Прайшло ўжо амаль дваццаць гадоў, калі я і Віктар Шніп працавалі ў газеце «Літаратура і мастацтва», а гэта быў канец 1990-х- пачатак 2000-х. Мы прыдумалі рубрыку. Гэткі літаратарскі клуб, які збіраўся ў нас дома. Прыходзілі пісьменнікі, паэты, крытыкі. Я ставіла на стол старэнькі магнітафон «Вясна», усё запісвалася, а потым я рабіла разварот для «ЛіМа»… Цяпер, перачытваючы тыя мтэрыялы, здзіўляюся – востранька… Дзіва што кожны раз рэзаніравала. Далёка не ўсё можна друкаваць сёння. Бо выказваліся шчыра, абмяркоўвалі тусоўку…За адным сталом апыналіся людзі, якія сёння, можа, не вітаюцца. Таго-сяго і ў жывых няма. Меняліся ацэнкі, меркаванні. Не ўсё з «гарбатаў» пераведзены на сёння і ў лічбавы фармат.
Вось вам узоры…
За гарбатай у Шніпоў
Львы і авечкі ў час завірухі
У самы разгар эпідэміі грыпу, у дзень жахлівай завірухі, калі тралейбусныя драты абледзянелі і транспарт па ўсім горадзе ўтвараў безнадзейныя «пробкі», – у кватэры Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай зноў сабраліся госці на чарговую гарбату. І былі сярод тых, хто не збаяўся завірухі і прыйшоў паразмаўляць пра такую неістотную ў наш прагматычны час рэч, як літаратура, доктар філасофскіх навук, тэарэтык літаратуры Уладзімір Конан, паэтэса Людка Сільнова, малады паэт, перакладчык і адзін з лідэраў «Бум-бам-літа» Сяржук Мінскевіч і малады крытык Ірына Шаўлякова.
І вось якая размова атрымалася…
Л.Рублеўская. Напрыканцы нашай мінулай «гарбаты» прагучала заяўка чарговай тэмы: новыя імёны беларускай літаратуры…Калі я паспрабавала запрасіць да удзелу ў «гарбаце» Івана Антонавіча Брыля, ён сказаў прыблізна наступнае: «Толькі не на гэтую тэму…Мы навучаныя горкім вопытам – называем імёны маладых, хвалім, а яны пасля насы дзяруць…» Таму адразу вызначымся – прапанаваная тэма не мае нічога агульнага з тэмай «імёны маладых пісьменнікаў». Гэта, відаць, толькі ў «правінцыйных», так званых «малых» літаратурах прынята – чалавек адзін раз надрукаваўся, а яго імя ўжо лічыцца «ў літаратуры»…Між тым, у літаратуры імя з’яўляецца не з першай публікацыі, а калі – паспрабуем вызначыць у гаворцы. Першапачатковая стадыя «з’яўкі імёнаў» сапраўды вельмі экстрапаліраваная. Імёнаў пачаткоўцаў вельмі шмат. З іх уваходзіць у літаратуру невялікі працэнт. Французскі літаратар П.Валеры казаў: «Леў – гэта толькі з’едзеныя ім авечкі», маючы на увазе пісьменнікаў маргінальных, чые творы застаюцца па-за хрэстаматыямі. Як узнікае гэты падзел на «львоў» і «авечак»? Рэдка бывае так, што ад пачатку творчай дзейнасці відаць, што перад намі – літаратурная велічыня. Звычайна ў 16-17 год таленавітыя маладыя людзі пішуць на адным узроўні…Прайшоў час, глядзіш – большасць з гэтага пакаленя знікла, а адно – два імёны сапраўды ўвайшлі ў літаратуру. Ян Парандоўскі, польскі даследчык літаратуры, сцвярджае, што славу сваю – прыжыццёвую – пісьменнікі робяць самі. Ні Петрарка, ні Вальтэр не спадзяваліся на тое, што іх нехта заўважыць, ацэніць. Аказваецца, яны не грэбавалі нічым, каб дабіцца вядомасці. І цяпер адбываюцца рэкламныя кампаніі пісьменнікаў. Сюды ўваходзіць і паняцце аўтаміфалагізацыі. Можа быць, мала пісаць таленавітыя творы, а трэба займацца, па прынцыпе сімвалістаў, жыццятворчасцю?
