Пранціш Вырвіч вяртаецца! Пятая кніга “Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара”

 Выйшаў №7 часопіса “Полымя”, дзе надрукаваная першая частка новых прыгод Пранціша Вырвіча і Баўтрамея Лёдніка.

Урывак з новага раману Людмілы Рублеўскай “Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара”

  

РАЗДЗЕЛ  ДРУГІ. АШМЯНСКІЯ  НЯВЕСТА, АПТЭКАР І  КАТ

У “Кнізе пра звяроў ды пачвараў”, напісанай сярэднявечным мніхам, згадваецца пра племя з вострава ў Чырвоным моры, што гаворыць на ўсіх мовах свету. Калі трапляе на востраў госць, тубыльцы пачынаюць пералічваць яму ўсю ягоную радню да дванаццатага калена. А як глузды ў небаракі пад цяжарам генеалогіі паедуць, тут яго на кавалачкі раздзяруць і сырым з’ядуць. Без солі. Затое з радаводам.

Шляхта, што з’ехалася ў Ашмяны, гатовая была адзін аднаго, не падсмажваючы, з’есці, бо радаводамі мерыліся ўсе. Хто паперадзе каго мусіць на імшы стаяць, у дзверы прайсці, да княжацкіх мосцяў бліжэй пасунуцца…

Людцы ля францысканскага касцёлу Найсвяцейшай Дзевы Марыі, на які яшчэ Аляксандр Ягелончык фундуш запісваў, выцягвалі шыі то ў адзін бок, то ў другі, не раўнуючы гусіны статак у чаканні кармёжкі.

–Едуць, едуць!

Твары павярнуліся ў адзін бок. Зашаргаталі аксамітныя дылеі з сабаліным футрам і простыя сукманы, ускалыхнуліся фальбоны і пёры на шапках, затупалі ўсхвалявана па бруку чырвоныя боты з бліскучымі падкоўкамі і стаптаныя кабці… Задудзеў, забразгаў прывітальна аркестр, быццам лісліва загаўкалі, падвываючы, мядзяныя сабачкі…

–Не прыехаў вялікі гетман… Прадстаўніка прыслаў… Вунь, у кармазінавым жупане… І пасла, пасла няма…

Шэпат быў расчараваны.  Чым болей нобіляў – тым болей выкаціцца бочак віна дзеля свята.

–Жаніха і нявесту вязуць! Віват!

Да касцёлу набліжаўся дзіўны экіпаж, нібыта з’ехаў са старонак кнігі пра фею Мелюзіну. Шэсць белых коней з лазуркавымі плюмажамі ступалі нага ў нагу, дзвюма правымі, дзвюма левымі адначасова, як мядзведзі толькі са звяроў ходзяць ды спецыяльна навучаныя коні. Велізарная пазалочаная карэта з дахам-купалам, аздобленая бела-ружова-лазуркавымі эмалевымі накладкамі ў выглядзе дзівосных раслін, адкрытая з абодвух бакоў. Тыя, хто ехаў на высокіх, абцягнутых белым аксамітам лаўках, былі відочныя натоўпу, як каштоўныя камяні, выкладзеныя для прыманкі пакупнікоў у вітрыне злотнікаўскай крамы. Двое з натоўпу, ладны светлачубы шляхцюк з блакітнымі вачыма і даўгалыгі сур’ёзны юнак з бледным тварам і цёмным паглядам аказаліся прыціснутымі да Святога Баўтрамея, што нёс варту злева ад касцёльнай брамы. Драўляныя вочы святога задуменна і трохі збянтэжана паглядалі ў беларускае неба, ледзь прыкрытае парванымі карункамі аблокаў.

–Дык яны ж зусім малыя, ваша мосць! – вырвалася ў цемнавокага юнака.

