Людміла Рублеўская Сьнег белы, чырвоны, брунатны

Людміла Рублеўская.

НАША  НІВА № 8 (270), 22 лютага 2002 г.


Людміла Рублеўская

Сьнег белы, чырвоны, брунатны

Сьнег — двойчы здраднік.

Калі ён захоўвае сьляды для пагоні.

І калі замятае сьляды, па якіх мусіш вяртацца.

Здрадлівая ягоная роўнядзь: пад ёй можа хавацца бездань. Падманлівая ягоная прыгажосьць: здаралася, ад бляску сьнегавога поля людзі трацілі зрок. Падступная пухнатая ўтульнасьць: сон у ейных абдоймах вечны…

Чытаць далей

Людміла Рублеўская Дагератып раман

Людміла Рублеўская

 

ДАГЕРАТЫП

 

Дэкадансны раман

КНІГА ЗНЕШНЯГА КОЛА

 

Раздзел першы. Пад’езд з шахматнай падлогай.

 

Гэта было ў той год, калі ўсе пачалі насіць кашулі ў краткі.

Быццам вуліцы запоўніліся каўбоямі.

Але пазнаваўся толькі статак.

Яшчэ ў той час у горадзе паўсюль замест асфальту клалі новую плітку. Дакладней, здзеклівае падабенства брукаванкі. Шэрыя ці ружаватыя бетонныя брускі мясцовай вытворчасці вельмі хутка трэскаліся, а паколькі зазвычай іх укладвалі ў вільготную зямлю — а халера яго чакаць, пакуль высахне, распаўзаліся ў бакі, як гнілое сукно, дыбіліся неахайнымі хвалямі, па якіх было нават весела скакаць. Тым больш у маіх Чаравіках. Менавіта так, з вялікай літары. Суперскія Чаравікі, якія ўдалося набыць хаця б ужыванымі, праз інтэрнэт, затое – чорна-бліскучыя, з цяжкой «жаўнерскай» скуры, прашытыя суворымі ніткамі… Хех! Навюткія такія ж за маю журналісцкую паўстаўку не купіш.

Дарэчы, яшчэ пашанцавала на гэтую паўстаўку, мне ж засталося апошні курс давучыцца, а ўжо цяпер не баліць галава пра размеркаванне.

Затое баліць – пра жытло. Праўда, якраз з’явіўся шанец гэтую праблему бліскуча вырашыць. Знаёмы хлопец з’язджае па нейкім гранце займацца сваёй біялогіяй-заалогіяй-пацукалогіяй, а паколькі акрамя тае пацукалогіі (ці прусакалогіі) нічога яго, падобна, па жыцці не цікавіць, прапанаваў сваю кватэру, у самым цэнтры места, абсалютова бясплатна ў карыстанне двум правінцыяльным студэнтачкам. На шчасце, Наста, мая сяброўка і суседка па здымным жытле, з’ехала на тыдзень да бацькоў, і ўсе ўражанні візіту – мне, мне адной!

Машыны ляцелі па праспекце так мэтанакіравана, быццам кожная везла сэнс жыцця, але мяркуючы па смуродзе, які пасля іх заставаўся, гэта быў не вельмі добры сэнс. Я дастала смартфон і патыцкала пальцам у экран, павялічваючы фрагмент карты з патрэбным мне домам. Ого, гэта той самы, з дзьвюма скульптурамі перадавых калгасніц на карнізе і кніжнай крамай на першым паверсе! Крутая кватэрка…

Чытаць далей

Прадмова да рамана “Авантуры Пранціша Вырвіча”

Калі рыхтаваўся да друку першы рраман серыі “Авантуры Пранціша Вырвіча”, мяне папрасілі напісаць да яго прадмову, каб  паллумачыць тое-сёе пра эпоху, у яккую адбываюцца падзеі. Цяпер, калі выходзіць фільм, гэта яшчэ больш актуальна. Не ведаю, ці ёсць прадмова ў сеціве, таму змяшчаю яе тут.

Людміла Рублеўская

Прадмова да рамана “Авантуры Пранціша Вырвіча”

Ад аўтара.

