Першая калона
Якія яны былі вялізныя…
Неба ўтрымаюць, не тое, што мармуровы гаўбец шляхецкай сядзібы з не зусім шляхецкай назвай Кадаўбцы.
Да такіх калонаў трэба пад’язджаць на антычнай калясніцы… Ці калі ўжо звычайнай карэтай, дык не з адной парай коней.
Нарэшце сядзібны дом Даўгавухаў набыў паважаны выгляд. Чатыры мармуровыя калоны ў порціку – як чатыры стыхіі, што ладзяць гармонію сусвету… Тэтрада, сакральная лічба Гермеса, сымболь справядлівасці… Чатыры райскія ракі, чатыры літары невымаўляльнага імя Бога… У чацвёртым крузе пекла жміндзе і марнатраўцу прыйдзецца бясконца ўскочваць на гару вялізны камень… У чацвёртым крузе рая вядуць бясконцыя мудрыя гаворкі душы мысляроў… Чатыры евагелістыя прынеслі Слова, чатыры вершнікі Апакаліпсісу здзейсняць яго вырак… Чатыры слупы, на якіх трымаецца дом, і кожны мусіць быць умацаваны ахвярай…
Малады ўладальнік Кадаўбцоў, пан Габрусь Даўгавух, найменш думае пра Апакаліпсіс. А таксама мартатраўства і тым болей скупецтва. Ён шчодры, адважны і разумны, і шчыра кахае сваю Анэлю з Залескіх – тры месяцы, як пашлюбаваліся, месяц, як вярнуліся з вандроўкі ў Італію, і праз паўгады падоўжыцца род Даўгавухаў…
Вось-вось пакажацца брама сядзібы, а за ёй прысада, абсаджаная ліпамі, і па брукаванцы так весела падскокваюць колы. А фурман Гальяш, круглатвары меланхалічны мацак з панскай вёскі, хмурыў светлыя бровы ды адмаўляўся запрагаць чатыры пары коней у адзін экіпаж – маўляў, нязвыкла, небяспечна, дый навошта? Нат губернатар чацвярыком найбольш абыходзіцца… Нехта з Радвівілаў шасцярыком праязджаў… А восем коней? Ніхто столькі не запрагаў у карэту ў іх павеце! Гэта хіба на каранацыі…
Але пан Габрусь пастанавіў — хоча паехаць на павятовы дваранскі сход (паўвека таму гэта быў бы шляхецкі соймік) – як належыць нашчадку слаўнага роду і самаму прагрэсіўнаму землеўладальніку павета. Каб адразу зразумелі – не жаба ў каламажцы… План асушэння мясцовых балатоў не горшы, чым быў у ягонай княскае мосці Міхала Казіміра Агінскага, хай яму на тым свеце на арфе сыграюць з палепшанай педаллю, якую ягоная княская мосць у сваім зямным існаванні вынайшаў.
Паны пашумелі, пабурчэлі… Але пад напорам маладога рэфарматара Даўгавуха згадзіліся паўдзельнічаць у прагрэсіўнай справе, якая да таго ж абяцае шмат выгады. Як жа добра, што старэйшы Даўгавух у свой час мудра адыйшоў убок ад інсургенцкіх спраў, не зважыў на пагарду суседзяў ды сваякоў… Сармацкі гонар, вольнасць… А цяпер – што? Суседнія Весніцы канфіскаваныя і перададзенныя новаму гаспадару, палкоўніку імператарскага войска, Гарнушкі, што за Чорнай рэчкай, таксама забраныя, а гаспадары ўсёй сям’ёй дзесь пад Табольскам шануюць свой сармацкі гонар… А Кадаўбцы належаць Даўгавухам, і будуць належаць да канца вякоў.
Трохі запалыя, вузка пасаджаныя шэрыя вочы пана Габруся паглядаюць ганарыста, на ўсіх фамільных партрэтах даўгавухаўскіх такі пагляд.
–Хутчэй!