Сапраўды, нявеста ў пышнай бела-ружовай сукенцы, падобнай да пірожнага, у напудраным парычку з кветкамі мела не больш гадоў за дзесяць. Хаця спіну, зацягнутую гарсэтам, трымала раўнюсенька, а набелены мілы тварык з троху прыўзнятым носікам і вялізнымі блакітнымі вачыма быў адсланёна-важны. Жаніх, што сядзеў насупраць, тварам да нявесты, выглядаў яшчэ маладзейшым, гадкоў шасці. Хутка Пранцішаў Яначка такім самым будзе. Шчуплы хлапчыска ў блакітным аксамітным касцюмчыку, расшытым срэбрам. Таксама парычок і важна-адсланёны выраз твару, як у парцалянавага балванчыка. Абодва дзіцёнкі сядзелі нерухома, быццам лялькі ў музычным куфэрку, спружыну якога яшчэ не завялі. Карэта спынілася перад самым уваходам у касцёл. Забегалі лёкаі, рассцілаючы дываны, грувасцячы лесвічкі і падушкі да ног важных персон… А Вырвіч не мог адвесці вачэй ад тварыку, які ён ужо не спадзяваўся ніколі ўбачыць. Такія самыя блакітныя вочы, толькі з дарослага аблічча, пазіралі на яго калісьці то пагардліва, то гарэзна, капрызлівыя вусны ўсміхаліся, і абрыньвалася сэрца ў бездані, дзе віхурыліся надзея і адчай, і было гэта першае каханне… Князёўна Паланэя Багінская, якую звёз у далёкую Амерыку руды прайдзісвет, пан Гервасій Агалінскі…

Між тым выйсце важных персонаў адкладалася, бо перад імі з’явіліся два Амурчыкі і Псіхея з драцянымі крылцамі, абцягнутымі бялюткім вэлюмам, і дрыжачымі ад хвалявання галасочкамі заспявалі штось пастаральнае… Пранціш, не вельмі кемячы, што робіць, пачаў праштурхоўвацца бліжэй да карэты, не зважаючы на незадаволеныя пагляды і ўскрыкі…

–Пан Вырвіч!

Нечая рука кранула за плячо. Пранціш скінуў ачмурэнне і азірнуўся.

–Давыд!

Полацкі аптэкар, спадчыннік Бутрымава настаўніка, дзядзькі Лейбы, паказваў бялюткія зубы, вочы весела паблісквалі з-пад моднага чорнага капелюша. А што ж, Давыд Ляйбовіч падчас свайго французскага студэнцтва, а павучыцца паспрыяў Лёднік, засвоіў не толькі веды ў фармацыі, але й у фацэтным апрананні. Полацкія дзеўкі ў аптэку Ляйбовіча да абурэння старэйшых гужом бегалі, на вышываныя камізэлькі ды каптанчыкі з карункамі-блондамі падзівіцца.

–Што ты тут робіш?

Пранціш змусіў сябе адагнаць прывіды мінулага. Ляйбовіч паправіў паласатую жоўта-сінюю хустку, што ўпрыгожвала ягоную худую шыю.

–Я ж асабісты лекар Брастоўскіх! Дакладней, пані падскарбіевай…

Нішто сабе… Давыд паціснуў плячыма.

–Усё ў свеце вырашаецца выпадковымі імгненнямі. Чалавек спатыкнуўся аб камень, не на тым скрыжаванні павярнуў, сустрэўся позіркам з незнаёмай дзяўчынай… У маім выпадку быў укус блыхі. Яе мосць Казіміра Брастоўская з Багінскіх праязджала праз Полацк ды заўважыла, што нос распух, як сліва – а вечарам на балі трэба красавацца… Мая аптэка падвярнулася.  За гадзіну нос княскі пабялеў, пухліна спала, адмысловыя пудры давершылі пераўтварэнне… Так што вось як год пакінуў аптэку на памочніка, цягаюся за пані з перасоўнай лабараторыяй. Часам для падскарбія пудры ды персідскі парашок рыхтую… Хутка яшчэ адзін дом у Полацку прыкуплю. О, пан Алесь, і вы тут? А што васпанства сюды прывяло?

Нат з кароткіх фразаў старых знаёмцаў Давыд з’ясаваў, наколькі ўсё кепска з ягоным дабрадзеем і настаўнікам Бутрымам.

