Людмiла Рублеўская
ПАЦУЧЫНЫ КАРОЛЬ
А на бруку святлеюцца не аскалёпкi скрыжаляў –
Каляровыя змятыя стужкi, парваныя маскi.
Адгуляў карнавал.
Гараджане ўсю ноч святкавалi
Перамогу над шэрым натоўпам, хвастатым i ласым.
Зараз цэлымi будуць
каўбасы, сыры i вяндлiна.
Ноччу пернiк цукровы зубамi нiхто не накмецiць.
Пацучыны кароль пазiрае з падстрэшша бяссiла
На спустошаны горад
i мора, што сталася смерцю.
Як благаў ён, спрабуючы iх затрымаць,
патлумачыць,
Што людская мелодыя –
толькi атрута, не болей.
За музыкам пайшлi, папаўзлi, каб наяве пабачыць
Пацучынае шчасце,
краiну без страху i болю.
Пра каўбасныя дрэвы
свiрэль напявала iм ката.
I старыя з аблезлаю поўсцю, i пацучаняты
Беглi ў хвалi з надзеяй,
што рушаць да волi багатай.
I над горадам цень небыцця
распрасцёрся хвастаты.
Пацучыны кароль пазiрае бяссiла на горад.
Ды нянавiсць такая –
цi можа застацца бяссiлай?
Бо музыка вяртаецца,
злосны, бясхiбны i горды,
I рыхтуецца мора
людскою зрабiцца магiлай.