Гальяш хэкае, нібыта замахваецца сякерай над асабліва тоўстым цурбаном, прыспешвае коней звыклым “Каб вам духі выперла”… Вараныя, ільсняная поўсць, ля капытоў калматыя “шкарпэткі” — асаблівая парода, якую вырошчвалі ва ўладаннях Даўгавухаў. Праўда, пан Габрусь не ўспадчынніў тае апантанае любові да коней, што была ў бацькі-нябожчыка, і падлеткам замест трактату Дарагастайскага “Гіпіка” паглынаў трактат Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”. Суворыя абрысы снарадаў і гарматаў на гравюрах яму падабаліся больш, чым пачварныя конскія храпы з вырачанымі вачыма… Дый усе ведалі, што пісаў пан Крыштаф Дарагастайскі свой трактат, каб забыцца на боль ад спадчыннай падагры і здраду жонкі, Соф’і з Радзівілаў, якая з дапамогай аканома прырабіла знаўцу коней разгалінастыя такія рогі…
Пан Габрусь Даўгавух ад падагры не пакутуе, і з жонкай яго лучыць шчырая прыязнасць.
А вецер ажно свішча ў вушах… Чатыры пары коней імчаць карэту праз браму маёнтка, ліпы ўздоўж дарогі сутыкаюцца шатамі, быццам фрэйліны пышнымі парыкамі, калі плявузгаюць аб сакрэтах імператрыцы.
Пан Габрусь высунуўся ў вакно экіпажу, урачыста паклаў руку за абшлаг сурдута – ну і што, нібы трохі нагадвае карсіканскага ўзурпатара, які нядаўна сканаў на скале пасярод мора, забыты ўсімі… Вось і белыя калоны, і танклявая постаць на гаўбцы…
Коні пайшлі паўкругам, каб абмінуць порцік з калонамі і давезці карэту гаспадара проста да прыступак.
Коней было занадта шмат… Удар…
Па белым мармуры крайняй калоны сцякала чырвань. Фурман Гальяш ляжаў пад капытамі, яго валасы больш не былі светлымі.
Пан Габрусь Даўгавух не пацярпеў, толькі локаць трохі пабіў.
Але пані Анэля, на чыіх вачах адбылося няшчасце, увечары ж страціла ненароджанае дзіця.
Яе муж загадаў прыбраць клятыя калоны.
Порцік застаўся, толькі непазнавальна змізарнелы. Цяпер замест мармуровых волатаў чатыры драўляныя слупы падтрымлівалі сціплую тэрасу, адыйшоўшы на некалькі крокаў бліжэй да сценаў. Але гаспадарам было ўсё адно – з’ехалі за мяжу. Мясцовыя балаты так і не асушылі.
Другая калона.
У драўляных слупах павыгрызалі сляды кулі – як воспіны. Лявон беражліва прасачыў пальцам адну доўгую выёміну, вільготную ад расталага снегу — хаця гэта ж не рана ў жывым целе, гэтаму дрэву не баліць, яно ўжо даўно мёртвае.
Дый відовішча параненай жывой плоці цяпер не напужае – пасядзеў у акопах, паваляўся ў шпіталях, пакарміў вошай, аглух на левае вуха – снарад побач выбухнуў, нават атрутнага газу трохі хапануў – кайзераўцы ваявалі подла…
І цяпер, калі ўлада ў імперыі мяняецца, і жаўнеры разбягаюцца хто куды – мог жа ад’ехацца падалей ад фронту… Увогуле ад гэтай паняволенай, пазбаўленай свайго імя зямлі – сярод афіцэраў гаворка вялася пра Парыж, Стамбул, нават Харбін…
Але недарэмна вольнапісаны Гарэцкі, з якім давялося разам квасіцца ў пінскіх балатах, казаў пра асаблівую, дваістую душу тутэйшых, якіх ён называў беларусамі. Маўляў, адна палова душы цягне на захад, другая — на ўсход, а ў выніку застаецца беларус у родненькай дрыгве, і як ні тузаецца, не выбрацца з яе, і варта было б нарэшце абжывацца тут, самому гаспадарыць, утвараць выспы ды грэблі…
Вось жа і яго, Лявона, прыцягнула ў гэныя клятыя Кадаўбцы, з якіх марыў яшчэ ў дзяцінстве выпырхнуць. Мала ганьбы перажыў – “байструк”, “панскай посцілкі сын”… Маці што, пакаёўка, узятая шчэ ў маленстве з вёскі, вясёлая, крамяная, чужыя крыўдныя словы як пырскі ад распаленай бляхі, ад яе адскокваюць… У Лявона былі такія ж запалыя, вузка пасаджаныя шэрыя вочы і вузкі твар, як у гаспадароў Кадаўбцаў Даўгавухаў… Ну хіба валасы рудаватыя, не ў іх. Бог ты мой, ён нават не ведаў, хто менавіта з паноў ягоны бацька – стары гаспадар, нехта з ягоных сыноў, братоў, пляменнікаў… Вёска, дзе жыла невядомая радня па маці, палохала гразёй, непісьменнасцю і вострымі позіркамі (сухі каравяк у спіну, “вунь тудой, паніч, пераходзь” – а там самае гразкае, і рогат, аж заходзяцца)… Паны паглядалі грэбліва-паблажліва: сунутая мімаходзь цукерка, спыненая за вяршок ад кучараў дзіцяці даланя – быццам боязь запэцкацца.