–Каб вас густа сеяла ды рэдка ўсходзілі… – разгублена вылаяўся Давыд невядома на каго. – Да іх мосцяў Брастоўскіх сёння не падбярэшся, хіба ўвечары. Заручыны гэтыя недарэчныя, каб бойка яшчэ не ўчынілася…

І праўда, за карэтай прыехала ладная дэлегацыя расейцаў у белых мундзірах. Мусіць, пасол прыслаў за сынам прыгледзець… Але думкі ўсё адно саслізгвалі ў мінулае.

–А нявеста, чыя ж яна дачка?

–Малодшай сястры гетмана, Паланэі.

Давыд, не дужа пасвечаны ў бурлівае куртуазнае мінулае Вырвіча, гаварыў няўважна.

– Там у яе нейкі шлюб незразумелы, выйшла не за роўню, з’ехала кудысь, дзе Абрам і цялят не пасе. У Багінскага самога дзяцей нямашака, выпісаў бедную пляменніцу з-за мора, каб свае справы ўладзіць.

Старое каханне, лёд і кіпень ты…

Значыць, у Паланэйкі, Агалінскай з Багінскіх, акрамя сына, пра якога Пранціш ведаў з адзінага атрыманага з-за акіяну ліста, нарадзілася яшчэ дачка… Але як жа магла неўтаймоўная князёўна, якая выбрала волю замест багацця, аддаць малую дачку ў палітычныя гульні?

–У магнатаў свае законы, — недаравальна паблажліва глядзеў на пыхлівую раскошу аптэкар Давыд.—Трэба – немаўля прызначаць старастам. Альбо ажэняць. Нарадзіўся на паўгадзіны пазней за брата-блізнюка – і ў цябе няма нічога, а ў яго ўсё. Ведаеце, што ў Пане Каханку брат быў, Януш Тадэвуш, на поўгадзіны старэйшы? Памёр рана… А то б ён ардынатам Нясвіжскім ды Слуцкім быў. І ў нашага пана Міхала Брастоўскага малодшы блізнюк ёсць, князь Адам. Ледзь ад рукі пана Міхала не загінуў, калі той з расейцамі барскіх канфедэратаў знішчаў.

Між тым натоўп заварушыўся. Амурчыкі з Псіхеяй скончылі прадстаўленне, і жаніх з нявестай пад дажджом з кветак урачыста рушылі ў касцёл. Давыд схапіў Пранціша і Алеся за рукі.

–Хадзем хутчэй! Ёсць адзін патрэбны нам чалавек… Гэта проста шанцаванне, што я з ім някепска знаёмы, і што ён, здаецца, тут…

Нядаўна да Ашмянскага касцёлу ласкай фундатараў былі прыбудаваныя каменныя калоны, быццам старасвецкай пані дзеці падарылі модны казакін, накідваць паўзверх салопа. З’явіліся і дзве доўгія прыбудовы дзеля патрэб калегіюма, што дзейнічаў пры кляштары. Увішнага полацкага аптэкара і ягоных гасцей пачціва прапусцілі туды гайдукі, апранутыя ў колеры Брастоўскіх, сіні з зялёным. Давыд відавочна лічыўся сваім у княскім атачэнні.

Пакой быў доўгі і цёмны, як лекцыя па граматыцы, на паліцах шыхты кніг у скураных мундзірах. За цяжкім дубовым сталом, у кампаніі самотнага металёвага кубка і мядзянага блюда з лустамі белага хлебу, схіліўшыся над малітоўнікам, свяціў лысінай чалавек у суконным чорным каптане. Хто такі, чаму не на імшы? Таксама іншаверац?

Пытанні зніклі, калі чалавек павярнуў твар да прыхадняў. Пранціш дык і не такое бачыў, а Алесь аж трохі назад падаўся, хоць і разводзіў рапух ды слімакоў. На лысую галаву чалавека ўспаўзала ружовая луска, з брудна-жоўтымі плямамі засохлага гною. Такая ж луска ад шыі паднімалася да левага вока. Вочы ж былі светлымі, з адценнем балота, і надзвычай цёмныя зрэнкі, здавалася, пульсавалі ў гэтай светлай дрыгве.

