Вядома, што вялiкi Уладзiмiр Караткевiч быў адораны i як мастак — адна з кнiг новага збору твораў у 25-цi тамах сабрала ягоныя малюнкi, i гэта ўражвае…
Цi не з-за гэтага ў тым, як ён маляваў словам, адчуваецца дасканалая выразнасць — ты нiбыта разглядаеш карцiны… Караткевiчу дастаткова было некалькiх штрыхоў, каб стварыць амаль аб’ёмны пейзаж, дзе схаваны такiя сэнсы, такая гiсторыя — разгадваць можна бясконца… Ды вось хаця б у эсэ «Званы ў прадоннi азёр», напiсаным пасля падарожжа па Палессi: пару радкоў — i перад намi Мазыр, «горад на зялёных адхонах. Яры, над якiмi хiляцца дрэвы. Цукровая бель старых цэркваў i манастыроў праз сець галiн. Мазыр. Мiнi-Кiеў». А вось вам неба над старажытным Туравам: «Навальнiчная хмара стаяла над горадам, iшла на яго, на нас. Срэбныя, дробныя блiскаўкi сонца трапяталi на лiловай вадзе i цьмяна-срэбных плямах пены. А над усiм сутыкалiся дзве цёмна-сiнiя хмары, як два мячы. Пад iмi клубiлiся жамчужна-белыя аблокi, а ў iх малюткiм ясна-сiнiм вочкам палыхаў лапiчак неба». Тут вам i экскурс у навальнiчную гiсторыю горада, i замiлаванне, i туга па нязбытным… Колькi кранальных карцiн, створаным Уладзiмiрам Караткевiчам, назаўсёды застаюцца ў памяцi, i бяссiльныя паўтарыць iх i мастакi, i кiнематаграфiсты! Давайце складзём, хаця б умоўны, топ-5 пейзажаў ад Уладзiмiра Караткевiча, напоўненых глыбокiм сэнсам.
1. Груша на беразе Дняпра
Безумоўна, адкрываць гэты рэйтынг мусiць пачатак сагi «Каласы пад сярпом тваiм».