С.Мінскевіч. Кафка нічога не рабіў са сваім жыццём і нават папрасіў, каб пасля смерці спалілі ўсе ягоныя рэчы.
Л.Рублеўская. Тым і адбыўся факт, які спрыяў міфалагізацыі. Бо да пісьменніка могуць прыцягнуць увагу і нейкія неспрыяльныя асаблівасці яго лёсу – п’янства, неўладкаванае асабістае жыццё, спроба самагубства, ранняя смерць.
С.Мінскевіч. Кафку ніхто не заўважыў з-за яго смерці. Гэта проста выпадак, што яго спадчыну ацанілі. Тое самае і з Хармсам – выпадак, што плён творчасці захаваўся…
У.Конан. Я думаю, Кафка быў упэўнены, што яго рукапісы не спаляць.
І.Шаўлякова. Імя пачынаецца ўжо з самога імя …Вось у майго суседа па канапе – Сержука Мінскевіча – ажно некалькі псеўданімаў. Ён і Сяргей Мінскевіч, і Сяржук Мінскевіч, і Серж Жук – Мінскевіч…Тут і пачатак аўтаміфалагізацыі…
С.Мінскевіч. Гэта проста розныя іпастасі аднае асобы. Форму подпісу вызначае жанр твора.
У.Конан. І Кафка, і Шэкспір сталі прызнанымі імёнамі ўжо пасля смерці. Шэкспір быў акцёрам, правінцыйным драматургам, вядомым толькі ў сваёй акрузе. Можа быць, ён і быў бы вядомы толькі ў Англіі, каб Англія не стала імперыяй і яе культура не распаўсюдзілася па ўсім свеце. Тады і Шэкспір стаў геніяльным. Купала, на маю думку, не ніжэй за Шэкспіра. Каб Беларусь стала імперыяй, і Купала стаў бы сусветным геніем. І наогул я – за авечку, я супраць львоў…Самы геніяльны хрысціянскі пісьменнік – Ісус Хрыстос, агнец. І Яго з’елі. Але сваёю смерцю ён перамог смерць. Відаць, ёсць тое, што для вечнасці, а ёсць тое, што для часу. У нас блытаюць папулярнасць і талент, геніяльнасць. Я думаю, Пушкіна, калі ён жыў, ведала невялічкая група аматараў паэзіі. Расія зрабілася вялікай імперыяй, і Пушкін зрабіўся сусветным паэтам. І калі Беларусь застанецца ў такім стане, у якім яна цяпер, хай будуць тут Шэкспіры, Мільтаны – ніхто не даведаецца пра іх. Вядома, калі браць лакальна беларускую літаратуру, можна казаць пра папулярнасць у яе прасторы. А ўвогуле часам бывае так, што ягняты з’ядаюць льва. Ці маладыя пакаленні выцясняюць старэйшых…Той жа Кафка быў хутчэй агнец: не ён з’еў – яго з’елі.
Л.Рублеўская. Трэба адрозніваць пісьменніка – як фізічную асобу, і пісьменніка – як сукупнасць яго твораў. І творчасць Кафкі – добры такі леў, які з’еў ладную плойму авечак і працягвае есці…
У.Конан. Сапраўды, творцу патрэбная воля, інтэнцыя. Чалавек, пазбаўлены іх, пазбаўляецца і таленту. Патрабуецца, пэўна, і некаторае «нахабства»…
І.Шаўлякова. Наша літаратура – сістэма кланаў. І ў кожным клане – свае імёны. У «Першацвеце», у «Бум-бам-ліце», у Таварыстве вольных літаратараў…Нават вакол перыядычных выданняў утвараюцца свае групоўкі. Можа быць, сапраўднае літаратурнае імя – калі гэта яно прызнаецца ўсімі «кланамі»?
С.Мінскевіч. Мне не падабаецца тэрміналогія «леў» і «агнец». Маецца на увазе, што «леў» прыцягвае да сябе больш увагі, чым «агнец»…А ў «агнца», можа быць, тыя самыя ідэі ўзнікалі раней, але ён не здолеў прыцягнуць да сябе агульную ўвагу. Ідзе барацьба за інфармацыйнае поле. Літаратурныя «кланы», зразумела, існуюць, але яны творы адзін аднаго ўсё-такі чытаюць…Мы кажам, што Беларусь – маленькая дзяржава, мы нічога не можам у ёй дабіцца…Ямайка яшчэ меншая. Там з’явіўся Боб Марлі, які стварыў новы музычна-літаратурны стыль – рэггей, і Ямайка стала імперыяй гэтага стылю.