–Вітаю спадара Давыда! Я так і думаў, што васпан завітае ў нашы Палясціны з іх княскімі мосцямі.

Страхалюд гаварыў прыгожым, густым голасам, як гавораць людзі адукаваныя, што наведвалі лекцыі па рыторыцы.

Давыд пачціва схіліўся.

–Вітанне! Як пачуваецца шаноўны пан Ігнарус?

Чалавек асцярожна правёў пальцам па сваёй звыродлівай шчацэ.

— Deus avertat. Дзякуючы табе, Давыдзе, някепска. Прынамсі, сверб не такі нясцерпны. Ты сапраўдны майстра.

Ляйбовіч яшчэ раз пакланіўся.

–Мне далёка да майго настаўніка, доктара Баўтрамея Лёдніка.

Грубаватыя рысы твару нібыта закамянелі.

–Не ведаў, што ў цябе былі такія настаўнікі, Давыдзе.

Ляйбовіч трохі разгублена азірнуўся на спадарожнікаў.

–Дарэчы, вось і сын доктара Лёдніка, пан Аляксандр… Студэнт Віленскай акадэміі. А гэта пан Франтасій Вырвіч, даўні сябар доктара…

–Вось як…

Дужыя рукі Давыдавага знаёмца былі спрацаваныя, як у каваля. Апёкі, драпіны…

–А яны ведаюць, Давыдзе, да каго ты іх прывёў пагаварыць пра доктара Баўтрамея Лёдніка?

Было ў ціхім голасе штось такое, што непадалёк у ціхай рачулцы Ашмянцы, магчыма, паўсплывалі ўсе печкуры жыватамі да восеньскага неба.

Светла-зялёныя вочы ўтаропіліся ў Ляйбовіча.

–Я цаню, Давыдзе, што ты не цураешся мяне. І нашы гутаркі ad amicitiam за келіхам віна цаню. І ўдзячны за лячэнне. Але ты павінен усведамляць, што схіляць мяне да здрады бескарысна.

І з нейкай прыхаванай злой весялосцю перавёў позірк на Пранціша і Алеся:

–Я кат. Ашмянскі кат.

Цяпер сляды апёкаў на руках пана Ігнаруса нагадвалі зусім не наконт працы каваля. Пранціш моцна сціснуў локаць Алеся: не адхінацца, не жахацца, не крывіцца.

–Вітаю шаноўнага пана Ігнаруса. Можа, васпан мае звесткі пра майго пана бацьку?  Ён… жывы?

Ашмянскі кат з ухвальным здзіўленнем прыўзняў светлыя, бровы:

–Мяжа між жыццём і смерцю такая тонкая… Танейшая за чалавечы волас, васпане. Кожны з нас носіць у сабе сваю смерць… Нешта, што парве той волас. У кагось гэта – слабы ад прыроды альбо пашкоджаны ўнутраны орган, які з цягам часу разладзіцца настолькі, што зламаецца, як шасцяронка ў складаным механізме, і тым спыніць дзеянне ўсяго механізму… У кагось – загана характару, альбо небяспечныя веды… Маленькі вусень, які селіцца ў яблыку і выядае яго да зморшчанай скуркі. Пакуль побач спрабуюць гвалтам змусіць кветкі распускацца, давайце пагаворым пра згнілыя плады. Прысаджвайцеся, вашы мосці. Ёсць квас і булка… Збан вунь там, на куфры, і кубкі.

Алесь разам з Вырвічам і аптэкарам пакорліва сеў за стол насупраць чалавека, які напэўна катаваў яго бацьку. Можа быць, нават сёння раніцай. Ці ўчора вечарам. Што рабілі з Баўтрамеем Лёднікам гэтыя спрацаваныя дужыя рукі, якія зараз так беражліва адкладаюць малітоўнік у чорнай скураной вокладцы?

Кавалак у горле перасядаў… І да кубка не хацелася вуснамі дакранацца – бо з яго, магчыма, піў кат.

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.