Вырваўся, вылузаўся, паступіў у інжынерна-дарожны інстытут — Піцер, студэнцтва, публічныя бібліятэкі, галёркі тэатраў – і ўсё адно вярнуўся сюды, да нянавісці і паблажлівасці, не прыналежны ні тым, ні другім, ужо ў якасці аканома… Чарговы пан Даўгавух загарэўся асушыць мясцовыя балаты, пра што не адно пакаленне гаворка вялася, і сын пакаёўкі, вывучаны на панскія грошы, мусіў адпрацаваць гаспадарову міласць. Перашкодзіла вайна…
І зноў прыцягнула яго сюды, па сакавіцкім разводдзі, як на нябачным ланцугу. Няўжо палымяныя прамовы мройнікаў кшталту таго вальнапісанага Гарэцкага пра новую справядлівасць і новую краіну, якая тут паўстане? Так жа часам хацелася адчуць сябе цэлым, прыналежным да чагосьці спаконвечнага…
Адна з цаглінак у мур тае будучай вялікай справядлівасці — прытулак для асірацелых беларускіх дзяцей, які мяркуецца стварыць тут, у Кадаўбцах, у кінутай сядзібе Даўгавухаў. Камітэт дапамогі бежанцам знайшоў грошы, дзве паненкі, выпускніцы настаўніцкіх курсаў, гатовыя тут працаваць – панна Уладка, вірлавокая ўвішніца, ужо збірае дзетак… Лявон разам з ёю прыкінуў, накрэсліўшы па памяці план дому, дзе што размясціць – спальні, класы… Піяніна неблагое было, нямецкае, можа, не забралі.
Засталося дачакацца, калі немцы падалей адступяць. Лявон пару гадзін таму цікаваў, схаваўшыся за свіранам, пакуль праедзе іхні абоз. Колы ледзь не цалкам патаналі ў гразі і мокрым снезе, аднекуль чуліся выбухі, здавалася, пахаваны жыўцом волат ірвецца з-пад зямлі, скаланае глебу…
За некалькі сажняў перад ганкам цямнела яміна ад снараду – даволі свежая, камяні брукаванкі разляцеліся навакол і так і ляжалі разам з чорнай зямлёю, не зацярушаныя снегам, быццам мёртвая жамяра Апакаліпсісу. Лявон перасмыкнуў плячыма пад вільготнай тканінай шынэлю…. Узняўся на ганак, упрыгожаны чатырма калонамі з рэшткамі пабелкі (колькі дзіцем гуляўся тут у каменьчыкі)… Усе аканіцы зачыненыя, так што не праверыш, ці цэлыя шыбы. Зараз здабыць шкло – мітрэнга. І дзверы з сіняй аблупленай фарбай зачыненыя. Пагрукаў кулаком… Яшчэ… Ну не маглі ж цэлы сядзібны дом вось так замкнуць і кінуць без прыгляду? Вартаўнік, казалі, жыве з сям’ёй…
Але ў доме ціха… І на дварэ ціха. Плывуць хмары цяжкія, свінцовыя, быццам несучы дождж з куляў, моўчкі канае мокры снег, маўчыць зямля, ператраўляючы мерцвячыну… Цяжка ўявіць, што хутка тут загучаць дзіцячыя галасы, учнецца вясёлы гармідар.
