Людміла Рублеўская
з цыклу “ЯНЫ”
Вершы пра фобіі і маніі
Прысвячаецца надмагіллям Готланда
Ён баяўся спаць лежачы, верыў – душа адляціць.
Ён грувасціў падушкі, хапаўся за вострыя думкі.
Сэрца грукала ў рытме чужых баявых калясніц,
І ніколі дзіця да яго не працягвала рукі.
Ён ні разу з жанчынай на ложа граху не прылёг.
Раптам ляжа з якою – а тая акажацца Смерцю.
Фундаваў кляштары – каб яго дапільноўваў Пан Бог.
Замаўляў гараскопы і ездзіў у чорнай карэце.
Як чалец магістрату, законы хацеў працягнуць –
Хто прыляжа на траўку, сцябаць бізунамі ляніўца.
Ды аднойчы не змог, навет седзячы ў крэсле, заснуць.
І ўсвядоміў: сусвет нейкім спосабам перакуліўся.
І ніколі не стаць вертыкальна да гэтай муты,
Што завецца быццём і падманвае, быццам кабета.
На магіле яго паляжаць так карысна тады,
Як ацёкі ў нагах.
Заўтра ж пройдуць.
Такая прыкмета.