КАЛЯДНЫ КАРНАВАЛ
Балада
Маляваныя анёлкі
плачуць срэбным канфеці.
У маёнтку адабраным
карнавалу час прайсці.
Гэта сведчанне, што новы
гаспадар надоўга тут,
І ягоныя нашчадкі скажуць:
“Тут наш родны кут”.
Госці ў строях залачоных –
ззяе масак чорны шоўк.
Працякаюць цераз дзверы,
бы ў гадзінніку пясок.
Кружаць, кружаць, бы ў шампанскім
залатыя пухіры.
І ўсміхаюцца пыхліва новыя гаспадары.
А старыя – у Сібіры,
у халоднай глебе спяць.
І на гэтым свяце здрады
іх няможна ўспамінаць.
Як палалі іх парсуны,
шафы, куфры, цэлы свет…
Толькі зброя засталася.
Зброя – гэта рарытэт!
Шаблі, дзіды, шастапёры –
на кілімах, на віду.
Помняць Воршу і Дуброўна,
Грунвальд, Сінюю Ваду.
Інсургентаў пассылалі –
толькі помняць іх мячы:
На іх сталі прысягалі
хіжых прыхадняў сячы.
Карнавал шуміць у залах,
край маўчыць – бы ўноч кірмаш.
Ціха на сцяне маёнтка
ссунуўся стары палаш.
Закрычала мандрагора,
упусціў Харон вясло.
І па мармуры каміну
штось барвовае сцякло.
У зашклёнае вітрыне
варухнуўся арбалет…
Засталіся перад ганкам
шэрагі пустых карэт.
2015