Нават падчас круізу вакол Еўропы пісьменнік мроіў палескімі балотамі
«Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы.»
Пазналі першы абзац самага, мабыць, вядомага твора беларускай літаратуры? Нават калі забыліся — можна здагадацца: «Людзі на балоце». Першы раман «Палескай хронікі» народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. «Людзі на балоце» — вобраз настолькі пазнавальны, што яго ведаюць нават далёкія ад беларускай літаратуры. Цяжка даць веры, што калі Мележ прынёс рукапіс у рэдакцыю часопіса «Полымя», у яго было пятнаццаць варыянтаў загалоўкаў. Вылучаў два: адзін нам знаёмы, а другі — «Туманы над багнай». Уявіце, каб Мележ спыніўся на гэтай назве, чаго мы пазбавіліся б!..
Мемарыяльная дошка на доме па вуліцы Янкi Купалы ў Мiнску.
8 лютага Івану Мележу спаўняецца 100 гадоў. На так шмат наканавана яму было жыць і працаваць, памёр у 55. Але паспеў пападарожнічаць, і па створаным уяўленнем свеце, і па рэальным. Нават патрапіў у лік шчасліўчыкаў, якія на самым пачатку «адлігі», 4 ліпеня 1956 года, адправіліся з Ленінграда ў круіз вакол усёй Еўропы на цеплаходзе «Перамога» — менавіта пра той круіз фільм Гайдая «Брыльянтавая рука». Прычым Іван Мележ быў прызначаны старшым беларускай групы. Рым, Парыж, Амстэрдам, Стакгольм, Афіны… Вандроўка мары! Але ў падарожных нататках «Ліпень у дарозе» — абавязковай творчай справаздачы — аўтар, вядома, мусіў пільнавацца ідэалагічнай чысціні, не забываючы адпаведным чынам выказвацца: «Частка галандцаў вымушана гібець да сённяшняга дня на вадзе, у пабудовах, падобных ні то на баржы, ні то на лодкі». Ці не праўда, гучыць, як адсылка да «Людзей на балоце»? А паколькі працу над гэтым раманам Мележ якраз і пачаў, вярнуўшыся з еўрапейскіх прастораў, ці не ўспамінаў, сузіраючы амстэрдамскія каналы ды змаганне тамтэйшых людзей з вадою, роднае Палессе, параўноўваў з галандскімі рэаліямі… Але найбольш сілкавалі ягоныя творы ўсё-ткі іншыя падарожжы. Давайце наведаем разам з класікам дзесяць мясцін, якія пакінулі след у ягоным жыцці і ў ягоных творах.