Л.Рублеўская. На шчасце, не толькі штучнае прыцягненне да сябе ўвагі робіць імя. Юрый Станкевіч, які ні ў якіх «інсталяцыях» не ўдзельнічаў, звярнуў апошнім часам на сябе ўвагу выключна сваімі творамі. У нашым уяўленні ён уваходзіць у генерацыю маладых – якія шукаюць, эксперыментуюць, маюць творчы патэнцыял. Хаця ўзростава ён належыць зусім да іншага пакалення…Вось яно – новае імя беларускай літаратуры без аўтаміфалагізацыі.
І.Шаўлякова. Тут жа можна назваць і Міколу Купрэева, паміж першай і другой кніжкамі якога прайшло трыццаць гадоў. М.Купрэеў, як і Кафка, не займаецца аўтаміфалагізацыяй, ён жыве па несвядомым прынцыпе жыццятворчасці. Жыве так, таму што інакш не можа.
Л.Рублеўская. Але каб не было Леаніда Галубовіча, не адкрылі б мы цяпер гэтае імя…Пасля, калі-небудзь – магчыма…Патрэбен усё-такі энтузіяст, які паспрыяе захаванню, надрукаванню твораў – так, як сябры Кафкі, Эмілі Дзікенсан…
І.Шаўлякова. Важная і частотнасць з’яўлення твораў у друку…Але гэты шлях вельмі небяспечны, не ўсім на карысць. Хаця вось, напрыклад, малады паэт Алесь Дуброўскі з’яўляецца досыць рэгулярна ў розных выданнях. Там не было раптоўнага ўсплёску – ён паступова «расце». А часам чалавек у частых публікацыях «выпісваецца»…
Л.Рублеўская. Для мяне прыклад увесьчаснай актуалізацыі імя і ўвогуле прыклад прафесійнага белетрыста – Іван Шамякін. Як ён адгукваецца на ўсе тэмы! Прачытала ў апошнім нумары «Полымя» яго «Палескую мадонну» – і, ведаеце, «закранула» мяне…
І.Шаўлякова. Гэта валоданне нюансамі сентыментальнага пафасу.
С.Мінскевіч. Іван Шамякін мае магчымасць прафесійна пісаць, а я павінен зарабляць грошы, каб пражыць…Праўду Сяргей Кавалёў казаў – лепей пісаць п’есы… Напісаў адну – і паўгода займаешся тым, дзе яе паставяць, хто…Жывеш на ганарары. А празаіку трэба пісаць, мучыцца кожны дзень.
У.Конан. Трэба ж мець драматургічны талент. У Івана Чыгрынава, напрыклад, хоць і ставілі яго п’есы ў тэатрах, фраза халодная, добрая для эпікі – не для сцэны. Увогуле, пісьменнік павінен жыць дзевяноста гадоў – каб пісаць пад старасць ціха, без крыку, без шуму…
С.Мінскевіч. А ці у нашым часе могуць з’явіцца Шэкспіры?
У.Конан. Паводле Эклезіяста, ўсё вяртаецца, паўтараецца, толькі на іншым узроўні. У сувязі з гэтым можна ўспомніць міфалагемы горада Б* прысутнай тут нашай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай, што друкаваліся ў «Крыніцы». Яны прывабліваюць адукаванага чытача сваёй мастацкай дасціпнасцю. Летась я працаваў над тэмай беларускай міфалагемы ў кантэксце сусветнай міфалогіі…Скажам, міфалагема пастух – гэта Бог, і музыкант, і Арфей, і Сымон-музыка…
І.Шаўлякова. А можа быць, імёны класічнай літаратуры і імёны эпохі постмадэрнізму нельга вызначыць па адных крытэрыях?
У.Конан. А што змянілася? З’явіліся камп’ютэры? Але яны не больш, чым электронныя машыністкі…Уявім, што Адам Мальдзіс не ездзіў бы сам па розных архівах, а камп’ютэр выдаваў бы яму звесткі, дзе якія дакументы ёсць пра Беларусь. І не з’явіліся б цудоўныя кнігі Адама Мальдзіса пра яго вандроўкі…Гегель сфармуляваў гэта так: каштоўнае заключаецца не толькі ў выніку, але і ў шляху да выніку…
Л.Рублеўская. Ёсць надзейны шлях для ўтварэння «новых імёнаў» – аб’яднанні, суполкі з кідкімі назвамі, незвычайнымі праграмамі, імпрэзамі, інсталяцыямі…Іх лягчэй запомніць, чым асобнага літаратара.
