прагавіта, жытцо згрызаючы сярдзіта»

Персанажам паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» няма калі шукаць прахалоды, хаця сонца паліць без жалю:

«Гарачы дзень! Эх, спёка, спёка!

А прохладзь вечара далёка.

Замлела ўсё ў жары-тамленні,

Зямля гарача і каменні;

А ўсюды ціха, нема, глуха,

І толькі заедзь каля вуха

Гудзе агідна, надаедна».

Так, горача на полі, але жыта чакаць не будзе, пакуль пахаладнее. Жаць трэба.

«А жнейкі жнуць. Іх твар палае,

Іх пражыць, сушыць смага тая,

Якую трудна ім здаволіць,

Якая толькі «піць! піць!» моліць.

Сярпок скрыгоча прагавіта,

Жытцо згрызаючы сярдзіта».

А тут яшчэ «кучаравыя снапочкі» заманьваюць жнеек прысесці ў іх цяньку… Ды няма калі. Адзіны ратунак — думаць, што пасля працы чакае Нёман, са срэбралітнымі хвалямі, з аксамітнымі беражкамі, а «на дне пясочак жоўты, чысты, вадою згладжаны, зярністы». Якуб Колас відавочна ў момант напісання ўспамінаў, як сам плаваў у Нёмне ў спёку:

«У воду войдзеш — шчасце раю,

Я шчасця большага не знаю».

«Берагамі, як вуснамі, прыпала да рэк перасохлых»

У вершы Янкі Сіпакова «Спёка» малюецца такая вобразная карціна гарачага летняга дня, калі з аднаго вадапою п’юць камбайны і звяры:

«Духата… Цішыня захрасла.

Як мёд, яе рэж, цягучую…

Глыбока ў званочку краскі пчала ўздыхае сасмаглая,

Жаўранак песню ўпусціў, і тая аб поле разбілася,

Стомлены бусел падскоквае

на патэльні сухога балота,

Камбайны па жыце сноўдаюць —

шукаюць свайго вадапою,

А калі іх з вядра пояць людзі,

без страху сюды збіраюцца

Птушкі, звяры паручнелыя, і кожны глыток яны лічаць.

А зямля, як гаршчок гліняны, патрэскалася на кавалкі,

Сама берагамі, як вуснамі,

прыпала да рэк перасохлых

І з прагнасцю з дна высмоктвае

апошнія цёплыя кроплі…»

Усё ў свеце прагне дажджу, нават громаадводы спрабуюць зачапіць, затрымаць рэдкую хмарку. Але і ў такі сухмень ёсць тое, што застаецца нязменным:

«І толькі чуваць, як стукае

чалавечае сэрца ўзрушана —

Бы кроплі

буйнога

дажджу».

«От дзе шэры даспаўся!..»

У кнізе празаічных мініяцюр Янка Брыль «З людзьмі і сам-насам» хапае «спякотных» старонак. На адной з іх сустракаецца такая замалёўка з натуры, дзе і звыклая карціна — жатва ў полі пад гарачым сонцам, і нечаканая дэталь — заяц, які, відаць, так разамлеў ад гарачыні, што ледзь не загінуў:

«Спёка і «горы», як называлася ў нас поле на ўзгорках. Цяжка жнецца нізенькі, рэдкі ячмень, ажно спіна калом становіцца. І тут з недалёкай палоскі гукнуў на мяне нехлямяжы сусед Зімавей: «Іван, а во!..»

Трымае зайца за вушы. От дзе шэры даспаўся!.. Ды вось ён прачнуўся — ці не ад гэтага воклічу — трэпнуў нагамі, пстрыкнуў з пальцаў і даў лататы. А ты сабе жні далей.

Або пайдзіце да збанка ў цянёчку ад снапоў, хлебаніце сабе — хто з жалю, хто са смеху».

«Хоць хвіліначку патрымаць у чыстай гаючай вадзе натруджаныя ногі»

Для гераінь аповесці Івана Шамякіна «Шлюбная ноч» летняя спякота — не самае страшнае выпрабаванне. Бо — вайна. Акупаваная Беларусь. Партызанская сувязная Валя выконвае важнае заданне: яна мусіць правесці прысланую з Вялікай зямлі разведчыцу Машу ў горад. Справа звыклая для адчайнай Валі, вось толькі на гэты раз каштуе ёй душэўных высілкаў. Маша, занадта прыгожая, спешчаная гараджанка, страшэнна раздражняе Валю. Тым болей адвесці госцю трэба да Валінага каханага. Маладая партызанка раўніва параўноўвае Машу і сябе. І так і карціць збіць фанабэрыю з гарадской красуні. Валя адмыслова вядзе Машу праз балота, па зарослых сцежках, не дае толкам адпачыць.

