Пятнадцаць год таму, 29 лiстапада 2002 года, у газеце “Лiтаратура i мастацтва” з’явiлася абвестка: “Запрашаем! 5 снежня пройдзе арганiзацыйнае пасяджэнне лiтаб’яднання. Запрашаюцца маладыя паэты, празаiкi, крытыкi”.
На першае пасяджэнне да кiраўнiкоў, мяне i Вiктара Шнiпа, прыйшлi тады яшчэ пачынаючыя паэтэса Аксана Спрынчан i крытык Наталля Якавенка. Затым колькасць удзельнiкаў пачала расцi ў геаметрычнай прагрэсii… І за пятнаццаць год праз лiтаб’яднанне прайшло больш за сотню маладых творцаў. Многiя з iх сёння сталi вядомымi лiтаратарамi, выдаюць кнiгi, выкладаюць, кiруюць сваімi лiтаратурнымi праектамi. Калi пагартаць старонкi першага зборнiка суполкi, выдадзенага ў 2003 годзе, можна сустрэць такiя iмёны, як Алена Багамолава, Аксана Бязлепкiна, Арцём Кавалеўскi, Наста Кудасава, Рагнед Малахоўскi, Вiктар Iваноў (сёння ён вядомы пад псеўданiмам Лупасiн), Вiка Трэнас, Наталля Капа, Усевалад Гарачка, Серж Мiнскевiч, Наталля Кучмель, Марыя Шамякiна, Янка Лайкоў, Мiкола Кандратаў, Змiцер Арцюх, Таццяна Будовiч і iншыя. А колькi iмён яшчэ з’явiлася!
ФОТА АЛЯКСАНДРА СТАДУБА