С.Мінскевіч. «Бум-бам-літ» – гэта арганізацыя, дзе аўтарам адразу кажуць: вы – ільвы, вы – не авечкі…
Л.Рублеўская. Імя запамінаецца і ў тым выпадку, калі з аўтарам звязана нешта характэрнае, ёсць нейкая своеасаблівая рыса творчасці…. Напрыклад, Людка Сільнова – гэта “рысасловы”.
Л.Сільнова. Было проста некалькі графічных вобразаў слоў, я друкавала іх у “Крыніцы”… Праз нейкі час Алесь Аркуш прапанаваў стварыць мне такую кніжку. Але, па сутнасці, я не ўваходжу ні ў якія аб’яднанні . Мяне проста цікавіць творчасць розных нефармальных суполак, але я ўсё-такі застаюся сама па сабе…
Л.Рублеўская. Маем несупадзенне іміджу і асобы – бо ў маім, у прыватнасці, уяўленні Людка Сільнова – прадстаўніца паэзіі нетрадыцыйнай, і абавязкова павінна належаць да нейкай плыні – бо ўся прастора нашай нетрадыцыйнай літаратуры нібыта падзелена на плыні, суполкі…
І. Шаўлякова. Новае імя з’яўляецца, калі нехта падводзіць пад яго тэорыю.
С.Мінскевіч . Гэта заканамерна – каб струна гучала, трэба дэка.
Л.Рублеўская. Ці не атрымаецца, што творчасць – дадатак да імя, да міфа? У тым напрамку, які вызначыў постмадэрнізм, любое спалучэнне гукаў можа мець сэнс… традыцыйнае мастацтва дае чалавеку сістэму вобразаў, нетрадыцыйнае – з дапамогай твора- каталізатара выцягвае вобразы са свядомасці чалавека…
І. Шаўлякова. Постмадэрнізм – мастацтва, насычанае вобразамі не менш за рэалістычнае. Віна крытыкі – што яго не разумеюць… Паўтаруся: крытэрый важкасці літаратурнага імя – калі яго прызнаюць як імя ці не – усе накірункі крытыкі. У гэтым сэнсе прыклад – Алесь Разанаў, які ўяўляе вялікую цікавасць і для традыцыяналістаў, і для постмадэрністаў.
Л.Рублеўская. Які ў свой час пачынаў, як абсалютна традыцыйны паэт… Можна зазначыць, што як новае імя ён з’явіўся не пасля першай публікацыі і не пасля першай кніжкі, а на пэўным этапе свайго творчага жыцця.
У.Конан. Калі было створана “Узвышша”, Уладзімір Дубоўка напісаў паэму з эстэтычнай праграмай: трэба апусціцца ў нізіну, каб пасля падняцца на вяршыню.
І. Шаўлякова. А ці можам мы назваць прыклады яўнай аўтаміфалагізацыі?
С. Мінскевіч. Любы адразу зможа… Сыс.
І. Шаўлякова. Я б сказала, хутчэй Глобус…
С. Мінскевіч. Самая яскравая праява аўтаміфаланізацыі – скандал. Як прыклад – Славамір Адамовіч, які заблытаўся з палітыкай і аўтаміфалогіяй.
Л. Рублеўская. Жыццятворчасць –гульня небяспечная.
С. Мінскевіч. Так, калі не ўбачыш нейкай грані, мяжы, можа адбыцца трагедыя.
Л. Рублеўская. Як у гуртку расійскіх сімвалістаў пачатку стагоддзя, якія спавядалі прынцып жыццятворчасці: Белы, Брусаў, Блок, іх Дамы – Пятроўская, Мендзялеева. І заблыталіся ў сваіх адносінах, якія пераносілі з твораў у жыццё, з жыцця – у творы…
С. Мінскевіч. Пытанее: адкуль вы даведаліся пра тыя акалічнасці?
Л. Рублеўская. З кніжак.
С. Мінскевіч. Тады паўстае пытанне: а ў нас пішуцца такія кніжкі?