 

XVIII стагоддзе… Эпоха авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і прыўкрасных дам, палацавых інтрыгаў і крывавых войнаў… Эпоха Асветніцтва і вынаходніцтва… Колькі ў гэтым часе сюжэтаў, прыдатных да прыгодніцкіх раманаў, якімі карысталіся Аляксандр Дзюма-бацька, Вальтар Скот і Генрык Сенкевіч…

На Беларусі таксама хапала падобных сюжэтаў. І мне даўно хацелася, як пісьменніку, “пажыць” тады, калі шляхта збіралася на шумлівыя соймы, дзёрзкае слова прыводзіла да двубою, прыгажуні хадзілі ў локцевых сукенках — з такімі шырокімі спадніцамі, што рукі нельга апусціць, а напудраныя парыкі іх прыпадабняліся невялікім клумбам… Калі ў нашых мястэчках будаваліся мануфактуры, на якіх выраблялі цудоўныя паясы і крышталь, габелены  і вееры, а па кірмашах шнырылі ўвішныя шкаляры, якім забаранялася гаварыць па-свойму – толькі на лаціне, так што ўсе мястэчка пачынала ўжываць перакручаныя словы з лексікону Цыцэрона і Сенекі… Беларуская лекарка Саламея Русецкая-Пільштынова раз’язджала ў карэце між палацам турэцкага султана, нясвіжскімі ўладаннямі Радзівілаў і палацам расійскай імператрыцы, малады Казанова біўся ў Варшаве на смяротным двубоі з князем Браніцкім, у Смаргонскай акадэміі вучылі мядзьведзяў адмысловым танцам з дапамогай распаленай рашоткі, а сябар Пане Каханку Міхал Валадковіч урываўся ў залу менскай ратушы і палохаў дэпутатаў трыбуналу стрэламі ў столь…

Чытаць далей

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Раман.

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію
Раман-інструкцыя

Мы прыйшлі ў гэты свет не для таго, каб праклінаць цемру, а для таго, каб запаліць у ім святло.

Уводзіны
Альбарутэнія для нас пачыналася як Гульня.
Мы напачатку не ведалі, што той, хто ўвайшоў у гэтую Гульню, ніколі ад яе не адмовіцца, як не можа крыж пазбавіцца ад адной з перакладзін і застацца крыжам.
У горадзе нас пяцёра.
На два мільёны — пяцёра…
Кожны прыйшоў у Гульню сваім шляхам. Якім? А хіба вы можаце пралічыць шлях кропель дажджу, якія сцякаюць па шыбе і ўрэшце зліваюцца ў адну ручаінку?
Неяк дажджлівым травеньскім вечарам мы сядзелі ў нашай улюбёнай кавярні, сцены якой завешаныя чорна-белымі сямейнымі фотаздымкамі і калекцыямі манетаў і савецкіх марак у зялёных драўляных рамачках, і спрабавалі паводле дзядулі Фрэйда згадаць свае першыя дзіцячыя ўспаміны… Таму я, карыстаючыся пачутым тады, проста абмалюю для вас нашыя партрэты — так бы мовіць, у сямейных інтэр’ерах…
Гэта гульня…
Усяго толькі — наша гульня.
Што нам да тых,
Хто спрабуе зямлю перайначыць?
Альбарутэніі позірк, як рана, гарачы.
Сонца маё… Ты забіла мяне, як ягня
На ахвярніку белым…
І кроў — паласою — на белым…
Ваўкалакі правылі маю пахавальную ноч.
Час, як рана, загоіцца.
Лёс разаб’юць, як акно.
Гэта толькі гульня…
І ўсяго толькі — мёртвае цела.

Чытаць далей

Людміла Рублеўская Пад залатымі трубамі Кінааповесць-фантасмагорыя па матывах гістарычных хронік

 

Людміла Рублеўская

ПАД ЗАЛАТЫМI ТРУБАМІ 

Кінааповесць – фантасмагорыя па матывах гітарычных хронік

Імчыць вершнік. Мільгаюць магутныя дрэвы, узгоркі, палі…

Вершнік у ваўчынай скуры, накінутай на плечы, у скураным шлеме з рагамі час ад часу падносіць да вуснаў медны паляўнічы рог – на ім сляпуча ззяе адбітак сонца – закідвае галаву і трубіць. Гукі ўрачыста ўзлятаюць у неба. Над вершнікам кружляе чорны арол, які суправаджае яго.