Ціша падчас вайны не бывае надзейнай. Здаецца, гэта свінцовыя хмары выплюнулі снарад у бок закінутага дома з чатырма калонамі. Як удар касцетам ва ўсмешку разгубленага мінака.
Адна з сярэдніх калон, тая, што злева, зламалася як трэска… Чалавечае жыццё зламалася яшчэ лягчэй.
На шэрым дрэве з рэшткамі пабелкі расцякалася чырвань.
Трэцяя калона.
У клунку былі сухія грушы.
Усё, што ўдалося сёння выпрасіць у вёсцы.
Людзі самі галадалі – вайна аб’ядае ўсіх. А тут карміць нейкіх дзетдомаўцаў… Галіна Іванаўна ведала, што крыўдаваць дарэмна. Ім, лічы, і так пашанцавала… З пачаткам вайны прыйшоў загад эвакуяваць дзіцячы дом у Кадаўбцах – але ж хоць бы які грузавік разам з загадам прыслалі… Дзяцей павялі пешкі. Пад бамбёжкамі, з натоўпамі гэткіх жа бежанцаў і вайскоўцаў. Хтось з выхаванцаў загінуў на дарозе, кагось, магчыма, прытулілі ў якіх мястэчках і вёсках міласэрныя людцы… Дзевяць дзяцей, з якімі ішла маладая выхавацелька Галіна Іванаўна, вярнуліся ў Кадаўбцы – бо не маглі рушыць далей. Пяцігадовага задыхлівага Петрака выхавацелька, лічы, кіламетраў паўсотні несла на руках.
Яе ў ейныя дзевятнаццаць недарэмна ўсе звалі Галінай Іванаўнай – малое дзяўчо, худзенькае, але столькі ў ёй было сілы, жвавасці, нейкай сталай трывушчасці… Сама сірата, бацькоў не памятае, а голад памятае, і ненавідзіць любую несправядлівасць, зубамі выгрызці гатовая…
Нейкім цудам удалося застацца ў сядзібным доме – у яго трапіла бомба, таму новым уладам ён быў без патрэбы. Знайшоўся некрануты куточак – былыя памяшканні для прыслугі, нават з грубкаю. Цяперашні гаспадар з колішніх, пан Даўгавух, з’явіўся з немцамі і слугаваў у іхнім гарнізоне ў Весніцах за перакладчыка. Пан даў літасцівы дазвол, каб у доме ягоных продкаў жыла нейкая шалупонь… Нават, здаецца, ад немцаў абараніў – каб не забралі ў нейкі лагер. Кажуць, фашысты забіраюць дзетак, каб высмоктваць з іх кроў для сваіх параненых жаўнераў.
Галіна Іванаўна глядзела ў шэрыя, блізка пасаджаныя вочы пана Даўгавуха, і ледзь стрымлівала нянавісць: белагвардзеец, здраднік…
Праз пару дзён у зруйнаваную сядзібу прыгналі прысланы паганым Даўгавухам воз з двума мяшкамі мукі для ацалелых дзетдомаўцаў. Давялося сцяць зубы і прыняць падачку здрадніка… Тым больш гэта сапраўды быў ратунак. Муку жменямі абменьвалі на бульбу, соль, малако, цёплую вопратку. Ну і зацірка ратавала.
Вяскоўцы ставіліся да дзетдомаўцаў па-рознаму…. Хтось шкадаваў, хтось злаваўся: ходзяць, выпрошваюць… А надоечы аграноміха, муж якой з першых дзён адправіўся на фронт, проста ў твар Галіне Іванаўне прашыпела – паліцайка, дзяцей пры фашыстах вучыш, не, каб у лес ісці! Гэта было так несправядліва… Галіна Іванаўна нават не знайшла слоў у адказ. Каб была магчымасць сысці ў лес… Але хоць балаты навакольныя перад вайной добра такі асушылі – камсамольская будоўля, рэпартажы з яе ва ўсіх газетах – дрыгвы засталося досыць, каб згінуць бясследна, ды яшчэ не ведаючы мясцін… Каб падалі хоць якую вестку тыя партызаны, якія, напэўна, дзесь былі, каб паклікалі… Але ў Кадаўбцах пра іх нешта не чуваць. У Ліпаўцах вунь чыгунку падарвалі, так, а ў гэтай балоцістай глухмені…
Аднойчы прыехалі немцы. Галіна Іванаўна захінала сабой мурзатых спалоханых дзетак – Пятрок зноў, ад нерваў, пачаў перхаць, задыхацца, сціскала парэпаныя ад прасавання і гатавання рукі, і задзірыста пазірала на леных мужыкоў у варожых мундзірах, не здагадваючыся, наколькі ў сваім белым берэціку на стрыжаных пышных валасах нагадвае адважнага верабейку.
