Карусь
Калі камень б’ецца аб камень, высякаецца іскра.
Калі камень падае на зямлю, пакідае след.
Камень у дрыгве – гэта павольнае апусканне на дно, якога, можа, зусім і няма…
–Швэдар мне падарыў адзін бандыт. Куртачку – паэт, у якога сын жыве ў Канадзе. Начаваць на лецішчы пускаюць… Свет не без добрых людзей. Не без добрых…

Паэт Карусь, з якім Часлава толькі што зрабіла незапланаваную гутарку, прыжмурыўся, быццам у ягоныя шалёна-сумныя шэрыя вочы пасвяцілі ліхтаром, закінуў за спіну патрапаны заплечнік, і пайшоў з рэдакцыйнага кабінету – у нікуды, у вечнасць, у славу… А папраўдзе, на вакзал, адкуль шлях быў просты, як пляшка: электрычка-вёска-матчына хата. У доўгіх валасах Каруся заблыталіся срэбныя ніты, з якіх не спляцеш ні каштоўнага ланцужка, ні сілка на самую кволую мятлушку.
Гутарка атрымалася цікавай і дзіўнай.