Л. Рублеўская. Кудласевіч паспрабаваў гэта зрабіць – яго “трыццаць дзён з дзённіка” ў “Крыніцы”… “Нон-фікшн” проза, якая набірае моц, і ёсць аўтаміфалагізацыя.
І. Шаўлякова. Згадаем “Зацемкі” Галубовіча, нататкі Глобуса…
С. Мінскевіч. Таго ж Сідарука можна ўспомніць. Але такой мемуарыстыкі, якая існуе ў расійцаў, у нас няма.
Л. Рублеўская. Мне здаецца, што ў нашым літаратурным асяроддзі склалася практыка, калі кожная спроба аўтаміфалагізацыі, прыжыццёвай мемуарыстыкі сустракаецца з насцярожанасцю, ледзь не варожасцю. Пераканалася ў гэтым, калі збірала меркаванні рубрыкі “ Бліц-крытыка”.
І. Шаўлякова. Справа ў тым, што ўсе гэтыя прыжыццёвыя мемуары не могуць утрымацца ад эпатажнасці, прысмаку скандалу.
У. Конан. У Шамякіна добрая мемуарыстыка. У прыватнасці, яго “Аповесць пра сябра” – можа, найлепшае, што ён напісаў.
І. Шаўлякова. Так, калі яна з’явілася ў друку, быў вялікі рэзананс. Прыпадымалася заслона над жыццём тых, каго бачылі ў асноўным на юбілейных вечарынах.
Л. Сільнова. Сапраўды, ёсць у некаторых літаратараў непрыманне спроб іншых аўтараў нешта рабіць у напрамку аўтаміфалагізацыі. Яны лічаць гэта рынкавай гульнёй. А да рынку літаратура ў нас заўсёды адносілася з пагардай. Гэта цяпер вырасла пакаленне маладых літаратараў, для якіх рынак ужо не з’яўляецца злом…
І. Шаўлякова. Многае залежыць ад таго, у рукі якога выдаўца трапляе рукапіс, як літаратурнае імя будзе выглядаць у графічным выяўленні…
С. Мінскевіч. Ідэальна, калі аўтар сам сябе рэдагуе , сам сябе выдае і сам прамаўляе свае творы на публіку.
Л. Сільнова. Тут патрэбны пэўныя здольнасці.
С. Мінскевіч. Усё-такі адбор адбываецца на ўзроўні інтуітыўным. “Выжывае” той аўтар, які аказваецца з большай інтуіцыяй.
І. Шаўлякова. Але да сваёй інтуіцыі мы дадаем квінтэсенцыю прачытанай літаратуры.
С. Мінскевіч. Чытаючы іншых – вучышся ў сябе.
І. Шаўлякова. Гэта ўласцівасць ільва, які паглынае бедных авечах?
У. Конан. Прароцтва Ісайі кажа, што ў раі леў будзе мірна жыць побач з авечкай…
С. Мінскевіч. Але ці можа быць у літаратуры рай?
С. Сільнова. У свеце літаратуры ўсе вобразы мірна суіснуюць.
Л. Рублеўская. Не, літратура – жорсткая рэч.
І. Шаўлякова. Калі ідзе дзяльба інфармацыйнай прасторы – у мастацтве, літаратуры найменш выбіраюць сродкі барацьбы…
У. Конан. Згадваецца “Тарас на Парнасе”…
І. Шаўлякова. “Як тараканы каля хлеба, Багі паселі ўкруг стала”?
Л. Рублеўская. Думаю, нам лепш уявіць сябе ніжэй, па дарозе на Парнас… Калі міма пралятаюць “Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі”…
С. Сільнова. Вяртаючыся да слоў Сержука пра тое, што аўтар павінен сам прамаўляць тэксты, якія не патрабуюць агучвання, хаця б па сваім вялікім памеры…
Л. Рублеўская. Некалі ўсё мастацтва было сінкрэтычным. Пасля раздрабнілася. Але, можа быць, калі-небудзь зноў стане сінкрэтычным?