–Во, пан ротмістр, камуністычная кніжка! – стараста Міхеіч тыцкаў меланхалічнаму худому немцу таненькую брашурку з назвай “Пялёсткі”. – Пра камсамол напісана… А яны чытаюць…
Пан Даўгавух, які ашываўся тут жа, хаваючы ў падняты каўнер шынэлю востры нос, выхапіў крамолу.
–Гэта не камуністычная… Аўтара камуністы расстралялі. Паэт Валерый Маракоў прызнаны саветамі ворагам народу.
Нядобрыя госці сышлі. А Галіна Іванаўна разгублена кранала наском пацертага
чаравіка няшчасную брашурку… Як жа так… Гэта ж камсамольскі паэт… “І хочу так, як гэты месяц залаты,
стаяць і старажыць сваю краіну”… Наілгаў кляты
Даўгавух!
А нядаўна стараста гразіўся – немцы хутка загадаюць адвезці гэнае дзятдомаўскае кубло ў лагер ці бліжэйшую балачавіну… Бо той пан Даўгавух выявіўся савецкім шпіёнам, яго арыштавалі і завезлі ажно да Гомля ў гестапа… Цяпер няма каму абараняць гэтых, невядома чыіх, атожылкаў: мо дзеці камуністаў, а мо жыдоў ці цыганоў? Ёсць, помніцца, там адна такая дзяўчынка, чарнявенькая…
Тутэйшым жыхарам было ўсё страшней, безнадзейней, і хацелася на кімсьці спагнацца, хай прыхадні схопяць кагось іншага… А аддаць у ахвяру прасцей тых, каго не шкада, хто ўжо табою прызнаны вінаватым, нявартым. Чаго гэныя сіраты са сваёй выхавацелькай усё нейкія песні пяюць, нешта хорам чытаюць, гульні ладзяць? Відаць, добра жывецца, закалаці іх трыста радзімцаў і з радзімчыкамі. Дзеці не наважваліся высоўвацца, каб не шпурнулі чым, не задзёрліся вясковыя.
У маразы Галіна Іванаўна збірала выхаванцаў перад грубкай. Сядзелі цесна, зграйкай, грэліся адзін аб аднаго – і слухалі, гаварылі, спрачаліся… Марылі, марылі – як яно будзе далей, пасля вайны. Хто стане лётчыкам, хто інжынерам, хто асушыць дарэшты навакольныя балаты. А мука ў апошнім мяху ўжо на дне… Вось, сёння ўсё, што ўдалося здабыць – клунак сухіх груш.
Нічога, яны салодкія, атрымаецца такі вохкі, густы адвар…
Галіна Іванаўна ўзбегла па прыступках на зацярушаны цнатліва бялюткім снегам ганак з чатырма калонамі – праўда, калонамі іх можна было цяпер назваць толькі ўмоўна. Драўляныя слупы даўно замянілі на прытуленыя да сцяны бетонныя рэльефы, якія нічога не падтрымлівалі, так, прыкраса…
Хто разануў па сядзібе аўтаматнай чаргой, якая забіла маладзенькую выхавацельку – так ніхто і не даведаўся. Вайна… На адной з сярэдняй калон, трэцяй, калі лічыць злева, высыхалі чырвоныя кроплі.
Клунак з сухімі грушамі застаўся ляжаць на прыступках. Яго падабралі галодныя дзеці і падзялілі між сабой зморшчаныя брунатныя прысмакі, што пахлі прамінулым летам. Якраз прыдалося па дарозе ў лагер, з якога ніводзін не вярнуўся.
