Пераклад Людмілы Рублеўскай для Віктара Шніпа на ягонае 65-годдзе
Кніга прамудрасці Ісуса, сына Сірахава. Раздзел 6, вершы 6-17
“Тых, хто жыве з табою ў ладзе, хай будзе шмат, а дарадцам тваім – адзін з тысячы…”

Адзін на тысячу – Саламон
Казаў, будзе больш, чым братам.
Шукай яго хоць палову дзён,
І ўсіх тваіх дзён ён варты.
Дзевяцьсот дзевяноста дзевяць заўжды
Павераць плёткам, асудзяць.
А тысячны будзе з табой тады,
Калі цэлы свет—супраць.
Не стане клясціся напаказ,
Хваліцца дружбай святою.
Дзевяцьсот дзевяноста дзевяць на раз
Адпрэчаць цябе з бядою,
Але ўжо калі ты знайшоў яго,
Увесь свет не мае вагі.
Твой тысячны пойдзе з табой у агонь,
У ваду і на ўсе берагі.
Табе адкрытыя скарбы яго –
Патраць хоць усё да донца.
Ён будзе з табой не дзеля чагось,
А толькі дзеля сяброўства.
Дзевяцьсот дзевяноста дзевяць прымчаць
Узяць ад тваіх багаццяў.
І толькі адзін на чужых вачах
Падзеліць тваё няшчасце.
Падзеліць віну і праўду, як след,
У час і не ў час прытуліць.
Ён будзе з табой, хай шалее свет,
Проста таму, што любіць.
Дзевяцьсот дзевяноста дзевяць збягуць,
Калі цябе пакаралі.
А тысячны пойдзе з табой за руку
На эшафот і далей.