С. Мінскевіч. Самыя славутыя паэты XX ст. – паэты з гітарай: Джон Ленан, Джым Морысан…
У. Конан. Усякае ўспрыманне інтэнцыянальнае. Усё павінна пачынацца малітвай… Або з цішыні. Бо ў цішыні кожны можа памаліцца. А калі адразу прытупляюць усе віды пачуцця крыклівай антымузыкай, то я надоўга губляю здольнасць успрымання. Можа быць, ёсць пэўная цыклічнасць у жыцці чалавека, калі прымаюцца розныя каштоўнасці. Фалькларыстка Зінаіда Мажэйка вызначыла цыклічнасць успрымання народнай песні: чалавек толькі пасля сарака гадоў вяртаецца да каранёў сваіх… Можа вярнуцца і ў дваццаць, можа не вярнуцца зусім. Але такая заканамернасць ёсць.
І. Шаўлякова. І ўсё-такі ў розных сістэмах па-рознаму вызначаецца каштоўнасць таго ці іншага імя… Сяржук сказаў, што Джон Ленан – сусветна вядомы паэт. А Уладзімір Міхайлавіч вершаў апошняга, можа, і не чытаў…
С. Мінскевіч. Калі творца, сыты леў, толькі што напісаў вялікі твор, ён можа нікога і не есці – пачакае, пакуль прагаладаецца.
Л. Рублеўская. Але ж творчасць у інтуітыўным плане самадастатковая, і твор па-за воляй творцы зойме там такое месца, якое павінен, увабраўшы ў сябе, “з’еўшы” “авечак”, што будуць замінаць. Як кропля фарбы расцякаецца па паперы роўна на столькі, колькі фарбы ты капнуў…
Л. Сільнова. Гэта яшчэ залежыць ад якасці паперы…
С. Мінскевіч. Мне вельмі спадабалася шчырасць Дубаўца, які напісаў, што яму дастаткова ўсведамленне, што ён можа напісаць так, як гэты ці той…
У. Конан. Ці не таму ён развітаўся з літаратурай і перайшоў на публіцыстыку?
Л. Сільнова. Я дык кажу сабе: “ Не пішацца – і дзякуй Богу!”
С. Мінскевіч. Калі пісьменнік адчувае сябе львом, ён павінен камусьці паказваць сваю грыву…
Л. Рублеўская. Тут яшчэ пытанне, каб людзі бычылі, што ты леў. А то авечкі ад цябе разбягацца не будуць, а мо яшчэ і затопчуць.
І. Шаўлякова. Як толькі імя з’явіцца, яго адразу пачынаюць адны – усхваляць, другія – бэсціць… Як тут не разгубіцца?
Л. Рублеўская. Адразу ўспомніўся Андрэй Федарэнка, якога то бэсцілі ў “ Нашай Ніве”, то хвалілі ў “Крыніцы”… Так і ствараецца імя. Няхай у адмоўнай афарбоўцы – але запамінаецца!
С. Мінскевіч. Мяне больш непакоіць праблема самавыяўлення. Першы шлях – ісці з творамі ў свой “клан”, дзе сядзяць такія ж “лёвы”. Там зразумеюць, скажуць сваё меркаванне… Але ж хочацца выйсці “на публіку”!
І. Шаўлякова. “Транскланавую прастору”.
Л. Сільнова. Пры кожным такім “клане” – свая публіка.
І. Шаўлякова. Сапраўдная публіка – гэта людзі правінцыі, настаўнікі, інтэлігенцыя. Яны не чытаюць літаратуразнаўчых даследванняў, манаграфій… за гэтую публіку і ідзе сапраўдная барацьба. А што тычыцца новых імёнаў, то я лічу сваіх равеснікаў літаратарамі міжсезоння. Яны не паспелі на “Тутэйшых”, але спазніліся на “Бум-бам-літ”… І прабіваюцца ў літаратуру самі. Хаця ўзрост тут не вызначальны.
Л. Рублеўская. “Тутэйшыя” ў маім разуменні не арганізацыя, а пакаленне. Такія там усе былі розныя… Аб’ядноўваў адраджэнчы пафас і ўзрост. Я, напрыклад, лічуся ў “Тутэйшых” – і сама сябе туды залічваю, але ніколі на іх пасядженнях не была.
Л. Сільнова. А я была ці не на ўсіх пасяджэннях, але маіх твораў у зборніках “Тутэйшых” няма…
С. Мінскевіч. “Бум-бам-літ” – гэта таксама не арганізацыя. У ім можа быць кожны… Вось ужо маладзейшыя – філфакаўцы, што стварылі нядаўна сваё літаб’яднанне “Восьмая вышыня”, больш закрытыя….