– Так наш далёкі продак, найбліжэйшы радца вялікага князя Альгерда, за параду будаваць слаўны горад Вільню атрымаў ва ўладанні столькі зямлі, на колькі будзе чуваць гук ягонага рогу цягам дня… І герб наш адгэтуль – “Трубы”… І чорны арол – знак наш…

Вершнік працягвае свой шлях. Узнімаецца ў неба труба, на якой ззяе сонца… Кружляе ў небе чорны арол.

Чытаць далей

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ МАЎЧАННЕ МАНДРАГОРЫ Аповед

 

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

МАЎЧАННЕ  МАНДРАГОРЫ

Аповед

Мандрагора крычала.

З крылцаў матылёў сцерушыўся каляровы пылок, і няшчасная жамяра пападала на зялёную траву праклятымі анёлкамі. Каб так умеў гарлаць ягоная мосць канцлер Астафій Валовіч альбо ягоная мосць Мікалай Радзівіл Руды, ганебны Люблінскі сойм прыпадобніўся б зграйцы прусакоў, якія ўцякаюць ад трапнага кідка гаспадарскага чаравіка ва ўсе шчыліны варыўні.

Чытаць далей

Раздзел з раману “Сутарэнні Ромула”

Дзеянне гэтага раздзелу з раману “Сутарэнні Ромула” адбываецца ў 1937-м годзе.

Раздзел 10. Закон Януса

 

Захопнікі-рымляне старанна пераймалі ўсіх багоў зваяваных грэкаў, уладальнікаў вытанчанай культуры, толькі імёны ім свае давалі…  Замест Арэса – Марс, замест Зеўса – Юпітэр… А вось адзін бог быў фірменна рымскі, непаўторны… Двухаблічны бог Янус. Гэты бог, акрамя іншых важлівых справаў, ахоўваў ганак дому і выпраўляў у шлях. І кожны жыхар магутнай імперыі, асабліва ў часы, калі штодзень ён мог па загадзе імператара апынуцца ва ўласнай лазенцы з перарэзанымі на руках і пад каленьмі венамі, ведаў, што мудры бог Янус дае яму слушны прыклад: мець адзін твар – для дому, другі – для грамадства, дакладней, поліса. І той твар, з якім высоўваешся за ўласны парог вонкі, мусіць быць такі самы, як ва ўсіх добранадзейных грамадзянаў імперыі, спалучаючы гонар за прыналежнасць да магутнага Рыму і адданасць вялікаму імператару, роўнаму ўсім багам…

Алесь, пераступаючы парог аўдыторыі, у чарговы раз уявіў, як у яго з’яўляецца іншы твар… Сур’ёзны, добранадзейны твар савецкага выкладчыка педагагічнага тэхнікуму… Ці мог ён яшчэ нядаўна ўявіць, што пачне прыходзіць да сваіх вучняў уласным двайніком, пачувацца з імі не так, як у размовах з сябрамі? Ён калісьці і ўзяўся за выкладанне з устаноўкай – быць заўсёды шчырым і навучаць не літаратуры, а любові да літаратуры… Якія дыскусіі ўзнікалі на ягоных лекцыях! Вочы юнакоў і дзяўчатак, у большасці з вёскі, палалі такім энтузіязмам, што верылася – справа Язэпа Лёсіка,  Вацлава Ластоўскага, Гаўрылы Гарэцкага, пазбаўленых звання акадэмікаў, арыштаваных, сасланых, і, падобна, зніклых назаўсёды, не знікне… Калісьці, калі народны ўрад пастанавіў, што  навучанне мусіць быць на беларускай мове, хапіла тых, хто гэтаму супрацівіўся. “Кому нужны вместо аттестатов ваши “посьведчаньни”? Как можно преподавать “арыхметыку” на неразработанном, насильственно навязываемом населению  белорусском языке”?

Чытаць далей