**
Можа, нехта і зерне, а я –
дзьмухаўцова дачка,
З далані ўсемагутнай
садзьмутая цёплым дыханнем.
То кранаюся глебы, то зноўку кружляю,
не ў стане
Зачапіцца за дрот, за травінку,
за вострасць кручка.
Парушынка, лятунка,
якая працяг свой нясе
У празрыстай стыхіі,
не ў змозе прыладзіцца зручна.
Племя нас, летуценных,
кружляе між вамі бязгучна,
Незаўважныя мроі
аб нейкай далёкай красе.
Шэра-шорсткія крылцы –
у лужыне ці на гаўбцы.
Зерню будзе ралля.
Свет пачуе падзенне арэха.
Нас запомняць, як свет заліе
жоўтакветкавым рэхам.
Ці не ўспомняць… Не ўспомняць…
Ды будуць квітнець дзьмухаўцы.