І. Шаўлякова. Іх аб’яднанне – проста альтэрнатыва, пратэст супраць існуючых “традыцыйных” літаб’яднанняў.
С. Мінскевіч. Дзейнасць актывізуецца пратэстам. Таварыства вольных літаратараў – пратэст супраць Саюза пісьменнікаў. “Тутэйшыя” – пратэст супраць канфармізму. “Наша Ніва” – пратэст супраць нейкіх эстэтычных несупадзенняў… Вершы Юрыя Гуменюка – пратэст супраць прыстасаванства.
Л. Сільнова. А хіба вы не прыстасоўваецеся адзін да аднаго ў сваёй групоўцы?
У. Конан. Дэмакратыя – гэта і ёсць прыстасаванне, канфармізм. Нонканфармізм – гэта імперыя.
Л. Сільнова. І сям’я – гэта таксама прыстасаванне… Як бібліятэкар я заўсёды рада кожнай новай кніжцы беларускіх літаратараў. Новае імя – гэта надзея, заяўка. Як нараджэнне дзіцяці: магчыма, гэта наш Збаўца… У свеце не два колеры, не толькі два меркаванні. Гэта не пазіцыя творцы. Нельга, каб якаясь групоўка, “клан”, пра якія мы казалі, лічыла: “За намі – ісціна, а астатнія…”
І. Шаўлякова.У тым і небяспека сённяшняга падзелу… Які можа блага скончыцца…
Л. Рублёўская. І калі падумаеш – каму ўсё гэта трэба, што ты робіш…
С. Мінскевіч. Перш за ўсё гэта патрэбна самому творцу. Падабаецца – пішы. Падабаецца рабіць сабе імя – рабі.
Л. Сільнова. Калісьці я хацела напісаць у жыцці ўсяго адзін верш. Але ён так і не напісаўся: у мяне іх шмат.
У. Конан. Перш за ўсё я не думаю, што пішуць для задавальнення. Творчасць ёсць спалучэнне асобы з вечнасцю, праекцыя на вечнасць. Маці нараджае дзіця па інстынкце вечнасці, і гэта дае ёй магчымасць вытрымаць усе пакуты нараджэння. Так і ў творчасці. Яна немагчымая без інтуіцыі вечнасці. Калі я жыву толькі сёння – дзеля чаго пакутаваць? Некаторыя паэты, мастакі, нават даследчыкі співаюцца, таму што яны не гатовыя прыняць пакуты творчасці… Занадта лёгкая папулярнасць азначае, што чалавек недзе памыліўся, і яго імя знікне. За хуткі поспех творца плаціць кароткім жыццём. Мы ведаем такіх – бліснулі, згарэлі. Лепш быць Львом Талстым, прайсці ўсе стадыі творчасці, вядомасці…
Л. Сільнова. Для гэтага трэба нарадзіцца графам, мець свой маёнтак, магчымасць тварыць.
У. Конан. Не мною сказана: адукаваны селянін – і ёсць граф…
С. Мінскевіч. Але колькі часу ён аддае сялянская працы! Калі я чую пра дапамогу беспрацоўным, думаю: вось бы мне яе выплачвалі, а я б толькі нешта ствараў.
У. Конан. І нічога б не атрымалася. Для творчасці патрэбны і супраціў.
Л. Рублеўская. Зноў мазахісцкая тэорыя.
С. Мінскевіч. А ў мяне геданісцкая тэорыя!
Л. Сільнова. Хутчэй не геданісцкая, а прыродная – ствараць, як птушка спявае.
С. Мінскевіч. Што да мяне – дык я стану “імем”, калі скончу пераклад “Дзядоў” Міцкевіча на беларускую мову.
Л. Рублеўская. Калі б я называла “імёны года” – назвала б Міколу Купрэева і Юрыя Станкевіча.
Л. Сільнова. А я б згадвала Галіну Дубянецкую…
І. Шаўлякова. Я ўжо згадвала Алеся Дубоўскага…
Л. Рублеўская. Але самае істотнае – што ў самы разгар эпідэміі грыпу, калі на двары такая завіруха і не ходзіць транспарт – сабраліся людзі, каб гаварыць пра беларускую літаратуру і тыя новыя імёны… Бадай што з гэтага я і пачну переказваць нашу “гарбатную” гаворку…