Пантофля Мнемазіны

У №89 часопіса “Дзеяслоў” надрукаваная першая частка майго новага раману. Дакладна ведаю, што часопіс можна набыць у “Акадэмкнізе”. Каму цікава – вось адзін з раздзелаў. Але дзеянне адбываецца ў розных часах, у сучаснасці, у мінулым, а таксама  ў віртуальнай рэальнасці. Рэальнасцяў тут увогуле шмат)

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ.

КУДЫ НЕ ДАЙШОЎ ФРАНЦЫСК АСІЗСКІ

Чытаць далей

Ночы на Плябанскіх Млынах

Страшныя паданні пра Менск – самы час чытаць да 950-годдзя горада!
Людміла Рублеўская
Ночы на Плябанскіх Млынах
Магчыма, я памыляюся, але мне
заўсёды здавалася, што на дарозе,
па якой возяць мёртвых,
нават трава і дрэвы мяняюць колер.
Густава Адольфа Бекер.

Містычная аповесць

Гэты дом пабудаваў вар’ят у вар’яцкім месцы.
І не было лепшага дому і лепшага месца ў гэтым вар’яцкім часе.

Агонь дабраўся да срэбнай стужкі, якая далікатна абвівала сьвечку з белага, духмянага воску, створанага няйначай пчалінай каралевай (хаця не, каралевы не вырабляюць воску, нават такога белага). Стужка адразу сьціснулася, пачарнела, выяўляючы сваяцтва не з высакародным металам, а з паперай, цярплівай, як прыроджаная паслугачка, і гэткай жа пакорлівай любому гаспадару… Ад яе лісьліва пацягнуўся струменьчык чорнага сьмярдзючага дыму, нагадваючы няшчыры клічнік напрыканцы палітычнага лозунгу.
— І гэта вясельныя сьвечкі! – дакорліва прамовіла Дарота, прыціскаючы пацямнелай мельхіёравай лыжкай для гарбаты бліскучую паперку і спрабуючы атадраць яе рэшту ад васковага сьцябла. – Уявіце сабе, як гэткі дым выглядае падчас вянчаньня!

Чытаць далей

Цыкл “Алюзіі”

 

Алюзіі

 

#1. Высокая літаратура
Лаўравы ліст,
дастаткова засохлы і хрусткі,
Бронзавы ключ, відавочна мастацкай работы,
Што адчыняў – невядома.
Высокай натуры
Гэта прыдасца…
Кавалачак высахлых сотаў,
Месячны промень,
абрывак калючага дроту –
Гэта, панове,
высокая літаратура.
Пэўна ж, рэцэпт дасканалы.
Галінка агрэсту,
Фігавы лісьцік ад першай мадэлі Адама,
Два паламаныя алоўкі,
чыясь тэлеграма
З доўгім шматкроп’ем замест шараговага тэксту,
Трохі тугі па нязбытным.
Пяро херувіма,
Усьведамленьне сваёй непатрэбнасьці.
Бура
У крышталёвае шклянцы.
Дзьве порцыі дыму –
Ад цыгарэт і спаленага гунамі Рыма –
Гэта, панове,
высокая літаратура.
Трохі крыві ад уласнага сэрца.
Атрута,
Што выдзяляе гніючае цела натхненьня.
Рогат нармальнага дурня.
Бутэлька аблуды.
І папяровыя крылы твайго пакаленьня.
І Апалонам садраная з Марсія скура –
Гэта, панове,
высокая літаратура.

Чытаць далей

Цыкл пра мерцвякоў

 

ЯШЧЭ  АДЗІН  ПАЭТ

 

Папяровыя птахі злятаюць у студню двара.

Між каменных скрыжаляў у рунах вакон і плакатаў.

Як няшмат патрабуецца

Для заканчэння дабра

Там, дзе вараць пяльмені і танную ладзяць гарбату.

Як няшмат патрабуецца, каб развітацца з сабой,

І з усім пагадзіцца, што чуеш ад больш сацыяльных.

Папяровыя птахі злятаюць. Пусцее пакой.

Адгароджаны душы нібыта пародаю скальнай.

Абібочына ты і лайдак, і нічога няма

На варыўні, пяльмені – і тыя даеў у суботу.

Ты з усімі згадзіўся, і з чорнага сшытку дарма

Птушаня папяровае шчыміцца, просіцца лётаць.

І дзяўбецца радком проста ў сэрца, крылаты байструк,

Нежаданы, няпрошаны, доказ, што ты нездаровы.

Крыж ваконнае рамы

Чамусьці выслізвае з рук,

І зніжаецца зграя тваіх груганоў папяровых.

Чытаць далей

Вітаю!

Для чаго пісьменніку сайт?
Можа, і варта пазбягаць публічнай мітусні, задавольвацца вежай са слановай косткі і не шукаць Мінатаўраў у сеціўных лабірынтах? Але мне гэты сайт дастаўся ў падарунак – ад хроснага сына Андрэя і ягонага сябрука Зміцера. А раз падарунак маецца, будзем дзякаваць і выкарыстоўваць!
Я жахлівы юзер: не лайкаю, лайкаў не лічу, каментаў практычна не чытаю (а нашто?), хаця час ад часу люблю цвеліць шаноўную публіку сваймі навінамі.
З другога боку, пытанняў, дзе што маё і пра мяне знайсці, ад шкалаты, студыёзусаў, проста чытачоў і раз’ятраных крытыкаў усё больш… Дык вось вам гэты “сад камянёў” у якасці каморы з тэкстамі і спасылкамі, які буду пакрысе папаўняць… Зрэшты, магчыма, гэтую камяністую пляцовачку ўдасца ператварыць у месца для размоў і спрэчак – камень жа можна выкарыстаць у якасці трыбуны, камень можна шпурнуць, камянямі можна кагось заваліць… Вой, не, шанове, спадзяюся, да такога не дойдзе… Проста заходзьце, блукайце, глядзіце, пішыце, крытыкуйце — усё пакуль у тэставым рэжыме. Камянёў хопіць:)

Камяні з калекцыі Рублеўскай
Чытаць далей