Чацвёртая калона
Даўгавух тыцнуў апошні раз у клавіятуру: файл з праграмай адправіўся заказчыку.
Цялок – менавіта так яго тут звалі, за няўцямнае мыканне –абвёў вачыма бібліятэку: здаецца, ніхто нічога не заўважыў. Зяфірка – бібліятэкарка – драмала ў сваім закутку, маленькі тэлевізар перад ёю бубнеў словамі чарговага серыялу.
–Што, скончыў свае гульні, Даўгавух?
–Т-т-т-та-а…
Зрэшты, уцямнага адказу ад Цялка ніхто не чакаў. Худзючы, прыгорблены звыродца, шэрыя глыбока пасаджаныя вочы ледзь на пераноссі не сутыкаюцца, востры нос, прыадчынены вечна рот з бледнымі вуснамі, выцягнуты чэрап, ледзь прыкрыты рэдкімі светлымі васасамі… Самы што ні на ёсць тыповы насельнік інтэрнату для “асаблівых дзяцей”, які, уласна кажучы, у старым сядзібным доме ў Кадаўбцах ужо гадоў дваццаць пяць і размяшчаўся. Куды яшчэ было аддаць няшчаснага сірату – трапіў у трохгадовым узросце разам з бацькамі ў аварыю, маці не выжылі, дзіця скалечылася… Бацька ажаніўся другі раз, сына ад першага шлюбу нават на святы да сябе не браў – брыдка на таго глядзець… Ды й не пагаворыш з такім, у якога жаба ў роце.
Цялок адразу зразумеў, калі сюды трапіў: найлепшы спосаб выжыць – каб на цябе менш звярталі ўвагі. Асабліва старэйшыя выхаванцы. За печыва, за прыгожую цацку маглі забіць, выкалаць вока – быў такі выпадак… А што зробіш – тут далёка не ўсе, нават даросшы да васемнаццаці гадоў – пасля іх адпраўлялі ў інтэрнаты для дарослых – маглі навучыцца чытаць. Не ўсе нават самастойна хадзілі. Цялок быў яшчэ сярод шчасліўчыкаў. Мо калісь і на працу ўладкуецца, цягаць што-небудзь, перакладаць з месца на месца…
Нікому б у голаў не прыйшло, з якой хуткасцю гэты заіклівы звыродца мог чытаць, як дасканала ўсё запамінаў — збоку здавалася, проста гартае кніжкі, шукаючы карцінкі. Бо на ўроках ні сказаць, ні напісаць нічога не мог толкам. Як толькі даходзіла да таго, каб самому складаць штось з літар – яны рассыпаліся, трацілі сэнс і пазнавальнасць… У няроўных радках памылак, як маку, настаўнікі перасталі выпраўляць. Што ўзяць з дурня… У старэйшых класах (ну як старэйшых, па праграме гэта была ўсё адна расцягнутая пачатковая школа) часам ён гарэзнічаў, цытаваў у хатніх заданнях Ніцшэ ці Сенеку, а пасля забаўляўся раздражнёнымі заўвагамі настаўнікаў наконт накрэмзанага дурнем блёкату.
Адкуль у інтэрнаце для непаўнавартасных літаратура па філасофіі? А гэта не з паліцаў. Нейкі мецэнат падарыў прытулку для ўбогіх некалькі сучасных кампутараў, падключыў безлімітны інтэрнэт.
Цікаўнаму бяскрыўднаму падлетку дазволілі сядзець днямі за маніторам… Хай небарака гуляецца ў свае шарыкі. Усё адно ў бібліятэцы амаль ніхто не бывае, і дарагая тэхніка прастойвае.
Гэта быў свет, дзе ён быў іншым. Паўнавартасным і ўсемагутным… Цікавым суразмоўцам, дастаткова з’едлівым і начытаным. Ягоная дыслексія, няўменне пісаць правільна была звычайнай мовай заўсёднікаў сеціва. Ён абраў сабе нік Тор. Скандынаўскі бог, уладальнік молата, які заўсёды вяртаўся да гаспадара.
