Гайд па беларускіх скульптурах літаратурных персанажаў


У старым савецкім мультфільме пра падарожжа хлопчыка Нільса з гусямі ёсць уражлівы эпізод: Нільс апынаецца ноччу ў старым горадзе, дзе ажываюць скульптуры… Адны добрыя, другія ганарыстыя, з дрэва, з бронзы, з каменю — у кожнай свой характар і свая гісторыя…


Я часам уяўляла такую ж сітуацыю. Праўда, у маім маленстве помнікаў у родным Мінску было не так ужо шмат… У асноўным — афіцыёзныя… Вось зараз уявіць падобную містычную сцэну захапляльна — столькі з’явілася цікавых скульптур, у тым ліку так званых гарадскіх. І не толькі ў гонар канкрэтных людзей, але і літаратурных персанажаў.

Чытаць далей

«Баліць сэрца і пячонка — мэтазгодная дзяўчонка»


Лета на Беларусі — асабліва песенная пара… У Маладзечне адбываецца фестываль беларускай песні і паэзіі, у Вязынцы, на радзіме Янкі Купалы, абавязкова прагучаць на дзень нараджэння Песняра купальскія песні, у Віцебску пройдзе «Славянскі базар»… Песні гучаць і на старонках твораў беларускіх пісьменнікаў. Давайце разам з імі пачытаем — і паслухаем…


Плачце, вочы, плачце, кары…

Чытаць далей

«Скрыпка надзеі, скрыпка світання, ветру, шыпшыны і салаўя»

Апошні месяц лета, час, калі паспявае ўсё, час збору ўраджаю… Жнівеньскія дні да Успенскага посту лічыліся асабліва добрымі для вяселляў.

Праўда, у літаратуры добрыя вяселлі апісваюцца куды радзей, чым пакручастыя гісторыі кахання… Зрэшты, Леў Талстой сцвярджаў, што «апісваць жыццё людзей так, каб абрываць апісанне на жаніцьбе, гэта ўсё адно што, апісваючы падарожжа чалавека, абарваць апісанне на тым месцы, дзе вандроўнік трапіў да разбойнікаў». Калі пісьменнік і паказвае вяселле герояў, дык яно павінна быць незвычайным і сімвалічным… Давайце пагартаем старонкі беларускай класікі і паглядзім, як яе героі бяруць шлюб.


Чытаць далей

10 знакавых мясцін Івана Мележа

Нават падчас круізу вакол Еўропы пісьменнік мроіў палескімі балотамі

«Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы.»

Пазналі першы абзац самага, мабыць, вядомага твора беларускай літаратуры? Нават калі забыліся — можна здагадацца: «Людзі на балоце». Першы раман «Палескай хронікі» народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. «Людзі на балоце» — вобраз настолькі пазнавальны, што яго ведаюць нават далёкія ад беларускай літаратуры. Цяжка даць веры, што калі Мележ прынёс рукапіс у рэдакцыю часопіса «Полымя», у яго было пятнаццаць варыянтаў загалоўкаў. Вылучаў два: адзін нам знаёмы, а другі — «Туманы над багнай». Уявіце, каб Мележ спыніўся на гэтай назве, чаго мы пазбавіліся б!..

Ме­ма­ры­яль­ная дош­ка на до­ме па вуліцы Ян­кi Ку­па­лы ў Мiн­ску.

Ме­ма­ры­яль­ная дош­ка на до­ме па вуліцы Ян­кi Ку­па­лы ў Мiн­ску.

8 лютага Івану Мележу спаўняецца 100 гадоў. На так шмат наканавана яму было жыць і працаваць, памёр у 55. Але паспеў пападарожнічаць, і па створаным уяўленнем свеце, і па рэальным. Нават патрапіў у лік шчасліўчыкаў, якія на самым пачатку «адлігі», 4 ліпеня 1956 года, адправіліся з Ленінграда ў круіз вакол усёй Еўропы на цеплаходзе «Перамога» — менавіта пра той круіз фільм Гайдая «Брыльянтавая рука». Прычым Іван Мележ быў прызначаны старшым беларускай групы. Рым, Парыж, Амстэрдам, Стакгольм, Афіны… Вандроўка мары! Але ў падарожных нататках «Ліпень у дарозе» — абавязковай творчай справаздачы — аўтар, вядома, мусіў пільнавацца ідэалагічнай чысціні, не забываючы адпаведным чынам выказвацца: «Частка галандцаў вымушана гібець да сённяшняга дня на вадзе, у пабудовах, падобных ні то на баржы, ні то на лодкі». Ці не праўда, гучыць, як адсылка да «Людзей на балоце»? А паколькі працу над гэтым раманам Мележ якраз і пачаў, вярнуўшыся з еўрапейскіх прастораў, ці не ўспамінаў, сузіраючы амстэрдамскія каналы ды змаганне тамтэйшых людзей з вадою, роднае Палессе, параўноўваў з галандскімі рэаліямі… Але найбольш сілкавалі ягоныя творы ўсё-ткі іншыя падарожжы. Давайце наведаем разам з класікам дзесяць мясцін, якія пакінулі след у ягоным жыцці і ў ягоных творах.


Чытаць далей