«Выйшлі мы з лагера на світанні, a быў поўдзень ужо. Чэрвеньскае сонца стаяла ў зеніце i пякло няшчадна… Трава з раніцы была росная i мяккая, а цяпер, сярод дня,— жорсткая i калючая, аблытвала i рэзала ногі. Маша падняла доўгую сялянскую спадніцу, агаліўшы прыгожыя калені. Ногі яе былі парэзаны асакой, падрапаны галлём i жорсткай травой, на некалькіх парэзах ажно запякліся кроплі крыві». 
Валя змагаецца са сваймі нявартымі пачуццямі — яна ж баец, ёй трэба заданне выканаць. Але і яна не вытрымлівае і пагаджаецца на ратунак ад спёкі, прапанаваны Машай.

«Рака патыхала прахалодай. У такую спякоту хіба толькі яўная небяспека прымусіла б адступіць ад яе. Захацелася пастаяць на беразе, удыхнуць рачную прахалоду. Хоць хвіліначку патрымаць у чыстай гаючай вадзе натруджаныя ногі… Усё стаілася, застыла ў паўдзённай спякоце. Толькі цурчыць i ласкава плешчацца каля ног вада. Проста рай зямны вакол. Маша падышла да мяне, выказала сваё захапленне:

— Якая любата! — i раптам прапанавала: — Давай пакупаемся».

Паплавалі гераіні з прыемнасцю, вось толькі на беразе іх чакаў паліцай. Добра, што Маша не разгубілася і змагла расправіцца з нягоднікам. Але без наступстваў гэтая страшная прыгода не абышлася.

«Бацькі з дзягамі фурыёзна з’яўляліся на салярый і праганялі дзяцей дамоў»

«Сонечная кампанія» вёскі Шапялёўкі — выдатная пародыя на бессэнсоўны праект, падмацаваны гучнымі лозунгамі. Кар’ерыст-прайдзісвет Самсон Самасуй, герой аповесці Андрэя Мрыя, прыдумвае новы варыянт культработы: аб’яднаць прыхільнікаў сонца, паветра і вады, якія будуць змагацца за здаровы лад жыцця. То-бок цэлы дзень валяцца ля рэчкі, загараць ды плаваць. Прыхільнікаў набралася шмат:

«Надвор’е цэлы тыдзень было сонечнае, на небе ні хмаркі, і моладзь цэлыя дні ў трусох і без іх праводзіла ля рэчкі».

Назвалі новую арганізацыю гучна — ШАЧ, альбо Шапялёўская Асацыяцыя Чырвонаскурых. Праўда, выявіліся наступствы масавага руху: «Моладзь цэлы дзень праводзіла на сонцы каля рэчкі. Усе сенажаці і некаторыя засевы там былі бязлітасна стаптаны. Аднойчы ўранні прышоў я да рэчкі, зірнуў на сенажаці, на жыта, на грэчку — і жах ахапіў мяне. Маё быўшае сялянскае нутро запратэставала, але, раздумаўшы хвіліну, я махнуў рукой: — Рэвалюцыя не бывае без ахвяраў!»

Так што жыхарам Шапялёўкі давялося самім змагацца з мясцовымі бэйбусамі-«чырвонаскурымі»: «Часта бацькі з дзягамі фурыёзна з’яўляліся на салярый і праганялі дзяцей дамоў, а па майму адрасу дазвалялі сабе надзвычайна абразлівыя словы».

Урэшце сяляне сабраліся на мітынг і запатрабавалі ад Самасуя, як арганізатара ШАЧ, сплаціць ім «за збітыя сенажаці, склычанае жыта і зафэканую бульбу». Але дзе там, у такіх як Самасуй, сумніваў ва ўласнай праваце не бывае: «Быў самы разгар сонечных ваннаў, і я голы прымушаны быў супакойваць несвядомыя масы».