На сайце інтэрнату вывесілі звесткі пра гісторыю сядзібы… Цялка ўразіла супадзенне яго прозішча – Даўгавух – з прозвішчам былых уладароў Кадаўбцаў. З росшукаў па алічбаваных архівах вынікала верагоднасць, што гэта ягоныя продкі. Было нейкае падабенства ў абліччах… Блізка пасаджаныя вочы… Вострыя насы… А мянушка Цялок, аказваецца, мелася і ў аднаго з каралёў Рэчы Паспалітай.
Гісторыя – таксама цікава… Адчуванне прыналежнасці да чагосьці вартага: народ, род… Даўгавух прачытаў “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча за два дні. Але галоўная яго прыхільнасць была – лічбы… Знакі… Сімвалы… Ён засвоіў праграмаванне, як быццам заўсёды ведаў. У сеціве можна было зарабляць. Праз сеціва можна было зрабіць сабе іншае жыццё і ў рэальнасці.
Ён старанна абыходзіў усе блокі і паролі, заціраў сляды сваёй працы ў сеціве. Аднойчы пракалоўся. Санітар заўважыў у ягоных руках новенькі айфон. Цялок выратаваўся тым, што патыцкаў пальцам у хлапца ў вазку, якога нядаўна адпраўлялі за мяжу, маўляў – таму належыць цацка. Цялка аблаялі, што бярэ чужыя рэчы… Айфон знік. Шкада, бо каб набыць яго, Даўгавух выканаў дзве такія цяжкія замовы… Набытыя пасля яшчэ адзін айфон і прыстойны ноўт былі надзейна прыхаваныя.
Здаралася – ён захоплены працай, пальцы, непрыемна-тонкія. бледныя, кашчавыя, лётаюць па клавіятуры, і – раздражнёны голас Зяфіркі: “Даўгавух, не ламай кампутар!”
Вылаяўшы сябе за няўважлівасць, Цялок няўклюдна націскаў адным пальцам на кнопкі, галава бібліятэкаркі, увенчаная выбеленым “вашывым домікам”, ухвальна ківала…
Ціхмянага дурнячка даўно не баяліся адпускаць за тэрыторыю інтэрнату, у вёску… Тут была крама, банкамат, прыпынак маршруткі – праз кіроўцаў тое-сёе можна было атрымаць і перадаць.
Калісьці ў Кадаўбцах меўся вялізны парк з лісцвенніцамі і дубамі, сажалкі, з’яднаныя каналамі… Але гэтак зацята займаліся тут меліярацыяй, што панішчылі не толькі балаты, але рэчкі, азёры ды сажалкі таксама павысыхалі. Толькі ўвесну брудныя струменьчыкі расталага снегу цяклі ў мёртвых венах каналаў.
Трэба было ўцякаць. Даўгавуха пасля дзясятка бездакорна выкананых замоў без лішніх пытанняў бралі ў айцішную фірму на добрыя грошы. Аднапакаёўка ў цэнтры горада была аплочаная праз сеціва на цэлы год.
Восеньская ноч абышлася без зорак. Цялок насунуў на галаву капюшон чорнай байкі і ціха выслізнуў за дзверы сядзібнага дому… Пасля апошняй перабудовы фасад упрыгожвалі толькі чатыры вертыкальныя бетонныя паласы, нязграбныя, недарэчныя муляжы былых калон.
Даўгавуха перахапілі проста на ганку — іх таксама было чацвёра, дужых, бязмозгіх аднакласнікаў… Яны дакладна ведалі, што ў Цялка ёсць цукеркі. Купляў у краме. Аддай!
І тут, гэтак блізка да свабоды, ён зрабіў памылку: замест таго, каб, як заўсёды, скарыцца, угнуцца, пакорліва аддаць усё, што ім трэба – галоўнага ж не забяруць, – паспрабаваў вырвацца.
Яго проста стукнулі галавой аб крайні бетонны выступ, вартую жалю цень калоны…
Кроў уночы здавалася зусім чорнай.
Над высахлымі балатамі, над пошумам ссечаных дрэў прагрукатала карэта, запрэжаная чатырма парамі коней, у грывах можна было б убачыць зоры – калі б зоры гэтай ноччу свяцілі.
2022