Людміла Рублеўская
РЭСТАЎРАЦЫЯ ВЯСЁЛКІ
каляровыя рэфлексіі
Падзеі афарбоўваюць памяць, як чорныя парушынкі з таямнічай назвай “перманганат калія” ваду. А пасля, як тая марганцоўка, што з агрэсіўна-пунсовай робіцца рудой, іржава-жоўтай, выцвітаюць, пакідаючы па сабе невыразныя плямы.
Першапачатковыя дзіўныя колеры гэтых плямаў яшчэ ўзнаўляюцца. Чырвоны, жоўты, сіні?… Не, зусім не! Шчыры спектр вясёлкі не пазначыў маё ўрбаністычнае існаванне. Мусіць, прыродная схільнасць узводзіць эмоцыі і адчуванні ў нейкі квадрат, здабываць з іх непатрэбныя дробы і лагарыфмы змяшала маю палітру. Вясёлка майго дзяцінства выгнула спектральны хрыбет, як дзікая белая котка, выкачаная ў пылку неверагодных кветак, соку траў і брудзе лужынаў. І я з цяжкасцю вылучаю асобныя адценні. Хаця гэта мне не да гонару. Свецкая пані колісь мусіла адрозніваць нават колер “хворай блыхі” ад колеру “блышынага брушка”.
Напэўна, я не свецкая пані.