Прачнуўся Левіяфан…
Шпурляе наш карабель
Дыханнем яго… Няма
зацішша ні ў водным порце.
Не бачна ні зор, ні скал. Паветра гудзе, бы чмель,
Хто моліцца, хтосьці п’е, хто просіцца – “Годзе, годзе!”
Прачнуўся Левіяфан.
У труме сабраўся люд,
Каб вырашыць: хто зграшыў, каб гэтак угневаць неба?
А нейкі прыблуда спіць, паклаўшы пад галаву
Загорнуты ў лахманы
папірус і лусту хлеба.
Ён з намі не галасіў ад жаху і неспадзеўкі,
Ні літасці не прасіў, не кляў і не кляўся сам…
А значыць, яго віна. Напэўна, ён грэшнік рэдкі.
Няхай жа судзіць яго прабацька наш Абраам.
Прыблуда папірус свой за пазуху ціха сунуў,
Матросіку кінуў хлеб,
і нат спрачацца не стаў.
Сам скочыў за борт…
Ну вось, мы і ўратавалі судна.
Пакуль змагаліся мы –
паскуднік спаў ды чытаў.
Цяпер пачакаць крыху…
Павінны суціхнуць хвалі…
І раптам – блішчыць луска, нібы арханёльскі меч,
І нехта на ёй сядзіць і свой папірус чытае,
І зносіць Вялікі Змей яго беражліва прэч.
14.01.23