«Так шчаслівая яшчарка дрэмле на камні гарачым»

Для Уладзіміра Караткевіча ратунак ад спякоты — не толькі марскія хвалі, але і каханая жанчына побач. Верш напісаны ў 1968-м годзе,

калі пісьменнік адпачываў у Гурзуфе: 

«О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора.

Як драбіцца ў ім сонца — Зевесаў распалены шчыт.

О, як добра руцэ на тваім перагрэтым і чорным,

На апырсканым кроплямі мора, салоным плячы.

Ў такт нячутнаму спеву самкнёныя вусны смяюцца і плачуць.

Вочы змежаны. Веі дрыжаць у салодкай журбе.

Так шчаслівая яшчарка дрэмле на камні гарачым…

Добра табе?»

«У празрыстай вадзе віравалі на дне пясчынкі»

У эпапеі Міхася Лынькова «Векапомныя дні» шмат разоў згадваецца спёка, але было ў гэтым творы, як казалі крытыкі, і шмат «вады» — Лынькоў замахнуўся на эпічнае палатно, ды не здолеў справіцца, хіба аб’ёму нагнаў. Так што чатырыста старонах выдаліў з першапачатковага тэксту, і яшчэ казаў, што мала. Тым не менш у гэтым творы пра гераічную барацбу беларусаў супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў ёсць яркія стпаронкі, і не толькі з ваеннага жыцця. Вось партызан Ігнат ідзе праз лёс спёкай, ад якой знаходзіць ратунак — сцюдзёную крынічку на беразе возера: 

«Проста над галавой стаяла сонца і моцна прыпякала ў твар. Падаўся крышачку ў цянёк, аддыхаўся ад спякоты, скінуў апошнія рэшткі сну.

Пасля асцярожна вылез са свайго прытулішча і, дабраўшыся да крыніцы, прагна напіўся, прыпаўшы ротам да самай вады. Не было, здаецца, на свеце смачнейшага пітва за гэтую чыстую і сцюдзёную, як лёд, ваду, якая вынесла сюды, пад сонца, пад спякоту ўсю прахалоду зямных нетраў».

Але гэта яшчэ не ўся прыгажосць: герою давялося пасля назіраць сапраўдны цуд: «Увесь пясчаны бераг і нізкая лугавіна былі нібы ўсеяны слюдзянымі бліскаўкамі. Здавалася, тысячы і тысячы стракоз сабраліся тут з усіх канцоў зямлі. Нельга было і кроку ступіць, каб не ўзлятала безліч гэтых лёгкіх паветраных стварэнняў».

«I на беразе чаўнок без ракі на трэску высах»

У вершы Віктара Шніпа пра спякотны летні дзень таксама згадваецца рэчка, але адчуванне гарачыні ад гэтага не змяншаецца. Спёка тут гаспадыня, нават сцежка сасмягла, а човен увогуле на трэску высах:

«Сцежка з рэчкі п’е ваду.

Смела гаспадарыць спёка.

За вадою ўслед іду —

Мне свой цень

Цягнуць нялёгка.

Спёкай лашчаны пясок

Пад нагою,

Быццам прысак,

I на беразе чаўнок

Без ракі на трэску высах».

«Адбіваецца спёка ад слепакоў»

У «Пункцірах» Алеся Разанава мала слоў і шмат вобразаў і думак. У простых рэчах паэт бачыў увесь сусвет, гуляўся са словамі, гукамі і сэнсамі. Вось, напрыклад, ягоны верш, у якім і спёка персанафікуецца, уяўляецца жывой істотай, якая сама пакутуе ад сябе, і супастаўляюцца сугучныя словы «адбываецца» і «адбіваецца»: 

* * *

Што адбываецца?

Адбіваецца

спёка ад слепакоў.

А вось проста замалёўка падгледжанага паэтам ў спякотны дзень:

* * *

Сухмень:

у пяску

купаецца верабейка.

Але і тут можна вышукаць схаваныя сэнсы. Сапраўды, што можа болей увасобіць спёку, чым замена вады сухім пяском? Бедны верабейка, нават лужынкі не знайшоў…

Няхай жа ў вас, шаноўныя чытачы, знойдзецца свой ратунак ад спёкі — і цянёк, і чыстая вада, і цікавая кніжка.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ


Чытайце таксама

Тэгі:

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.